Беларусь і Расія ўрэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

Беларусь і Расія ўрэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні ў двухбаковых адносінах. Такі вынік праведзенай 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Сустрэча пачалася з абмеркавання трагедыі, якая здарылася, – узрыву ў метро Санкт-Пецярбурга. Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні Уладзіміру Пуціну. «Вельмі шкада, што так здарылася ў гэтыя хвіліны. Заўсёды думаеш аб тым, што дай бог, каб гэтым скончылася. Мы сутыкаліся, на жаль, у Мінску з такімі праблемамі», – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Па выніках перагавораў Беларусь і Расія дамовіліся аб сумесных дзеяннях у сферы забеспячэння бяспекі. «Вы бачыце, што адбываецца вакол. І мы хацелі б проста захаваць стабільнасць у Расіі і Беларусі. Ужо вельмі мала засталося ў гэтым свеце ціхіх, спакойных кропак. І мы дамовіліся аб сумесных дзеяннях па захаванні бяспекі ў нашых дзяржавах», – заявіў беларускі лідар.

На сустрэчы таксама былі вырашаны спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы. Бакі вызначылі адпаведную схему і знайшлі магчымасць для ўзаемных уступак.

Прэзідэнты пацвердзілі сваё імкненне стварыць да ліпеня 2019 года неабходныя асноватворныя правілы і ўмовы па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі. Пацверджана гатоўнасць зрабіць усё для таго, каб да 1 студзеня 2018 года распрацаваць сумесныя правілы па адзіным рынку газу.

Яшчэ адной важнай тэмай перагавораў стала развіццё ўзаемадзеяння ў аграрнай і прамысловай сферах. Бакі палічылі неабходным дэталёва абмеркаваць гэтыя пытанні падчас маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета і па яго выніках прыняць канкрэтныя рашэнні.

Шмат часу было ўдзелена абмеркаванню супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Расійскія спецыялісты ў хуткім часе наведаюць беларускія прадпрыемствы, адносна якіх у іх узніклі сумненні з пункту гледжання выканання фітасанітарных нормаў, і абмяркуюць з калегамі праблемныя пытанні ў гэтай сферы.

Лідары дзвюх дзяржаў удзялілі ўвагу і ўзаемаадносінам у сферы фінансаў, у канкрэтных галінах эканомікі, у тым ліку ў высокатэхналагічных сферах.

Асобна падчас перагавораў узнімалася праблематыка міжнароднага парадку дня.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў расійскаму лідару за тое, што, нягледзячы на падзеі, якія здарыліся, бакі знайшлі магчымасць сесці за стол перагавораў.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *