Будні. Конкурсы

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

124a

Святлана Стахарнова працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Казейкі» ААТ «Агранёманскі». Яна прыехала з Казахстана сем гадоў назад. Спачатку працавала на Залужскай ферме памочнікам брыгадзіра, фуражырам. Затым пажадала даіць кароў.

– Спачатку было страшнавата, але падтрымала мяне і адкрыла сакрэты гэтай прафесіі Людміла Зянько, за што вельмі ёй удзячна, – сказала Святлана Юр’еўна. – Работа нялёгкая, але і зарплата добрая.

Чацвёрты год жанчына шчыруе на ферме. Летась атрымала адну з самых высокіх прыбавак – 1298 кілаграмаў – і надаіла ад кожнай каровы сваёй групы больш за 5,5 тысячы кілаграмаў малака. За такія паказчыкі была адзначана падзячным пісьмом райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункам. Сёлета прымала ўдзел у злёце перадавых аператараў машыннага даення. Святлана Юр’еўна гаворыць, што для таго, каб атрымліваць высокія вынікі, трэба прыкладаць старанне і абавязкова мець такое жаданне.

 

З ДЫПЛОМАМ І ПАДАРУНКАМ

У рэспубліканскім прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі», які праходзіў у апошні дзень сакавіка ў канцэртнай зале Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, прымаў удзел і жывёлавод ААТ «Дзераўное» Аляксандр Руч’ёў. Самадзейныя артысты аграпрамысловага комплексу паказвалі таленты ў харэаграфіі, вакале, інструментальным і арыгінальным жанрах. Аляксандр Уладзіміравіч выступіў як вакаліст, праспяваў песню «Белый лебедзь». Яго выступленне было ацэнена гучнымі апладысментамі. Пасля завяршэння праграмы журы выбірала лепшых. Аляксандру Руч’ёву не ўдалося першынстваваць, алё ён атрымаў дыплом удзельніка конкурсу, падарунак і кветкі, а таксама зарад бадзёрасці.

– Прыемна, што наш работнік прымаў удзел у складзе дэлегацыі ад Мінскай вобласці ў такім прадстаўнічым конкурсе, – сказала старшыня прафкама таварыства Галіна Карповіч. – Аляксандр сумленна рыхтаваўся, многа рэпеціраваў з дапамогай работнікаў нашага Цэнтра культуры і, лічу, выступіў у сваёй групе дастойна. Шматдзетная сям’я Руч’ёвых у нашай гаспадарцы навідавоку. Яны пастаянна прымаюць удзел у розных мерапрыемствах. І перамагаюць. Станавіліся лепшымі ў раённым і абласным конкурсах «Уладар сяла».

 

У ЗАЛАТОЙ СЯРЭДЗІНЕ

На абласным конкурсе аператараў машыннага даення, які арганізавалі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, наш раён прадстаўлялі вопытная даярка Алеся Дубіцкая з ТАА «СЖК «Налібакі» і маладая Марына Ясюкевіч з ААТ «Шашкі». Гэтае мерапрыемства праходзіла на базе ДУА «Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй» і ўключала тры этапы: тэарэтычную частку, даенне кароў, разборку і зборку даільнага апарата. Алеся Мікалаеўна і Марына Браніславаўна ўпершыню прымалі ўдзел у такім конкурсе, вельмі хваляваліся, але выступілі няблага. Па суме набраных балаў занялі месцы ў залатой сярэдзіне. Жанчынам уручылі прэміі і малочныя прадуктовыя наборы. Для канкурсантаў быў арганізаваны канцэрт.

– Нам спадабалася, адпачылі добра, пазнаёміліся са сваімі калегамі з іншых раёнаў, – сказала Алеся Дубіцкая. – Зразумела, хацелася выступіць лепш, але, на жаль, не атрымалася. Крышачку крыўдна, што не ўвайшлі ў лік прызёраў, але ёсць да чаго імкнуцца ў будучым. Пэўны вопыт выступлення мы ўжо маем.

Мэта конкурсу – удасканаленне прафесійнага майстэрства аператараў машыннага даення, павышэнне кваліфікацыі і прэстыжу гэтай прафесіі сярод моладзі сельскагаспадарчых арганізацый.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *