Слухаць людзей, але не патураць спажывецкаму настрою

Добраўпарадкаванне Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

154n

Месячнік добраўпарадкавання, што аб’яўлены да канца бягучага месяца, набірае абароты. Балазе, актывізацыі работ на вуліцы і ў дварах спрыяе і лагоднае красавіцкае надвор’е. Калі сустракаешся са стаўбчанамі, усё больш пераконваешся: у навядзенні парадку не можа быць людзей абыякавых. Наш удзел у гэтай справе павінен быць асэнсаваным, сумленным, каб не прыйшлося ні перад кім апраўдвацца і, тым больш, шукаць вінаватых. Гэта ж не нейкае «поле бітвы» за чысціню, а паўсядзённы клопат, норма жыцця і, па вялікім рахунку, паказчык нашай унутранай чысціні і культуры.

Прабачце за каламбур, з апошнім не ва ўсіх парадак. Асабліва праяўляецца гэта ў гарадскіх маштабах, дзе людзі жывуць кучней, бліжэй адзін да аднаго, ад таго і больш залежна. Калі камусьці не ўдаецца вырашаць пытанні па-добраму, па-суседску, шукаюць падтрымкі ў санітарнай і іншых службах.

Па праблемных адрасах, падказаных жыхарамі райцэнтра, і выехала санітарная камісія ў складзе ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Рык, участковага інспектара райаддзела міліцыі Паўла Сошкі і карэспандэнта газеты.

Адну з такіх сядзібаў на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Стадыённай не зблытаеш ні з якой іншай. Яна сярод дагледжаных суседніх дамоў – з разламаным плотам, агульным занядбаным выглядам. На тыльным баку ўтворана сапраўдная звалка. Гэта, натуральна, выклікала ў суседзяў негатыўную рэакцыю. На прылеглай тэрыторыі гаспадаром раскапана і не засыпана яма, з-за чаго аб’яднанне камунальных службаў не можа пад’ехаць і спілаваць аварыйнае дрэва…

Санітарнай камісіі ўдалося пагутарыць з суседзямі, а на дзвярах дома, вакол якога неабходна наводзіць парадак, вісеў замок. І ўсё-такі ўдалося звязацца з гаспадаром, які апошнім часам пражывае па іншым адрасе.

– Даём вам тэрмін да бліжэйшых выхадных, –папярэдзіла гаспадара ўрач-гігіеніст Наталля Рык. – Прыбірайце дваровую тэрыторыю, плот рамантуйце. За парадкам у двары вы абавязаны сачыць і тады, калі не пражываеце.              

У прысутнасці міліцыянера Міхаіл паабяцаў: «Паспрабую». Калі не стрымае слова, пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу. Чарговы раз дзівішся людской неахайнасці і самаўпэўненасці, таму што ўборка двара, калі разабрацца, ніякіх выдаткаў не патрабуе, – дастаткова сабраць адходы ў пакеты і вынесці ў кантэйнер. Можна загрузіць іх у машыну, якая курсіруе па вуліцах горада згодна з графікам. Яшчэ адзін варыянт вывазу адходаў – заказаць у дыспетчарскай службе АКС трактар. На гэтым – уся праблема, і добрасуседскія адносіны не папсуюцца.

Наступны выезд, на вуліцу Варашылава, фармальна быў звязаны з нясвоечасовым адпампоўваннем адным з прыватных домаўладальнікаў каналізацыйнага адстойніка, але закрануў тэму ўсё тых жа суседскіх адносін, павагі да суседа. Старэйшыя жыхары горада могуць прыгадаць, што раней ніхто не ведаў санстанцыі, інспекцыі прыродных рэсурсаў, – проста была адэкватная рэакцыя на просьбу ці заўвагу суседа. Тым больш, калі яна не надуманая, аргументаваная. Сапраўды, калі памыі расцякаюцца пад акно суседа, то які ж ты гаспадар?..

– Прыватныя домаўладальнікі нярэдка звяртаюцца ў санітарную службу з пытаннем абсталявання мясцовых каналізацыйных адстоўнікаў, – звяртае ўвагу Наталля Рык і тлумачыць: – Такі адстойнік павінен быць з воданепранікальнымі сценкамі і дном, са зручнымі пад’язнымі шляхамі. Трэба заключыць дагавор са спецыялізаванай арганізацыяй на вываз адходаў. Прадугледжаны пэўныя патрабаванні і з боку архітэктурнай службы.  

Выезд камісіі на вуліцу Лермантава засведчыў, што часта без агульнай згоды суседзяў увогуле немагчыма вырашыць пытанне. Што рабіць з калодзежам на землях агульнага карыстання, які калісьці гуртам будавалі, – дэманціраваць ці чысціць, добраўпарадкаваць і, такім чынам, мець рэзервовую крыніцу вады, – гэта залежыць толькі ад супольнага рашэння.    

У двары дома па вуліцы Ленінскай, 77, узнікла напружаная сітуацыя паміж работнікамі аб’яднання камунальных службаў і адным з жыльцоў, пажылой жанчынай. Гэтай бабулі сваякі дапамаглі разабраць стары куратнік, які стаяў у двары, але адходы адразу не вывезлі. Камунальнікі паскардзіліся на іх у санітарную службу.

Пры сустрэчы бабуля заявіла: «Дачка хацела заказаць у АКС трактар, але як даведалася суму за гэтую паслугу, 30 рублёў, мы адмовіліся. У выхадныя прыедзе ўнук і вывезе», – запэўніла яна.

Здаецца, канфлікт вычарпаны, але майстру АКС Анжэле Місюкевіч давялося выслухаць ад жыльцоў, «падагрэтых» скаргай, нямала папрокаў. Тэрыторыя двара не ўсюды спланавана. Смецце каля гаспадарчых пабудоў. Небяспека для дзяцей, якая, па словах жыльцоў, ідзе з нядзеючага калодзежа з прагніўшай накрыўкай… Зразумела, што ў камунальнікаў на ўсе двары горада адразу не хопіць ні тэхнікі, ні сродкаў, а ўборка смецця каля хлявоў, у якіх ёсць уладальнік, – гэта ўвогуле не іх работа. Аднак нельга не заўважаць аднаго важнага аспекта.

– Спажывецкім адносінам з боку жыльцоў ні ў якім разе патураць нельга, – падводзіць выснову Наталля Рык, – але і камунальнікі не дапрацоўваюць у шматпавярховым мікрараёне. На прыкладзе згаданай сітуацыі бачна, што ў першую чаргу трэба слухаць людзей, размаўляць з імі. Такія пытанні, як планіроўка тэрыторыі і т. п., – за АКС, а ўборка смецця каля прыватных гаспадарчых пабудоў, – абавязак жыльцоў. У АКС ёсць майстар па рабоце з насельніцтвам, які павінен прайсці па кватэрах, запрасіць жыльцоў на суботнік. Чаму не паставіць у двары прычэп, каб людзі маглі знесці смецце?.. Толькі тады, калі камунальнікі возьмуць ініцыятыву ў арганізацыі гэтых пытанняў у свае рукі, у нашых дварах і на нашых вуліцах не прыйдзецца ківаць адзін на аднаго, адзін на аднаго скардзіцца.        

НА ЗДЫМКУ: з жыльцамі дома па вуліцы Ленінскай гутараць участковы інспектар міліцыі Павел Сошка і майстар АКС Анжэла Місюкевіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *