Тыдзень вялікага баскетбола

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Цікаўныя аматары спорту, пэўна, ужо заўважылі на пляцоўцы каля будынка ФАКа службовы аўтобус з надпісам «Гарызонт». Так, каманда, якая прадстаўляе Мінскую вобласць, гасцюе, а больш дакладна, працуе ў Стоўбцах. У гульнявой зале нашага фізкультурна-аздараўленчага комплексу БК «Гарызонт» вядзе падрыхтоўку да рашаючага паядынку, у якім будзе адстойваць сваё права называцца мацнейшай камандай у жаночым баскетболе рэспублікі.

Апанент «Гарызонта» нязменны – «Цмокі-Мінск». Паміж гэтымі калектывамі і вядзецца ў апошнія гады спрэчка за лідарства. Па выніках мінулага года «Гарызонт» стаў чэмпіёнам, а «Цмокі-Мінск» – уладальнікам Кубка Беларусі. І ў чарговым чэмпіянаце абодва гэтыя калектывы, як правіла, адольвалі сапернікаў. У выніку турніру з удзелам васьмі калектываў «Гарызонт» стаў першым, «Цмокі-Мінск» у турнірнай табліцы – услед за ім. Аднак правіламі спаборніцтваў належала яшчэ даць шанц слабейшым. Нічога гэта не змяніла. Стаўбчане сталі сведкамі, што нашы, як цяпер іх называюць, «гарызонтаўцы» лёгка адолелі ў двух паядынках сапернікаў з Полацка.

Гульні стадыі паўфіналаў сапернікі праводзілі ў Мінску. «Цмокі-Мінск» адчулі сур’ёзнае супраціўленне канкурэнтак з гродзенскай «Алімпіі». А вось «Гарызонт» ва ўсіх трох запланаваных паядынках літаральна разграміў «Гомель-Сож». Сілу гэтых камандаў змаглі ацаніць і стаўбчане падчас сустрэч рэгулярнага чэмпіянату «Гарызонта» з камандамі Гродна і Гомеля.

Прыедзе нарэшце ў Стоўбцы і баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» з надзеяй на чэмпіёнскае золата 2017 года. Але ж і «Гарызонт» поўны рашучасці даказаць, што ў беларускім жаночым баскетболе яму няма роўных. Дарэчы, гэтыя каманды маюць у сваіх саставах членаў зборнай Беларусі. А менавіта жаночая баскетбольная дружына найбольш дастойна прадстаўляе нашу краіну ў гульнявых відах спорту ў міжнародных спаборніцтвах.

Так што, бясспрэчна, у Стоўбцах у наступныя суботу і нядзелю будзе вялікі баскетбол. Фінільныя гульні чэмпіянату Беларусі паміж камандамі «Гарызонт» і «Цмокі-Мінск» пачнуцца ў зале ФАКа 8 красавіка ў 16.00, 9 красавіка – у 13.00. Будзем хварэць за нашых, за прыгожы баскетбол!

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *