Для ўраджаю

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

2204e

ПРАЦУЮЦЬ СТАРАННА І ЗЛАДЖАНА

Хлебаробы ААТ «Вішнявецкі-агра» ў ліку першых завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых, якія занялі плошчу 750 гектараў. Стаўку зрабілі на піваварны ячмень, засеялі ім 500 гектараў.

Хутка справіліся з гэтай работай дзякуючы добрасумленнай працы механізатараў, своечасова і якасна падрыхтаванай тэхніцы. Парупіліся сеяльшчыкі Віталій Шода і Аляксандр Самахвал, якія працавалі з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі.

– Яравую пшаніцу вырашылі не вырошчваць, бо яна менш ураджайная за ячмень, – расказвае в. а. галоўнага агранома Леанід Новік. – Падлічылі, што пры вышэйшай аддачы поля атрымаем большы прыбытак. Своечасова закрылі вільгаць, належным чынам падрыхтавалі глебу, заправілі яе рознымі відамі мінеральных угнаенняў. Пасеялі адзін з самых лепшых айчынных сартоў – «бровар». На палях, якія засеялі ў першую чаргу, ужо паказаліся ўсходы. Азімыя, пшаніца і трыцікале перазімавалі добра. Мы своечасова іх падкармілі. Не вымерз, не зрэджаны і рапс, якога пасеяна 300 гектараў. Падкормім увесь сульфатам амонія. У далейшым будзем прыкладаць намаганні, каб вырасціць сёлета дастойны ўраджай збожжавых.

На мінулым тыдні ў гаспадарцы прыступілі да сяўбы цукровых буракоў. Актыўна рыхтуецца глеба пад гэтую культуру, арганічныя ўгнаенні зааралі з восені. Згодна са складзенымі картаграмамі, уносяць на асобных участках, з мэтай павялічыць ураджайнасць, такія мікраэлементы, як бор і цынк. Насенне закупілі розных перыядаў усходжасці, каб уборку пачынаць паступова. Сто гектараў засеюць раннімі сартамі, частку – устойлівымі да засухі.

–Тэхналогія іх вырошчвання і догляду розная, але пастараемся ўсё выканаць як след, – працягвае гутарку Леанід Георгіевіч. – Прыкладзём намаганні, каб атрымаць з кожнага гектара не менш за 550 цэнтнераў салодкіх каранёў.

На мінулым тыдні вывеў на палеткі свой трактар «Беларус-920» з сеялкай «Манасем» вопытны механізатар Аляксандр Рачок (на здымку). Дваццаць сёмы сезон Аляксандр Аляксандравіч сее гэтую прапашную культуру, якая зойме сёлета плошчу 460 гектараў. Агульны працоўны стаж сейбіта налічвае трыццаць пяць гадоў. Штогод ён рупіцца разам з сябрам Віктарам Фурсевічам.

– У нас з ім практычна новыя трактары, другі год на іх працуем, – кажа Аляксандр Рачок. – Мой бацька ўсё працоўнае жыццё шчыраваў механізатарам, і я пайшоў па яго слядах. Праца нялёгкая, але прывык, уцягнуўся.

Пасля завяршэння сяўбы цукровых буракоў Аляксандр Рачок чапляе кукурузную сеялку.

«Каралева палёў» размесціцца сёлета ў гаспадарцы на 810 гектарах, сто з якіх пасеюць на зерне. Плануюць задзейнічаць чатыры сеялкі і справіцца з гэтай работай за дзесяць дзён. Насенне завезена, частка яго была пратручана, астатнюю колькасць апрацуюць самі. Заказалі эфектыўны прэпарат супраць шкоднікаў. Застаецца чакаць спрыяльнага надвор’я, бо зямля яшчэ халаднаватая.

Усяго яравы клін налічвае ў таварыстве 2322 гектары. Асаблівая ўвага ўдзяляецца кармавому полю. Высяваюцца аднагадовыя травы, вядзецца падкормка шматгадовых. Пасеюць 100 гектараў віка-аўсянай сумесі на збожжасянаж. Расшыраць плошчу пад такой высокабялковай травой, як люцэрна. Вопыт нарыхтоўкі кармоў для грамадскай жывёлы ў агранамічнай службы ёсць. І сёння жывёлагадоўчая галіна працуе з пераходным запасам сенажу і сіласу.

– Працуюць хлебаробы зладжана, прыкладаючы старанні, – сказаў дырэктар таварыства Віктар Худніцкі. – Большая палова механізатараў шырокага профілю, яны аднолькава якасна могуць выконваць розныя работы. Многае імі зроблена і робіцца для таго, каб атрымаць высокія ўраджаі збожжавых, прапашных і кармавых культур.

 

НА ПАЛЯХ РАЁНА (інфармацыя на 20 красавіка)

Яравыя культуры ў гаспадарках раёна пасеяны амаль на палове запланаваных плошчаў – 11 512 гектарах.

Практычна на трэцяй частцы – 854 гектарах – пасеяны цукровыя буракі.

Да сяўбы кукурузы прыступілі механізатары ААТ «Агранёманскі» і «Жацерава».

Аднагадовыя травы пасеяны на 948 гектарах, вышэйшыя тэмпы ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Агранёманскі».

Вапнаванне глебы завершана ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

У ААТ «Шашкі» пасеяна 312 гектараў шматгадовых траў.

 

НОВЫЯ САРТЫ БУЛЬБЫ

На гэтым тыдні ТАА «Аграцэнтр Сула» прыступіла да пасадкі бульбы, якая зойме тут сёлета плошчу 460 гектараў. Перавагу аддалі даўно вядомаму і запатрабаванаму ў гандлёвых сетках і спажыўцоў сорту «гала».

– Гэты ранні сорт мы садзілі і раней. Ён высокаўраджайны, мае выдатныя смакавыя якасці, таварны выгляд, лёгка мыецца і расфасоўваецца, устойлівы да хвароб, добра захоўваецца, – гаворыць дырэктар таварыства Эдуард Янкоўскі. – Астатнюю плошчу зоймуць еўраплантаўскія сарты «джэлі» і «рэд фэнтэзі». Садзіць бульбу вопытны механізатар Эдуард Бізгень.

Дарэчы, ТАА «Сула Плюс» завезла сёлета з мэтай размнажэння і тры новыя сарты – «кронэ», «бігроса» і «еўрастарч».

 

КЛОПАТ ПРА ЛЮДЗЕЙ –НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ

У ААТ «Дзераўное» ўслед за рэканструкцыяй былой гасцініцы распачалося і абнаўленне сталовай. Абодва аб’екты знаходзяцца ў адным будынку, толькі на розных паверхах. Работнікі харчовага блока задаволены. У планах кіраўніцтва не толькі замяніць вокны, а і правесці рамонт у абедзеннай зале, закупіць з цягам часу новую мэблю, посуд, кухоннае абсталяванне. З тыльнага боку шклопакеты ўжо ўстаўлены. Замацуюць над уваходнымі дзвярамі і пластыкавы казырок. Добраўпарадкуецца прылеглая тэрыторыя, палова яе ўжо агароджана новым плотам.

Сёлета мяркуюць у будынку сталовай адкрыць і магазін таварыства, у якім кожнаму працаўніку можна будзе набыць харчовыя тавары ў лік заработнай платы. Для людзей гэта будзе даволі зручна. Асартымент плануецца завозіць разнастайны. Як бачна, у дырэктара таварыства Юрыя Тарасевіча клопат не толькі аб вытворчых справах, якія апошнім часам пачалі папраўляцца, а і аб сацыяльнай сферы. Лепш работнікі сталі працаваць, больш прадаваць прадукцыі жывёлагадоўлі, з’явіліся грошы на рахунку. Цяпер ёсць магчымасць укладваць іх і ў іншыя цікавыя праекты. На наступным тыдні будзе зарыблена возера ў Беламошшы. Арганізацыя вольнага часу працаўнікоў у кіраўніка таксама на першым плане.

 

ЗАСТАЕЦЦА НА ЎЗРОЎНІ

За першы квартал з гаспадарак раёна на малакаперапрацоўчыя заводы рэалізавана 19352,5 тоны малака ў заліковай вазе. Якасць пастаўленага малака трымаецца па раёне на раней замацаваных пазіцыях. У разрэзе сельгаспрадпрыемстваў у сакавіку крыху палепшыўся паказчык у ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага», «Рочавічы». І, у той жа час, зменшыўся ён у ААТ «Рубяжэвічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Па выніках трох першых месяцаў у лідары выйшлі жывёлаводы ААТ «Агранёманскі», па-ранейшаму высокія паказчыкі ў працаўнікоў ААТ «Каганец», «Вялікі Двор» і «Вішнявецкі-агра».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *