За здаровы лад жыцця

Нумары Соцыум

Праблема п’янства і алкагалізму прадаўжае заставацца ў ліку самых сацыяльна значных для нашай дзяржавы. Гэтая негатыўная з’ява прыносіць як грамадству ў цэлым, так і асобным грамадзянам вялікую матэрыяльную і маральную шкоду. З мэтай зніжэння ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь паслядоўна праводзіцца дзяржаўная палітыка. У краіне дзейнічае Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму. У нашым раёне створана і эфектыўна працуе камісія па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. На мінулым тыдні адбылося яе чарговае пасяджэнне.

Старшыня камісіі Сяргей Шэсцель адзначыў, што ў бягучым годзе камісія будзе праводзіць свае сходы з выездам на прадпрыемствы, бо ў 2016 годзе за распіванне спіртных напіткаў на рабочым месцы прыцягнуты да адказнасці 87 чалавек. Радуе, што тэндэнцыя ўжывання алкаголю зніжаецца, зніжаецца і смяротнасць ад знешніх прычын, ад атручэння алкаголем. Але ў гэтым накірунку яшчэ шмат работы.

Затым са справаздачай аб праведзенай рабоце па барацьбе з п’янствам і прафілактыцы правапарушэнняў у ТАА «Стоўбцыгазбуд» выступіла старшы інспектар па кадрах Уладзіслава Ланкевіч. Яна адзначыла, што з улікам спецыфікі работ і дзейнасці арганізацыі распрацаваны мерапрыемствы па ажыццяўленні арганізацыйных і прафілактычных мер па барацьбе з п’янствам. Камісіяй вядзецца работа па павышэнні дысцыпліны працы, прапагандзе здаровага ладу жыцця, эфектыўнасці работы з кадрамі. У гэтых пытаннях існуе ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам таварыства. Да асоб, якія дапускаюць парушэнні, прымяняюцца строгія меры дысцыплінарнага ўздзеяння. У 2016 годзе два працаўнікі прадпрыемства былі звольнены за знаходжанне на рабочым месцы ў нецвярозым стане. Фактаў беспакаранасці не існуе. Абавязкова праводзіцца алкатэст перад рэйсамі, на працягу рабочага дня і пасля рабочай змены. «Ёсць і недапрацоўкі, якія мы імкнёмся ліквідаваць і стварыць у калектыве здаровую атмасферу», – запэўніла Уладзіслава Віктараўна.

Справаздачу таксама трымалі старшыні камісій ТАА «СЖК «Налібакі», аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ДУП «ПМК-233» УП «Мінскаблсельбуд». Зразумела, у кожнай арганізацыі праводзіцца значная работа. Члены раённай камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам прыйшлі да высновы: патрэбна больш праводзіць прафілактычных мерапрыемстваў, сустрэч з моладдзю. Былі прапановы па адкрыцці ў райцэнтры маладзёжнага кафэ, дыскатэк. Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб адцягнуць нашу моладзь ад негатыўных з’яў жыцця, бо толькі здаровы чалавек з добрым самаадчуваннем, аптымізмам, высокай разумовай і фізічнай працаздольнасцю можа актыўна жыць, паспяхова пераадольваць прафесійныя, бытавыя і сацыяльныя праблемы.

У тандэме з усімі структурамі можна дабіцца станоўчых вынікаў у рабоце, у аздараўленні нашага грамадства.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *