Вялікі баскетбол зноў прыйшоў у Стоўбцы. У мінулыя выхадныя ў зале нашага ФАКа вялі рашаючую спрэчку за званне чэмпіёнаў Беларусі сярод жаночых камандаў «Гарызонт» і «Цмокі-Мінск».
Гарызонтаўцы, якіх асабліва падтрымлівалі нашы балельшчыкі, вярнуліся з адказнага міжнароднага турніру ў Славакіі. Беларускія баскетбалісткі занялі там высокае пятае месца. Але, вядома ж, растрацілі шмат сіл, што і адбілася на ходзе фінальных сустрэч нацыянальнага чэмпіянату.
У суботняй сустрэчы ініцыятыву адразу захапілі ігракі каманды «Цмокі-Мінск», якія і перамаглі з лікам 71:56. Больш упартай была гульня на наступны дзень. І тут «Гарызонт» уступіў – 53:66. У мінчанак асабліва настойліва і вынікова дзейнічалі амерыканка Дэмід Рэйчал і Настасся Сушчык, у камандзе «Гарызонт» – Юлія Рыцікава.
Аднак чэмпіёнскі тытул пакуль нікому не прысуджаны. Спрэчка ідзе да трох перамог, і далей высвятляць адносіны каманды будуць у Мінску, на стадыёне «Цмокаў». Што датычыць далейшых баскетбольных стасункаў з «Гарызонтам», то кіраўніцтва каманды абяцае: у Стоўбцах будуць новыя сустрэчы. А пасля заканчэння нацыянальнага першынства ігракі зборнай Беларусі, якіх трэніруе настаўнік «Гарызонта» Наталля Трафімава, будуць рыхтавацца да ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы.
Ф. ФЯДОТАЎ