Дапамагаюць дружыннікі

Нумары Соцыум

У мінулым годзе добраахвотная дружына філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы на чале з камандзірам Наталляй Жаўнерчык амаль 80 разоў выйшла на ахову грамадскага парадку ў горадзе, у тым ліку аказала садзейнічанне работнікам міліцыі пры правядзенні значных масавых мерапрыемстваў.

Гэта лепшы вынік сярод 18-ці добраахвотных дружын, якія функцыянуюць у раёне. Сем дружын дзейнічаюць у горадзе (у іх саставе – 47 членаў), 11 дружын – у сельскай мясцовасці (65 членаў).

– Летась імі спынена пяць дробных хуліганстваў, 45 фактаў распівання спіртных напіткаў і з’яўлення ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, дзясятак розных іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, – расказаў на пасяджэнні раённага штаба дружыннікаў намеснік начальніка райаддзела міліцыі Руслан Харута.

Дружыннікі, на рукаве якіх адмысловая чырвоная павязка, нясуць дзяжурства ў вячэрні час у парках і на вуліцах і, як правіла, разам з работнікам міліцыі. У выпадку самастойнага патрулявання яны паведамляюць аб заўважаных супрацьпраўных фактах у дзяжурную часць міліцыі. Міліцыя адразу на іх рэагуе. Такая форма ўзаемадзеяння і прафілактычнай работы з удзелам грамадскіх фарміраванняў засведчыла сваю эфектыўнасць.

Акрамя маторнікаў, традыцыйна сярод актыўных памочнікаў міліцыі значацца члены добраахвотных дружын ПМК-233, Стаўбцоўскіх электрасетак. Апошнім часам падцягваюцца да гэтага ўзроўню і дружыны на іншых прадпрыемствах, хоць не абышлося без крытыкі ў адрас аўтапарка №17, аб’яднання камунальных службаў, ДРБУ № 135 за невыкананне графіка выхадаў. Прадстаўнік дружыны дарожнікаў не з’явіўся на пасяджэнне раённага штаба. Начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан у адказ на крытыку зазначыў, што камунальнікі цесна супрацоўнічаюць з міліцыяй. Да прыкладу, сумесна адпрацоўваюць гарышчы, падвалы дамоў, расклейваюць лістоўкі на дошцы аб’яў і дзвярах дамоў, устанаўліваюць турнікеты ў месцах правядзення масавых святаў і т. п. Аднак прамыя абавязкі і грамадская нагрузка – розныя рэчы і, да таго ж, неабходна выконваць некаторыя тэхнічныя моманты, да якіх, да прыкладу, адносіцца фіксацыя ўдзелу дружыннікаў у спецыяльным журнале.

Летась на базе райаддзела міліцыі прайшлі чатыры семінары-вучобы для членаў дружын. Вырашана правесці такое мерапрыемства і ў бліжэйшы час.      

– Робім агульную справу – забяспечваем правапарадак у горадзе, – падкрэсліў ролю дружыннікаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

І кіраўніцтва большасці прадпрыемстваў імкнецца прастымуляваць дзейнасць членаў дружыны – прадугледжана прадастаўленне адгулаў, дадатковых дзён да чарговага водпуску і т. п. Камандзір дружыны СЭС Генадзь Пальчэўскі падзяліўся, што дырэктар прадпрыемства Уладзімір Рублеўскі пры падвядзенні вынікаў работы за мінулы год не пакінуў без матэрыяльнага заахвочвання і дружыннікаў.  

На пасяджэнні рённага штаба таксама не абышлося без узнагарод. Па выніках работы за мінулы год Падзяка старшыні райвыканкама ўручана камандзіру дружыны філіяла маторнага завода Наталлі Жаўнерчык, падзячнае пісьмо – аднаму з актыўных членаў гэтай дружыны – Віктару Аўгусцінчыку. Узнагароджаным – пажаданне: «Так трымаць!», астатнім – браць прыклад і цягнуцца да іх узроўню.

НА ЗДЫМКАХ: віншаванні – камандзіру лепшай дружыны раёна Наталлі Жаўнерчык; на пасяджэнні раённага штаба дружыннікаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *