Дапамогуць уладкавацца на працу

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

154

Раённы выканаўчы камітэт даводзіць да ведама насельніцтва, што ў кабінеце 101 райвыканкама (вул. Ленінская, 45) да 28 красавіка 2017 г. вядзе прыём камісія па працаўладкаванні грамадзян. Камісія працуе штодзённа з панядзелка па пятніцу з 16.00 да 18.00. Даведкі па тэлефонах: 5-15-81, 5-15-59.

У нашым раёне працягваюць працаваць раённыя камісіі па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян і па зборы на фінансаванне дзяржаўных расходаў на падставе палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Ахоплены ўсе населеныя пункты раёна. Цяпер, згодна з графікам, праходзяць пасяджэнні ў райцэнтры.

Варта пабыць на такім пасяджэнні, каб зразумець, наколькі патрэбную справу выконваюць члены камісіі ў рамках дзяржаўнай праграмы. На пасяджэнне прыходзяць не толькі тыя, хто ўнесены ў спіс непрацуючых, але і тыя, хто часова застаўся без работы, шукае дапамогі ў працаўладкаванні. Напрыклад, камісія з вялікай увагай прыняла маці з сынам-інвалідам. Юнаку 19 гадоў, ён мае кваліфікацыю карыстальніка камп’ютарам пасля курсаў. Куды б яны ні звярталіся наконт працаўладкавання, усюды патрабавалі працоўную кніжку, і статус інваліда таксама рабіў сваю справу – знаходзілася прычына не ўзяць яго на работу. Старшыня раённай камісіі па працаўладкавані незанятых у эканоміцы грамадзян, старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў пранікся праблемай гэтай жанчыны, па-бацькоўску беражліва аднёсся да юнака. Пасля разгляду многіх варыянтаў, яму нарэшце была прапанавана работа ў сельскагаспадарчым таварыстве раёна з прадастаўленнем інтэрната, магчымасцю прайсці навучанне і працаваць на камп’ютары. Прыемна бачыць шчаслівыя твары людзей. Адзін з вадзіцеляў, які доўгі час не мог уладкавацца, атрымаў работу па спецыяльнасці і быў такі шчаслівы, што, здавалася, гатоў быў абняць членаў камісіі. Накіраванне, што атрымлівалі запрошаныя на пасяджэнне камісіі, мае сілу, якая не пакідае наймальніку выбару – ён абавязаны прыняць на работу. На пасяджэнне былі выкліканы кіраўнікі, якія адмовіліся ўзяць на працу чалавека з такім накіраваннем. Яны трымалі адказ перад членамі камісіі.

Зразумела, у ліку тых, хто быў у спісах, ёсць людзі з залежнасцямі, якія не працуюць і жывуць, у большасці сваёй, за кошт сваіх пажылых бацькоў, ствараючы ім нямала праблем. Кожнаму з іх была прапанавана работа, прычым, у многіх выпадках, з правам выбару. І гэта рэальны штуршок для іх пачаць жыццё з чыстага ліста, ці хоць бы паспрабаваць гэта зрабіць з падтрымкай раённага выканаўчага камітэта. Як ім гэта ўдасца, пакажа час.

–             Коратка падводзячы вынікі работы камісіі па працаўладкаванні Стаўбцоўскага райвыканкама, трэба сказаць, – падагульняе член камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, – што з 10 красавіка камісія занята працаўладкаваннем грамадзян райцэнтра. Да гэтага камісія на працягу 12 дзён працавала ў сельскіх выканаўчых камітэтах. На сярэдзіну бягучага тыдня па пытаннях працаўладкавання ў камісію звярнуліся 596 чалавек. 253 з іх атрымалі накіраванні на працаўладкаванне, сем – на перанавучанне, 111 далі згоду на ўдзел у грамадскіх работах. Што датычыць працаўладкавання жыхароў горада, трэба адзначыць, што на сучасны момант ёсць больш за 400 вакансій, і гэта дае магчымасць усім прапанаваць месца работы. Акрамя гэтага, для грамадзян, якія не маюць спецыяльнасці, прадугледжаны грамадскія работы: каля 180 чалавек прымаюцца на збор камення ў сельскагаспадарчых арганізацыях, усе нашы дарожныя арганізацыі могуць прыняць па 20 чалавек для ўдзелу ў высечцы кустоў, стаўбцоўскі лясгас гатоў прадаставіць грамадскія работы 10 чалавекам, стаўбцоўскія электрычныя сеткі – 20 чалавекам. Так што нават грамадзяне, якія па тых ці іншых прычынах не маюць спецыяльнасці, могуць паўдзельнічаць у сезонных грамадскіх работах і зарабіць сродкі для жыцця. Камісія па працаўладкаванні будзе працаваць штодзённа да 28 красавіка. Звяртаемся да ўсіх жыхароў нашага раёна: калі ласка, прыходзьце з пытаннямі наконт працаўладкавання ў раённую камісію.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *