Пераходны прыз – у налібацкіх жывёлаводаў

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

804g

Да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колясень.

– Мы арганізоўваем такія мерапрыемствы для таго, каб адзначыць вас, самых дастойных прадстаўніц сваіх калектываў, за нялёгкую працу, стварыць вам добры настрой, каб вы маглі пагутарыць, абмяняцца вопытам і змястоўна адпачыць, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч. – Прыемна бачыць вас сёння такімі прыгожымі, з густам апранутымі. Мяне, шчыра кажучы, перапаўняе гонар за ўвесь жаночы корпус аграпрамысловага комплексу. Мы цэнім вас за ваша майстэрства і вернасць выбранай прафесіі. Калі гаварыць пра вытворчыя справы, то наш раён займае сёмае месца па надоях малака ў вобласці, і гэта ваша заслуга. Аднак трэба старацца і надалей, каб увайсці ў тройку лепшых. Самых высокіх паказчыкаў дасягнулі жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі», «ААТ «Вялікі Двор» і «Каганец». Ладзяцца малочныя справы ў ААТ «Агранёманскі» і «Жацерава», ёсць спадзяванні, што ў будучым яны створаць канкурэнцыю сваім калегам. З добрай прыбаўкай працуюць работнікі фермаў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Дзераўное», рэалізоўваючы пры гэтым усё малако гатункам «экстра». У гэтых таварыствах папраўляецца эканамічная сітуацыя, ёсць грошы на рахунках. Трэба прыкладаць намаганні і жывёлаводам астатніх гаспадарак, бо агульны поспех залежыць ад нашай сумеснай работы, ад адказнасці кожнага на сваім рабочым месцы. Толькі ў такім выпадку вынікі з кожным годам будуць прырастаць. Дзякую ўсім вам за шчырую працу, жадаю высокіх надояў, дастойнай зарплаты і, зразумела, моцнага здароўя.

Заставацца такімі ж прыгожымі, задорнымі і непаўторнымі пажадаў жанчынам дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў. Ён адзначыў, што жывёлагадоўчая галіна – гэта штодзённая карпатлівая праца. Малако і мяса – экспартная прадукцыя, за якую наша краіна атрымлівае валюту, таму трэба старацца прымнажаць здабыткі. Уладзімір Міхайлавіч дадаў, што на шчодрай агранёманскай зямлі ўдзельнікаў злёту гатовы прыняць і ў наступным годзе, нават з больш шырокай праграмай. Са словамі ўдзячнасці за работу далучылася да выступоўцаў начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Галіна Шуранкова, якая падкрэсліла важнасць галіны, у якой працуюць жанчыны, бо яны, у прамым сэнсе слоў, кормяць людзей.

У малочных справах раёна на працягу некалькіх апошніх гадоў лідзіруе працавіты і зладжаны калектыў жывёлаводаў ТАА «СЖК «Налібакі», дзе надоена ў сярэднім ад кожнай каровы 8412 кілаграмаў малака. Гонар прадстаўляць перадавое таварыства выпаў аператарам машыннага даення Наталлі Банадысевай, якая з пачатку года мае самы высокі паказчык у гаспадарцы, Галіне Чыжэўскай, Жанне Каўпак і тэхніку-асемянатару Таццяне Міхно. Не здаюць перадавых пазіцый працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» , якія трывала замацаваліся на другім месцы па надоях малака і лідзіруюць па вытворчасці мяса. Падзяку за працу атрымалі аператары машыннага даення Людміла Марзалюк, Вольга Дабрыян, жывёлаводы Любоў Шарамук і Юлія Касякова. У тройцы лідараў і калектыў жывёлаводаў ААТ «Каганец». Дасягаюць высокіх надояў аператары машыннага даення Алена Рубін, Алеся Пермінава, Алена Райская і Ларыса Статкевіч.

Заслугоўваюць пахвалы руплівіцы ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Апладысменты гучалі ў адрас брыгадзіра МТФ «Пагарэлае» Зінаіды Ярашэвіч, ветэрана працы аператара машыннага даення Ніны Зяньковіч і яе каляжанак Кацярыны Навуменка і Валянціны Данілавай. Вылучаюцца стараннасцю работніцы фермаў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – даяркі Кацярына Кажамяка, Ірына Карповіч, Вольга Максімава і тэхнік-асемянатар Кацярына Кухарчык. Ненамнога адсталі ад сваіх калег добрасумленныя працаўніцы ААТ «Жацерава» ў складзе Людмілы Мілаванавай, Ларысы Вяргейчык, Таццяны Рудаман і Алены Арцюховіч, якія рупяцца аператарамі машыннага даення. Павялічваюцца паказчыкі ў ААТ «Агранёманскі», таварыства паступова паднімаецца ў рэйтынгавай табліцы. Шчыруюць Ірына Ермаковіч, Святлана Стахарнова, Алена Пугач і Таццяна Патапава. Дабрабыт ААТ «Вішнявецкі-агра» ствараюць Людміла Палягошка, Галіна Сергіевіч, якая завіхаецца на ферме больш за паўстагоддзя, Валянціна Калянко і Надзея Лешчанка. Шчыра віншавалі прысутныя руплівіц СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Ніну Лук’янчык, Галіну Жыбуль, Наталлю Юрыс, Вольгу Бычко. Апладзіравалі добрасумленным даяркам Наталлі Лапкоўскай, Алене Рослік, Жанне Высоцкай і тэхніку-асемянатару Марыі Руч’ёвай з ААТ «Дзераўное»; Алене Круглік, Вандзе Бенідзіктовіч, Алене Скорбеж, Жанне Мальчэўскай з ААТ «Рубяжэвічы»; Таццяне Мароз, Людміле Матусевіч, Людміле Толсцік, Галіне Коцел з ААТ «Рочавічы»; Вользе Жарнаковай, Надзеі Пятровай, Валянціне Ліпніцкай і жывёлаводу Таццяне Кладзько з ААТ «Радзіма Дзяржынскага»; Таццяне Барысенка, Аксане Свірскай, Святлане Юшкевіч і брыгадзіру Таццяне Дзям’янка з ААТ «Шашкі».

Пераходны прыз, заснаваны райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама чатырнаццаць гадоў назад у гонар праслаўленага ў мінулым аператара машыннага даення, Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Ярашэвіч, якім на працягу доўгага часу валодаў калектыў МТФ «Пагарэлае», а пяць апошніх гадоў яго ўтрымлівалі жывёлаводы МТФ «Вялікі Двор», быў уручаны працавітым работнікам МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі». Па выніках работы за мінулы год налібаччане сталі пераможцамі ў раённым спаборніцтве сярод калектываў малочнатаварных фермаў. Перадаючы хрустальны рог перадавому аператару машыннага даення таварыства Наталлі Банадысевай, Людміла Марзалюк выказала ўпэўненасць, што ў наступным годзе іх калектыў прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб вярнуць званне мацнейшага.

З заключным словам выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч, якая падкрэсліла, што добрая традыцыя ўшанавання лепшых жывёлаводаў раёна будзе працягвацца і надалей. Падзякавала жанчынам за іх нялёгкую працу, пажадала далейшых поспехаў у рабоце і шчасця ў асабістым жыцці.

Арганізатарамі і спонсарамі мерапрыемства выступілі райкам прафсаюза работнікаў АПК, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённы савет Аграпрамысловага саюза. Усе ўдзельніцы злёту атрымалі падарункі. Злёт праходзіў у дзень смеху, і па яго заканчэнні ўдзельніцы былі запрошаны на канцэрт расійскага гумарыста Генадзія Ветрава, які адбыўся ў Старасвержанскім цэнтры культуры.

Надзея БАТАЛКА,фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *