Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

124c

ШЧЫРАЯ РУПЛІВІЦА

У Ніны Навіцкай хоць і не рамантычная, але вельмі важная і запатрабаваная прафесія на вёсцы – жанчына працуе тэхнікам па штучным асемяненні жывёлы. Шаснаццаць гадоў яна асемяняе кароў на МТФ «Ніўнае-цэнтр» ААТ «Дзераўное». Апошнім часам малочныя і мясныя справы ў таварыстве пачалі паступова папраўляцца, павялічваюцца надоі і сярэднясутачныя прывагі. У гэтым немалая заслуга і Ніны Вікенцьеўны, якая стараецца, добрасумленна выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі. Чалавек яна адказны і добра ведае, што, асемяняючы жывёлу, закладвае будучае малако. Ад таго, як спрацуе, будзе залежаць у бліжэйшыя гады дабрабыт гаспадаркі. Кіраўніцтва задаволена работай тэхніка-асемянатара.

Агульны працоўны стаж Ніны Навіцкай у гаспадарцы складае больш за трыццаць гадоў. Па адукацыі яна аграном, скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымала сюды накіраванне.

– Сама родам з Пільніцы, – расказвае Ніна Вікенцьеўна, – выйшла замуж за мясцовага хлопца і засталася. – У нас з мужам двое дзяцей – дачка і сын. Ёсць ужо і ўнучак. Прафесію змяніла, як выйшла з дэкрэтнага водпуску. Вучылася на курсах у Сенніцы. І не шкадую аб зробленым выбары, хоць і працую практычна без выхадных. Аднак уцягнулася і на іншай рабоце сябе не ўяўляю. Зразумела, нялёгка прыходзіцца, але мне да цяжкасцяў не прывыкаць.

 

ТРЭБА СУМЛЕННА ПРАЦАВАЦЬ

У зале пасяджэнняў райвыканкама прайшла сустрэча старшыні райвыканкама Юрыя Горлава з тэхнікамі па штучным асемяненні жывёлы сельгаспрадпрыемстваў раёна. На мерапрыемства былі запрошаны і галоўныя заатэхнікі гаспадарак.

– Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць праблемныя пытанні і падвесці вынікі работы за мінулы год, – звярнуўся да прысутных Юрый Мікалаевіч. – Запланаваныя паказчыкі вамі, на жаль, не выкананы, нягледзячы на тое, што за апошнія гады для тэхнікаў-асемянатараў створаны ўсе ўмовы для работы, істотна павялічылася заработная плата. У асобных сельгасарганізацыях справы наогул ідуць не лепшым чынам. Разумею, што не ўсё залежыць ад тэхнікаў-асемянатараў, але мы для таго і запрасілі вас, каб у шчырай размове ўстанавіць прычыну і пастарацца паправіць становішча. Задача ў жывёлаводаў адна – надойваць малако і вырошчваць мяса. Для таго каб мець грошы, у тым ліку на правядзенне рэканструкцый і будаўніцтва новых аб’ектаў. Сучасныя тэхналогіі дазволяць павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Кармоў у гаспадарках нарыхтоўваецца дастаткова, прычым неблагой якасці. Застаецца вырасціць высокапрадукцыйнае пагалоўе.

З інфармацыяй выступіла дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык, якая яшчэ раз падкрэсліла, што пастаўленая перад узнаўленчай службай задача не выканана. Замест запланаваных 96 дзён сэрвіс-перыяд у кароў складае 105 дзён і знізіўся толькі на два дні. І, у той жа час, добра працуюць у гэтым накірунку спецыялісты ТАА «СЖК «Налібакі», яны адзіныя ў раёне справіліся з заданнем. Невысокі сэрвіс-перыяд у ААТ «Каганец» і «Вялікі Двор». Значна знізіўся ён у ААТ «Агранёманскі» і паступова набліжаецца да нормы. Паляпшаецца гэты паказчык у СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Усяго па выніках мінулага года на фермах раёна атрымана 18 311 цялят, што на 1035 галоў больш, чым у папярэднім годзе. Лічба ў цэлым неблагая, але на 100 кароў ад кароў атрымана цялят практычна на ўзроўні леташняга. Не лепшым чынам ідуць справы ў ААТ «Жацерава», змінусавалі ААТ «Каганец», «Радзіма Якуба Коласа» і «Рубяжэвічы».

Людміла Эдуардаўна згадала, што апошнім часам выкарыстоўваецца многа спермы, бо вялікі працэнт паўторнага асемянення, а затрачаныя грошы на яе дадатковае набыццё можна было б накіраваць на закуп ветэрынарных прэпаратаў.

– Каб каровы былі здаровыя і своечасова пакрытыя, ім трэба ствараць камфортныя ўмовы ўтрымання. Абавязкова выганяць на прагулкі, што робіцца не ўсюды. Спецыялістам гаспадарак неабходна працаваць у цесным узаемадзеянні з ветслужбай раёна, выяўляць захворванні і лячыць кароў. Па-ранейшаму, і гэта праблема, застаецца даволі высокім сэрвіс-перыяд у пяршачак. Трэба шукаць прычыну і ўхіляць яе, – сказаў старшыня райвыканкама. – Дагэтуль не вырашана праблема сумяшчэння прафесій. Нельга, каб даярка, лабарант або брыгадзір сумяшчалі дзве прафесіі. Вельмі цяжка, а часам і немагчыма паспець іх як след выканаць. Адсюль пралікі і недабор прадукцыі.

За ўпушчэнні ў рабоце былі заслуханы спецыялісты ААТ «Жацерава», «Рочавічы», «Радзіма Дзяржынскага» і «Рубяжэвічы».

Падвёў вынік сустрэчы першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Дзяніс Сяргеевіч адзначыў, што павелічэнне заработнай платы тэхнікам-асемянатарам (сярэдняя за мінулы год склала 745 рублёў) асабліва не адбілася на паказчыках, яны засталіся практычна на тым жа ўзроўні. Такім чынам, на першым плане – чалавечы фактар. Многія спецыялісты па-ранейшаму не дапрацоўваюць на сваіх рабочых месцах. І гэта напрамую звязана, як было адзначана, з сумяшчэннем прафесій. З 49 тэхнікаў-асемянатараў сумяшчаюць абавязкі 32 чалавекі. Вывад адназначны: трэба наводзіць парадак у гэтай справе і спецыялістам больш сумленна адносіцца да сваіх абавязкаў – тады і паказчыкі павялічацца. А інакш ніякага прагрэсу ва ўзнаўленчай рабоце мы мець не будзем, а ў канчатковым выніку не будзе і высокіх надояў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *