У горадзе і раёне

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

154b

У ДВАРЫ ДОМА-«АКСАКАЛА»

Гэтымі днямі, калі працягваецца месячнік добраўпарадкавання, пераўтварыўся двор аднаго са старэйшых шматпавярховых дамоў нашага горада.

Дом на два паверхі па вуліцы Чыгуначнай, 37, мае ўзрост больш за 90 гадоў. Размешчаны ён, як і падказвае назва, побач з чыгуначным вакзалам, у цэнтры горада. За шматгадовай гісторыяй дома крыецца і вялікі клопат, звязаны з яго добраўпарадкаваннем, прывядзеннем у парадак дваровай тэрыторыі. Акультурваннем двара, дзе доўгі час стаялі аварыйныя нічыйныя хлявы, якраз і заняліся работнікі ўчастка прыдомавай тэрыторыі аб’яднання камунальных службаў. Разбор дзевяці гаспадарчых пабудоў ім прыйшлося рабіць уручную. За тры дні ўправіліся.

– Сёння свеціць сонейка, а ўчора дождж ішоў, але ён нам не перашкодзіў, – зазначыла майстар участка Анжэла Місюкевіч, якая з граблямі ў руках шчыруе побач са сваімі падначаленымі – Наталляй Высоцкай, Ірынай Міцюля, Веранікай Марчэўскай, Аленай Торба, Аляксандрам Кандраціным, Аляксандрам Говенам, Віктарам Ларыонавым. Разам загружаюць тое, што засталося ад былых хлявоў, для вывазу на палігон цвёрдых бытавых адходаў у Новы Свержань. Аб’яднанне камунальных службаў «прыкамандзіравала» да іх аб’екта дзве адзінкі тэхнікі – аўтамабіль ГАЗ-53 і трактар. За рулём – Міхаіл Палаўко і Віктар Гасціла.

– На Чыгуначнай, 37, заканчваем работы і пераходзім на вуліцу Магістральную, 3. Там таксама прадстаіць знос нічыйных, даўно струхлелых хлявоў, – тлумачыць майстар. – У бліжэйшы час зоймемся ачысткай гарышчаў, падвалаў у камунальных дамах. Каля аднаго з дамоў у Сцяцках хочам зрабіць дзіцячую пляцоўку.

Пакуль камунальнікі ўсё падчышчалі, мы пагутарылі з жыльцамі дома-«аксакала». Лідзія Харкова выказала задаволенасць ад імя ўсіх, а пражываюць тут пераважна людзі немаладыя, пенсійнага ўзросту: «Хлявы гэтыя стаялі, як бяльмо на воку. Непрыгожыя… Месца займалі… Камунальнікі зрабілі тое, што нам не па сіле. Лягчэй стала дыхаць у двары», – заключыла Лідзія Канстанцінаўна. Яе суседкі Марыя Хвясевіч і Ганна Малеева дадалі, што ўсе разам гатовы працягнуць акультурванне свайго двара, яго азеляненне.  

Жыльцы гэтага дома выказаліся з асаблівай прыязнасцю пра Стоўбцы: «Горад невялікі, але ўтульны. Жыццё ў ім – са сваім размераным рытмам, асаблівымі клопатамі і радасцямі. Стоўбцы знаходзяцца блізка ад сталіцы і няма ніякіх праблем дабрацца да яе. Хацелася б, каб горад развіваўся і прыгажэў».        

НА ЗДЫМКАХ: работнікі ўчастка прыдомавых тэрыторый АКС наводзяць парадак у двары дома па вуліцы Чыгуначнай, 37.

 

ДАРОГІ РАЁНА

У красавіку, як і ў наступныя месяцы, дарожнікі ДРБУ № 135 працягнуць комплекс работ, звязаны з утрыманнем і добраўпарадкаваннем мясцовых дарог.

На іх балансе – 765 км дарог, і менавіта на стан мясцовых дарог, іх далейшае развіццё і адпаведнасць сучасным тэхналогіям і патрабаванням звярнуў увагу Прэзідэнт краіны. На вырашэнне задачы ў маштабах рэспублікі вызначаны бліжэйшыя чатыры гады. Сродкі на гэтыя мэты прадугледжаны з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, у тым ліку за кошт павелічэння адлічэнняў з дзяржаўнай пошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху.

Фінансаванне – у ліку актуальных для дарожнікаў пытанняў. Да прыкладу, напрыканцы мінулага года ДРБУ № 135, каб завяршыць асобныя аб’екты, перарасходавала ліміт сродкаў, – са спадзяваннем атрымаць у гэтым годзе кампенсацыю. Дарожнікі, каб зарабіць сродкі і развівацца, самастойна шукаюць старонніх заказчыкаў, у тым ліку і за межамі раёна. Так, на даны момант яны аказваюць свае паслугі ў Атоліне (Мінскі раён) на ўстройстве пешаходнай дарожкі. Запланаваны аб’ект і ў Стоўбцах – асфальтаванне тэрыторыі вакол былой стаматалогіі, якая рэканструюецца пад інтэрнат для медыцынскіх работнікаў.

А якія змены чакаюцца ў бліжэйшы час на мясцовых дарогах? Пасля зімы паўсюдна вядуцца ямачны рамонт і прафіляванне, свежая пафарбоўка дарожных элементаў. У Налібаках, Каменцы і Прудах запланавана будаўніцтва аўтобусных прыпынкаў, а ў Ругайцы і Старыне (аўтадарога Падгорная – Шашкі – Найдзёнавічы) – асфальтаванне асобных, найбольш разбітых, участкаў дарогі.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *