Ушанаваннем працавітых жывёлаводаў ТАА «СЖК «Налібакі», якія з’яўляюцца лідарамі ў раёне па вытворчасці малака, завяршылася аб’яўленая летась рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу акцыя «Наш жывёлавод», да якой супрычыніўся і Стаўбцоўскі райкам прафсаюза АПК. Падзячныя пісьмы і падарункі атрымаў 121 жывёлавод.
Старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч падзякавала ўсім за нялёгкую працу і адзначыла, што традыцыя ўшанавання руплівых жывёлаводаў раёна працягнецца і ў далейшым.
На МТФ «Целяхі» шчыруе зладжаны калектыў. Сярод аператараў машыннага даення асаблівай стараннасцю вылучаецца Галіна Чыжэўская. Галіна Вацлаваўна даволі доўгі час рупіцца ў жывёлагадоўчай галіне таварыства. Пачынала працаваць на свінагадоўчай ферме, а пасля закрыцця гэтага вытворчага цэха перайшла на малочнатаварную ферму. Паказвае прыклад у рабоце сваім калегам. Жанчына мае высокі паказчык па надоях малака і з’яўляецца адной з лепшых даярак гаспадаркі. У ліку адзначаных за шчырую працу слесар Валерый Дубіцкі. Валерый Фердынандавіч дзесяць гадоў даіў кароў. Маладога аператара машыннага даення неаднойчы ўшаноўвалі на розных мерапрыемствах, што праходзілі ў раёне. Не менш часу працуе ён і на цяперашняй сваёй рабоце, добрасумленна выконваючы ўскладзеныя на яго абавязкі.
Жанна Каўпак таксама не навічок у жывёлагадоўлі. Пачынала працу дзённай дзяжурнай, а апошняе дзесяцігоддзе рупіцца аператарам машыннага даення на МТФ «Церабейнае». Ферма перадавая, і ў гэтым немалая заслуга Жанны Іванаўны, якая забяспечвае неблагую прыбаўку па надоях малака. Шматдзетная маці паспявае на рабоце ўсё як след зрабіць і дома добрая гаспадыня. Клапатлівы занятак у цялятніцы Тамары Бычкоўскай, якая даглядае маленькіх цялят. У яе групе больш за шэсцьдзесят гадаванцаў. Тамара Яўгеньеўна любіць сваю работу і шануе жывёлу. Працавала папярэдне прадаўцом у магазіне. А па адукацыі яна – геолаг.
Наталля Пракаповіч з МТФ «Цэнтр» закончыла ў свой час Беларускі індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. А сцвердзілася ў прафесіі жывёлавода. Як і Людміла Трыпуць, якая працавала спачатку швачкай на фабрыцы мяккіх цацак, затым – у магазіне. Абедзве жанчыны працуюць дзённымі дзяжурнымі і ніколькі не шкадуюць ад зробленым выбары. Заработная плата дастойная і выплачваецца своечасова.
Ветэран працы Леанід Гарбацэвіч усё жыццё адпрацаваў жывёлаводам, апошнія дваццаць гадоў рупіцца дзённым дзяжурным на МТФ «Пруды». Шмат гадоў жыцця аддала прафесіі тэхніка-асемянатара Таццяна Міхно. Таццяна Вацлаваўна прыйшла на ферму пасля таго, як закрылі мясцовую школу, дзе яна працавала тэхнічкай. Навучыў яе гэтай рабоце муж, які працуе брыгадзірам фермы. Папоўніла свае веды ў Сенніцы і паспяхова спраўляецца з абавязкамі.
Другое месца па надоях малака і першае па вырошчанні мяса ялавічыны ўтрымліваюць жывёлаводы ААТ «Вялікі Двор». За высокія працоўныя паказчыкі і вернасць выбранай прафесіі былі адзначаны аператары машыннага даення МТФ «Вялікі Двор» Людміла Марзалюк – адна з самых вопытных працаўніц, дзве Наталлі – Мяшок і Хмель, Алена Швагерус. Усе жанчыны працуюць у даільнай зале. На МТФ «Асіпаўшчына» добрых слоў за шчырую працу заслугоўваюць Ірына Гудзь і Вольга Дабрыян. На комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы сумленнай працай вылучаюцца вядомыя ў раёне перадавікі Ірына Смецюх, Наталі Маісеева і Валерый Жылка, якія маюць немалы стаж работы ў жывёлагадоўчай галіне.
У тройцы прызёраў у малочных справах працаўнікі фермаў ААТ «Каганец». Атрымалі падзякі і падарункі за добрасумленную працу аператар машыннага даення МТФ «Засулле» Алена Райская і аператар рабатызаванай фермы Барыс Шэраш, даярка Святлана Казлова і слесар Віктар Касцюк з МТФ «Ячонка», аператар машыннага даення Любоў Клепчукова і жывёлавод Леанід Макась з МТФ «Зарэчча».
На здымках: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч (справа)уручае падзячныя пісьмы Валерыю Дубіцкаму і Галіне Чыжэўскай; тэхнік-асемянатар Таццяна Міхно; жывёлаводы Людміла Трыпуцьі Наталля Пракаповіч; аператар машыннага даення Жанна Каўпакі цялятніца Тамара Бычкоўская.
ЯК СПРАЦАВАЛІЎ САКАВІКУ
Вытворчасць малака ў сакавіку, хоць і не намнога, але павялічылася. У сярэднім ад кожнай каровы надоена 460 кілаграмаў малака, што на 11 кілаграмаў больш, чым за адпаведны перыяд летась. Найбольшая прыбаўка атрымана ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Дзераўное». Дзераўнянскія жывёлаводы перамясціліся на вышэйшы радок у рэйтынгавай табліцы. Пяць гаспадарак змінусавалі. Паказчык таварнасці малака не змяніўся.
У вытворчасці мяса вынікі застаюцца практычна на ўзроўні мінулага месяца.
Па-ранейшаму высокія сярэднясутачныя прывагі жывёлы ў ААТ «Вялікі Двор», другі паказчык у ААТ «Агранёманскі». Здаюць пазіцыі працаўнікі ААТ «Жацерава», працягваецца зніжэнне паказчыкаў у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара