Вялікі дзякуй за дапамогу

Нумары Соцыум

Як страшна, калі хварэюць дзеці. У інтэрнэце часта мільгаюць складаныя дыягназы, сумныя дзіцячыя вочкі, цяжкія лёсы… Такім дзеткам патрэбна дапамога, у тым ліку і наша з вамі.

І як радасна ўсведамляць, што столькі людзей перажываюць і моляцца за хворых дзяцей – гэта такая магутная падтрымка! Мы ўдзячныя тым, хто не праходзіць, апусціўшы галаву, міма скарбонкі для ахвяраванняў для хворых дзяцей і дарослых, якія маюць патрэбу ў дапамозе, што стаіць на тэрыторыі кафедральнага сабора святой праведнай Ганны. Удзячныя за маленькія ахвяраванні і вялікія сумы (у студзені яны зноў былі!). Вялікую ўдзячнасць выказваем за дапамогу нашай прыхаджанцы Раісе Біруковай, якая аказалася ў бядзе. Беражы Госпадзі вас і вашы сем’і!

«Якая цудоўная раніца ў нас, сябры! Не перадаць словамі, як рада наша сям’я. Столькі добрых нераўнадушных сэрцаў адгукнулася на нашу бяду! Бясконца ўдзячныя вам за тое, што вы робіце для нас. Столькі людзей нас не ведаюць, і, можа, ніколі не ўбачаць нас, аднак яны пранікліся нашай бядой. Вы знайшлі ў сваім вялікім сэрцы месца для маёй дачушкі. Хочацца пажадаць вам усім здароўя, родныя. Збор сродкаў у нас застаецца адкрытым. Застаецца яшчэ практычна палавіна. Слёзы радасці не перастаюць у мяне быць. Нізкі вам паклон», – піша мама дзяўчынкі з Оршы. У іх з’явілася магчымасць выратаваць абодва вочкі дзіцяці, хоць урачы настойвалі на іх выдаленні. Дзяўчынцы ў сакавіку будзе толькі годзік.

«Дарагія нашы, бясцэнныя, добрыя людзі, зямны мацярынскі паклон вам ад мяне за ўдзел у лёсе Алёнкі. Няхай будуць здаровыя вашы дзеткі, міру і дабра ў вашы сем’і!» – дзякуе мама дзяўчынкі з Ліды.

«Сёння маем паступленні на дабрачынны рахунак Беларусбанка – плюс 50 рублёў ад Свята-Аннінскага храма г. Стоўбцы. Дзякуй вялікі за неацэнную дапамогу Сёмачку, падтрымку і дабрыню. Беражы вас Гасподзь!»

Гэта наша з вамі перамога. Бог жыве не ў словах, а ў любячым сэрцы. Дапамагайце таму, каму гэта неабходна. Нават калі ваша дапамога нязначная, але аказаная з чыстым сэрцам і шчырым жаданнем дапамагчы, яна будзе несувымерна вялікай у вачах Госпада. І не наракайце з-за таго, што не можаце падаць ахвяраванне ва ўсе скарбонкі адразу, ці на гэты раз наогул не атрымаецца даць капеечку – гэта не важна. Бог бачыць ваша сэрца, вашу душу, вашы намеры.

Таццяна ІГУМНАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *