Да майстэрства – праз традыцыі

Адукацыя Культура Нумары

image_pdfimage_print

5505

У рамках абласнога фестывалю метадычных ідэй «Шляхі да майстэрства» ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшла творчая гасціная «Сцяжынкамі майстэрства. Сучаснасць і традыцыі».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагагічныя работнікі ўстаноў дадатковай адукацыі Нясвіжскага, Мінскага, Уздзенскага, Клецкага, Салігорскага раёнаў, г. Фаніпаля, гарадскіх пасёлкаў Смілавічы і Івянец, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.

Дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Брычкоўская зрабіла акцэнт, што мерапрыемства ставіць мэтаю захаванне лепшых традыцый роднага краю.

У ходзе прэзентацыі народнай самадзейнай студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка» яе кіраўнік Таццяна Несцярук дала магчымасць калегам паглядзець, як выяўленчае мастацтва раскрывае індывідуальнасць дзяцей, развівае творчы патэнцыял, фарміруе іх здольнасці да пазнання свету і дапамагае ў выбары прафесіі. Удзельнікі гасцінай пазнаёміліся з работамі вучняў, праектамі, дзейнасцю і традыцыямі студыі, дасягненнямі выхаванцаў.

З выставай работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вучняў і педагогаў «Вясновыя матывы», якая была прадстаўлена гасцям аб’яднаннямі па інтарэсах «Світ-дызайн», «Крэатыўная лепка», «Інтэр’ерная цацка», «Дэкупаж», «Каскад», «Бісерапляценне», «Стыльныя штучкі», пазнаёміла педагог дадатковай адукацыі Жанна Луцік.

У творчай майстэрні гасцей чакалі педагогі дадатковай адукацыі Наталля Маслава і Карына Страх: педагог-настаўнік і малады спецыяліст прадэманстравалі сумесную работу – спалучэнне інавацыйнай дзейнасці з традыцыйнымі формамі навучання.

Затым удзельнікі гасцінай былі запрошаны на святочнае прадстаўленне «А мы Масленку чакаем!». Усіх радавалі сюрпрызы, конкурсы, захапляльныя віктарыны.

Мерапрыемства завяршылася экскурсіяй «Родны кут праз творчасць мастакоў» па коласаўскіх мясцінах. З жыццём і творчасцю народнага паэта Беларусі Якуба Коласа пазнаёміла педагогаў загадчыца філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея песняра Софія Міцкевіч.

Ганна БУРДЗЕЙКА,намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *