НЕЗАБЫЎНАЯ СУСТРЭЧАЗ ГЕРОЕМ
У тэрытарыяльным цэнтры прайшла незабыўная сустрэча – з воінам-інтэрнацыяналістам, уладальнікам ордэна Чырвонай Зоркі Ігарам Драздом.
Стаўбчанін Ігар Дрозд атрымаў ордэн за сапраўдны мужчынскі ўчынак – першым пайшоў на замініраваную тэрыторыю, каб не падстаўляць сваіх таварышаў, і падарваўся на міне. У Афганістане Ігар быў камандзірам аддзялення, намеснікам камандзіра ўзвода, служыў у правінцыі Файзабад. Некалькі гадоў таму грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» падтрымала яго спецпадарункам – легкавым аўтамабілем з лагатыпам арганізацыі. Такі аўтамабіль адзіны на ўсе Стоўбцы.
Жывымі пякучымі ўспамінамі пра падзеі нядаўняй гісторыі было напоўнена лютаўскае пасяджэнне ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту. Памяць аб загінуўшых у Афганістане і тых воінах-інтэрнацыяналістах, якія пайшлі з жыцця ў мірны час, была ўшанавана мінутай маўчання. Разам з айцом Георгіем удзельнікі пасяджэння запалілі свечку памяці, прыгадалі Стрэчанне Гасподняе і паразважалі аб галоўнай сустрэчы ў жыцці кожнага з нас – сустрэчы з Богам.
Пр
СКАРЫСТАЦЬ ДАПАМОГУ СЯДЗЕЛКІ
Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мае функцыі і патранажнай службы. У сувязі з гэтым загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Юхноўская прапанавала нам пагаварыць аб паслузе сядзелкі. Для сем’яў, якія сутыкнуліся з праблемай догляду састарэлых ці цяжкахворых членаў сям’і, які патрабуе пастаяннай прысутнасці побач, і не маюць магчымасці пакінуць работу і прысвяціць гэтаму ўвесь свой час, адзначаная сітуацыя становіцца цяжкім выпрабаваннем. Таму людзі з вялікай удзячнасцю скарыстоўваюць паслугі сядзелкі, якая прафесіянальна, з веданнем справы дапаможа справіцца з гэтай цяжкай задачай. У якіх жа выпадках можна звярнуцца па гэтую паслугу ў тэрытарыяльны цэнтр?
– Грамадзяне могуць скарыстаць дапамогу сядзелкі, калі ўрач дае на гэта медыцынскае заключэнне, – расказвае Алена Анатольеўна. – У такім выпадку людзі звяртаюцца ў цэнтр з пісьмовай заявай, прадаставіўшы акрамя дакументаў, што пацвярджаюць асобу і льготы, медыцынскую даведку, дзе павінен быць пазначаны функцыянальны клас па абмежаванні здольнасці да самаабслугоўвання і самастойным перасоўванні (ФК4), а таксама ў рэкамендацыях павінна быць указана, што чалавек мае патрэбу ў паслугах сядзелкі. Паслуга аказваецца ва ўмовах частковай ці поўнай аплаты згодна з прадпісанымі пунктамі нарматыўных дакументаў.
– Што ўваходзіць у абавязкі сядзелкі?
– Сядзелка ўвесь свой працоўны час знаходзіцца з нямоглым чалавекам і выконвае па доме ўсё, што патрэбна для догляду і арганізацыі быту: выкананне гігіенічных і лячэбных працэдур, калі ёсць патрэба, – памяняць падгузнікі, прыгатаваць ежу, пакарміць, прыбраць, арганізаваць прагулку на свежым паветры, выклікаць пры патрэбе ўрача, ажыццявіць прыём лекаў і т. п. Кошт паслугі сядзелкі ў дзень складае чатыры рублі, у месяц – 90 рублёў. Кантроль за добрасумленным выкананнем абавязкаў сядзелкі ажыццяўляе тэрытарыяльны цэнтр.
– Колькі штатных адзінак сядзелкі прадугледжана ў штатным раскладзе цэнтра?
– Калі ёсць запатрабаванасць гэтай паслугі ў людзей, то мы можам увесці столькі штатных адзінак, колькі патрабуецца. На сучасны момант у нас іх тры. Таму звяртаем увагу жыхароў раёна на магчымасць атрымаць такую паслугу і чакаем вашых зваротаў.
– Якія яшчэ сацыяльныя паслугі аказвае ваша аддзяленне?
– Можна адзначыць прадастаўленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, прадуктаў харчавання для дзяцей першых двух гадоў жыцця. Арганізоўваецца паслуга пагадзіннага догляду малых дзяцей ва ўзросце да трох гадоў для сем’яў, у якіх нарадзілася двое ці больш немаўлят адначасова, і для сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Аказваем разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі непрацаздольным грамадзянам, якія пражываюць у Стоўбцах. Аддзяленне займаецца пракатам тэхнічных сродкаў рэабілітацыі – палак, хадункоў, інвалідных калясак і т. п., і забеспячэннем тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі інвалідаў І і ІІ груп і інвалідаў па зроку. Аказваем малазабяспечаным і тым, хто мае вострую патрэбу, гуманітарную і спонсарскую дабрачынную дапамогу, калі яна паступае.
Па ўсіх пытаннях аказання сацыяльнай дапамогі па адзначаных у атрыкуле відах можна звяртацца па тэлефоне 5-15-94 у рабочы час.
Святлана ЖЫБУЛЬ
АД ПЯРВІЧКІ ДА ПЯРВІЧКІ
У Новым Свержані прайшла сустрэча «Ад чыстага сэрца», на якой сабраліся члены адразу дзвюх мясцовых пярвічных арганізацый – інвалідаў і ветэранаў.
Была яна не зусім звычайнай – у мясцовым Доме культуры, дзе прысутныя змаглі абмяняцца думкамі, расказаць пра свае клопаты, а таксама паслухаць канцэрт, з якім прыехаў з тэрытарыяльнага цэнтра хор «Родны кут» (мастацкі кіраўнік – Міхаіл Міткевіч). Салісты хору Яўгенія Шклярэвіч, Лілія Хамко, Мікалай Шэндзік, Іван Клімовіч – надзвычай яркі прыклад жыццёвай актыўнасці і аптымізму.
– З ветэранскай пярвічкай мы пачалі працаваць разам, і гэтая сустрэча – наша першае сумеснае мерапрыемства, – падзялілася старшыня Навасвержанскай пярвічнай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Ала Янская.
Сёння гэтая арганізацыя налічвае 48 чалавек, у тым ліку шэсць папоўнілі яе рады ў бягучым годзе. Якраз на сустрэчы «Ад чыстага сэрца» было ўручана пасведчанне аднаму з новых членаў – Васілю Станкевічу. У членаў пярвічкі ёсць жаданне, а галоўнае – імкненне жыць і быць карыснымі.
Пр