Санаторыі для дзяцей – бясплатныя

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

Вялікую дапамогу бацькам у захаванні і ўмацаванні здароўя іх дзяцей аказвае дзяржава. Надаецца асаблівая ўвага аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню падрастаючага пакалення, таму што дзеці – гэта наша будучае. Штогод у адпаведнасці з законам аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на гэтыя мэты выдзяляюцца сродкі. Усе непаўналетнія, якія маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні па медыцынскіх паказаннях незалежна ад сацыяльнага статусу, маюць права на такое лячэнне адзін раз на год за сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ці рэспубліканскага бюджэту.

На сучасны момант ёсць магчымасць накіроўваць дзяцей на санаторна-курортнае лячэнне не толькі ў здраўніцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і за яе межамі. У мінулым годзе за сродкі сацыяльнага страхавання аздароўлены 133 дзіцяці школьнага ўзросту, з іх у літоўскім санаторыі «Беларусь» горада Друскінінкай – 24.

Кругласутачна дзяцей прымаюць такія здраўніцы, як «Случ», «Налібацкая пушча», «Баравічок», «Свіслач», «Радуга», «Багатыр», «Чайка», «Зялёны бор». Дзіцячыя санаторыі шматпрофільныя, аказваюць медыцынскую дапамогу па ўсіх класах захворванняў – органаў дыхання, астматычных, органаў стрававання, зроку, пры захворваннях скуры, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай, мочапалавой, касцёва-мышачнай сістэм, функцыянальнага расстройства нервовай сістэмы. Усе санаторыі аснашчаны лячэбна-дыягнастычнай базай, прапаноўваюць комплекс лячэбных працэдур, камфортныя ўмовы пражывання, збалансаванае харчаванне, змястоўны адпачынак.

Падчас прабывання вучняў у санаторыі ў перыяд навучальнага года створаны неабходныя ўмовы для забеспячэння вучэбна-выхаваўчага працэсу, абсталяваны вучэбныя кабінеты з усімі неабходнымі тэхнічнымі сродкамі, нагляднымі дапаможнікамі, відэаматэрыяламі, метадычнай літаратурай. Для дзяцей і падлеткаў прадугледжаны розныя пазнавальныя, конкурсныя і забаўляльныя праграмы.

Важкі ўклад ў вырашэнне многіх вострых праблем дзяцінства ўносіць прэзідэнцкая праграма «Дзеці Беларусі». З году ў год асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню здароўя дзяцей, якія пражываюць і навучаюцца ў забруджанай радыёнуклідамі зоне. У першым паўгоддзі 2016 года ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Надежда» аздароўлены 77 вучняў Цясноўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага ў суправаджэнні педагогаў. У гэтым цэнтры работа з дзецьмі ажыццяўляецца на падставе ўласнай канцэпцыі рэабілітацыі і аздараўлення і праграмы «Захаванне і ўмацаванне здароўя», распрацаванай калектывам супрацоўнікаў цэнтра пры актыўным удзеле беларускіх і нямецкіх экспертаў. Для дзяцей працуюць гурткі рознай накіраванасці, дзе створаны ўмовы для развіцця іх здольнасцяў.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 «Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва» на кожным прадпрыемстве, у кожнай арганізацыі павінна быць створана адпаведная камісія для арганізацыі аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння як працаўнікоў, так і іх дзяцей. Пуцёўкі выдзяляюцца для дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, тэрмін санаторна-курортнага лячэння – 21 дзень. Цана пуцёўкі складае ад 600 да 800 рублёў, аднак яна выдзяляецца бясплатна. Таму бацькам неабходна выкарыстоўваць прадастаўленую дзяржавай магчымасць лячэння дзяцей у санаторыях, дзе яны могуць паправіць здароўе, выдатна правесці час, убачыць шмат новага і пазнавальнага, знайсці сяброў.

Па ўсіх пытаннях аздараўлення можна звяртацца па тэлефоне 7-75-03.

Раіса ЛАЗАР,галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Стаўбцоўскім раёне



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *