З пасхальным настроем

Захапленні Культура Нумары

154x

На карце Міншчыны Стаўбцоўшчына камфортна заняла месца пастаяннага адрасата штогадовага адкрытага рэгіянальнага свята-конкурсу аздаблення велікодных яек «Велікодная пісанка». Свята праходзіць напярэдадні Святой Пасхі і заўсёды стварае адпаведны прыўзняты настрой.

У гэтым годзе яно адбылося чацвёрты раз і ўпершыню сабрала, акрамя майстроў з Мінскай вобласці, яшчэ і ўмельцаў з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Усяго паўдзельнічалі ў мастацкім конкурсе каля 60 умельцаў з 11 раёнаў і горада Мінска. Традыцыйна арганізатарам конкурсу з’яўляецца народны клуб майстроў народнай творчасці «Пралеска» Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры. Гэтае свята адметнае тым, што на ім прадстаўлены як хатнія калекцыі, так і правядзеннем майстар-класаў.

Прывітаць шматлікіх гасцей Стаўбцоўшчыны ад раённага выканаўчага камітэта прыйшла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль. Журы ўзначаліла загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова. У склад яго ўвайшлі таксама вядучы метадыст абласнога цэнтра народнай творчасці Ганна Вярыга-Мартыновіч, кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» Аліна Халявінская і члены гэтага клуба Андрэй і Ірэна Зянько.

На конкурс былі прадстаўлены як традыцыйныя віды аздаблення велікодных яек – роспіс фарбамі, воскам, інкрустацыя саломкай, шкрабанка, упрыгажэнне бісерам, – так і рэдкія – мастацкае выпальванне, ніткавы дызайн, а таксама велікодныя яйкі з гліны з аб’ёмным мастацкім упрыгажэннем. Іх прадставілі ганчары з Карэліцкага раёна, дзе вельмі развіты гэты від рамяства. Дарэчы, і чацвёртакласнік СШ № 2 г. Стоўбцы Мацвей Ганчаронак мае дома не толькі ганчарны круг, але і спецыяльную печ для абпальвання гліны. Гэтае майстэрства ў ім заахвочваюць члены народнага клуба «Пралеска» дзядуля і бабуля Аліна і Часлаў Халявінскія. Дарэчы, акрамя Мацвея Ганчаронка на свяце-конкурсе са сваімі работамі – роспіс воскам – прымала ўдзел і іх унучка Аляксандра Самахвалава, якая таксама прадстаўляла сярэднюю школу № 2.

Сярод маладога пакалення майстроў народнай творчасці Стаўбцоўшчыны актыўнымі ўдзельнікамі свята былі вучні Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Грыгарцэвіч, Марына Якоўчык, Анастасія Якоўчык, Яна Савіцкая, Анастасія Шумчык, Мікіта Ахрамейка, Дамініка Чуйко пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў Святланы Карніцкай і Наталлі Клемяціч. Унікальнасць работ Святланы Карніцкай заключалася не толькі ў найпрыгажэйшым аздабленні яек бісерам, але і ў афармленні гэтых калекцый – былі выраблены прыгожыя падстаўкі для яек і іншы мастацкі антураж. Святлана Іосіфаўна адзначана дыпломам у намінацыі «Лепшы настаўнік». Наталля Клемяціч атрымала лаўрэацкі дыплом ІІ ступені за аўтарскія работы ў тэхніцы драпанкі.

Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў адправіла на конкурс сваіх таленавітых удзельнікаў – Анастасію Слабейка, Вольгу Дудук, Алену Гарачка, Таццяну Янкоўскую, Маргарыту Буцька, Вікторыю Калкоўскую, Анастасію Мацука. Хатнюю калекцыю прадставіла выкладчыца гэтай школы мастацтваў Ганна Мартыненка. Старасвержанская сярэдняя школа славіцца тым, што тут ужо 20 гадоў працуе народная студыя «Чароўная саломка», заснаваная Алінай Халявінскай. Яе вучні Вікторыя Рамановіч, Марыя і Дар’я Калкоўскія, Ганна Яцэвіч прадставілі велікодныя яйкі, інкруставаныя саломкай і ў тэхніцы драпанкі. Яшчэ адзін таленавіты майстар работы з саломкай дзесяцікласнік гэтай школы Павел Гінтоўт падрыхтаваў калекцыю аўтарскіх работ, але не змог паўдзельнічаць у конкурсе – захварэў.

Гран-пры конкурсу атрымала Алена Кісялёва з Вілейскага раёна, якая прадставіла найпрыгажэйшую дамашнюю калекцыю велікодных яек, распісаных воскам, і правяла майстар-клас, які выклікаў вялікую цікавасць прысутных. Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны Вікторыя Рамановіч (Старасвержанская СШ), Мацвей Ганчаронак (СШ № 2), дыпломамі ІІІ ступені – Маргарыта Буцька, Вікторыя Калкоўская, Анастасія Мацука (Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў), Аляксандра Самахвалава (СШ № 2). Член народнага клуба «Пралеска» Іна Дрозд адзначана дыпломам за лепшую пасхальную кампазіцыю.

У дачыненне да той светлай атмасферы, якая панавала ў фае Цэнтра культуры, варта адзначыць і заслугу стаўбчанкі Галіны Дошчачка, вышытымі іконамі якой і беларускімі вышытымі ручнікамі была ўпрыгожана зала. Настрой стваралі выступленні вакальнага гурта «Світанак» Наваколасаўскага цэнтра культуры і супрацоўнікаў раённага Цэнтра культуры.

З дапамогай спонсараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Стаўбцоўскага філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната, цэха хлебапячэння райспажыўтаварыства, агракамбіната «Колас», Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната – свята-конкурс было выдатна падрыхтавана, а яго пераможцы акрамя дыпломаў атрымалі выдатныя падарункі – хрустальныя яйкі, і ўсе ўдзельнікі на памяць аб конкурсе – кубкі з лагатыпам «Велікоднай пісанкі». У фондах народнага клуба майстроў народнай творчасці захоўваюцца распісаныя яйкі з усіх чатырох праведзеных конкурсаў «Велікодная пісанка».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *