Бясплатнае донарства

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

804e

З сакавіка па снежань праводзіцца акцыя «Бясплатны донар – гонар Міншчыны» па прапагандзе і развіцці донарства крыві і яе кампанентаў на бясплатнай аснове.

Як праходзіць гэтая акцыя ў нашым раёне, мы даведаліся, наведаўшы аддзяленне пералівання крыві ў цэнтральнай раённай бальніцы. Яно – міжраённае, акрамя нашага раёна абслугоўвае, Нясвіжскі, Клецкі, Дзяржынскі і Уздзенскі. Загадчыца аддзялення, урач-трансфузіёлаг першай катэгорыі Ірына Пярхальская расказвае:

–             У адпаведнасці з ініцыятывай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб пераходзе да 2020 года на сістэму рэгулярнага, бясплатнага донарства крыві Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь зацвердзіла план мерапрыемстваў з мэтай прыцягнення да гэтага масавых слаёў насельніцтва. Бясплатнымі донарамі могуць быць грамадзяне нашай краіны, а таксама асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія не маюць захворванняў і стану, пры якіх здача крыві супрацьпаказана. Для здачы донарскай крыві штодзённа, акрамя суботы, нядзелі і святочных дзён, з 8 да 13 гадзін кожны можа звярнуцца ў паліклініку райбальніцы. Здача крыві і яе кампанентаў – высакародная і ганаровая місія для грамадзян Беларусі. Патрэбнасць у донарскай крыві для пералівання працягвае расці. У адпаведнасці з артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў» донар мае права адмовіцца ад атрымання грашовай кампенсацыі за выкананне донарскай функцыі. Мы таксама звяртаемся да жыхароў нашага раёна праявіць акт добрай волі і здаць бясплатна кроў ці яе кампаненты.

Людзі, якія з’яўляюцца донарамі, заўсёды выклікаюць вялікую павагу. Нездарма донарства называюць «ціхім подзвігам» у імя бліжняга. У спісе бясплатных донараў аддзялення пералівання крыві – больш за 30 чалавек. У нашым раёне 419 чалавек маюць званне «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», яны здалі кроў 40 і больш разоў. Сярод іх – людзі самых розных прафесій, у тым ліку і самі медыкі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: уверсе – донары Анастасія Каробка, Аляксандр Івашка, Дар’я Бондарава; унізе – забор донарскай крыві ва Уладзіміра Агальцова вядзе медсястра Кацярына Місюра; старшая медсястра аддзялення пералівання крыві Святлана Мікалаева.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *