Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

ГАЛОЎНАЕ – ВЕРЫЦЬ ВА ЎЛАСНЫЯ СІЛЫ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Выступленне кіраўніка дзяржавы адбылося падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. На мерапрыемства былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйнейшых прадпрыемстваў і сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладнага і своечасовага выканання даручэнняў, дадзеных падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў гатоўнасць і ў далейшым сустракацца з парламентарыямі, выпрацоўваць новыя формы стасункаў, каб абмяркоўваць актуальныя для краіны пытанні.

Прэзідэнту было зададзена больш за дзясятак розных пытанняў, якія датычаць развіцця вёскі, лібералізацыі дзелавой актыўнасці, перспектыў функцыянавання новага бязвізавага пяцідзённага рэжыму, развіцця рынку каштоўных папер, а таксама міжнароднай тэматыкі.

Прыярытэтнай задачай з’яўляецца стварэнне ў Беларусі трывалай і канкурэнтаздольнай эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

«Прыярытэт – стварэнне трывалай, канкурэнтаздольнай эканомікі. Эканомікі заўтрашняга дня. Менавіта яна з’яўляецца асновай нашага суверэнітэту. У сувязі з гэтым наперадзе каласальная работа. Але рабіць яе мы будзем ужо не з нуля. За чвэрць стагоддзя незалежнасці вырашаны многія няпростыя праблемы. Патэнцыял, які мы маем, дазваляе краіне дэманстраваць жыццеўстойлівасць нават у самыя неспрыяльныя перыяды. Гэта паказаў і папярэдні год», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Гледзячы на пакуты іншых народаў, крывавыя міжусобіцы і разруху, мы яшчэ больш цэнім парадак і згоду, якія ўдаецца захоўваць на нашай зямлі. Мы не далі ўцягнуць сябе ў канфлікты. Захавалі добрыя адносіны з усімі суседзямі. І я як кіраўнік дзяржавы з усёй адказнасцю заяўляю: будзе зроблена ўсё, каб ніхто і ніколі не змог падтачыць фундамент нашага дзяржаўнага будынка – свабоду і незалежнасць Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліў беларускі лідар.

«Аднак гэта магчыма толькі пры адной умове: калі кожны з нас будзе ўносіць пасільную лепту ў агульную справу. Галоўнае цяпер – кансалідацыя ўсёй нацыі дзеля агульнай мэты – пабудовы моцнай і бяспечнай дзяржавы», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што арыенцірам для пераадолення праблем і вываду краіны на новы ўзровень развіцця служаць рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу. «Неабходна навярстаць упушчанае і выйсці на зададзеныя параметры па выніках першых двух гадоў пяцігодкі. Таму гэты год набывае асаблівую значнасць», – заявіў кіраўнік дзяржавы. «Я ўжо гаварыў: іншага такога года не будзе, – дадаў Прэзідэнт. – Не зробім хаця б паўкроку наперад, баюся нават гаварыць, што можа адбыцца».

«Калі мы не зможам знайсці дадатковыя магчымасці для павелічэння паставак беларускай прадукцыі за мяжу, то цяжка будзе падняць нашу эканоміку на новы ўзровень. Таму трэба задзейнічаць усе рычагі для вытворчасці якасных, канкурэнтаздольных тавараў з высокай дабаўленай вартасцю», – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Паралельна неабходна ажыццяўляць дыверсіфікацыю экспарту, як бы ні было гэта складана. «Аднак рабіць гэта трэба без урону для нашых пазіцый на традыцыйных рынках, перш за ўсё, у Расійскай Федэрацыі. Дастаткова сказаць аб праграмах па імпартазамяшчэнні, да ўдзелу ў якіх нядаўна ў Санкт-Пецярбургу запрасіў нас і Прэзідэнт Расіі. Гэта ўпершыню прагучала з яго вуснаў. Калі ўвялі санкцыі, Расія зразумела каштоўнасць Беларусі ў тым плане, што беларуская эканоміка можа быць запатрабавана ў Расіі, у тым ліку па імпартазамяшчэнні», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Залішніх праверак, што паралізуюць бізнес, быць не павінна. Прадпрыемствы, якія нармальна працуюць, не трэба пастаянна правяраць. А вось нестабільныя, што трапілі ў гэты рад, павінны знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы. Яшчэ больш пільным, чым ёсць цяпер», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што Камітэт дзяржаўнага кантролю мае ўсе паўнамоцтвы, у тым ліку аператыўныя.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі сапраўды шмат адміністрацыйных бар’ераў. Яны тармозяць развіццё любой дзелавой ініцыятывы.

Паводле яго слоў, сумленная работа з’яўляецца залогам таго, што кантралюючыя органы не прыйдуць на прадпрыемства. «А калі прыйдуць, вельмі строга будзем з гэтым разбірацца. Хадзіць на прадпрыемствы, дзе кіраўнікі працуюць добрасумленна, не трэба. І не чакайце ніякіх дэкрэтаў – працуйце па жыцці сумленна і прыстойна», – падкрэсліў Прэзідэнт.

АДНОЙ З ВАЖНЕЙШЫХ ЗАДАЧ З’ЯЎЛЯЕЦЦА АКТЫВІЗАЦЫЯ ДЗЕЛАВОЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ.

«Першае, што нам трэба зрабіць, – змяніць стаўленне да інвестараў. Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінетах, каб укласці ў Беларусь свае грошы, а мы абавязаны забяспечыць яму зялёную вуліцу ў краіне. Усе пытанні павінны вырашацца аператыўна!» – запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

«Яшчэ адной кропкай росту з’яўляецца паўсюднае ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій. Яны ўжо шырока прымяняюцца ў ахове здароўя, адукацыі, банкаўскай сферы, на мытні. Ва ўжытак увайшлі электронны рэцэпт, школьны электронны дзённік, электронны банкінг, – адзначыў Прэзідэнт. – Але свет не стаіць на месцы. Нам неабходна больш актыўна ўкараняць інфарматызацыю ў сферы бытавых паслуг, гандлі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на транспарце, скарачаць папяровы дакументаабарот за кошт паўсюднага выкарыстання тэхналогій электроннага ўрада».

МЫ ПАВІННЫ ЎМЕЦЬ СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ ЛЮДЗЕЙ.

Такі падыход павінен быць уласцівы ўсім галінам улады, перакананы Прэзідэнт. «Людзей трэба слухаць і рабіць высновы, і дзейнічаць, дапамагаючы ім. Іншага не трэба. Гэта задача любой улады, любога дзяржаўнага служачага», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў новаму беларускаму парламенту, які выбраны мінулай восенню, актыўна працаваць у гэтым напрамку. «Сустрэчы з насельніцтвам, у акругах і працоўных калектывах, рэальная дапамога людзям у вырашэнні іх праблемных пытанняў – вось галоўныя задачы народных выбраннікаў. Трэба разам – мясцовай вертыкалі, дэпутатам усіх узроўняў, грамадскім арганізацыям – забяспечыць прамую, аператыўную сувязь улады і народа», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт неадкладна дае санкцыю на прыняцце дзейсных мер, калі яму дакладваюць аб фактах карупцыі. «Усе грамадска значныя затрыманні санкцыянаваны асабіста мной», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, напрыклад, аб вялікім карупцыйным затрыманні ў сталіцы, звязаным з арганізацыяй школьнага харчавання.

Асноватворныя прынцыпы ў барацьбе з карупцыяй застаюцца, як і раней, нязменнымі. «Гэта роўнасць усіх перад законам і немінучасць адказнасці незалежна ад займаемых пасад і былых заслуг. Менавіта такімі падыходамі кіруюцца нашы праваахоўныя органы, якія выкрываюць факты карупцыі і спыняюць розныя карупцыйныя схемы, – нагадаў Прэзідэнт. – Так будзе і ў далейшым».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць зрабіць вывады па сітуацыі па дэкрэце нумар 3. «Патрэбна новая канцэпцыя – прымусіць кожнага працаваць», – заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў краіне налічваецца амаль 350 тысяч чалавек, не занятых на рынку працы.

Ён звярнуўся да парламентарыяў: «Праблема ёсць, яе трэба вырашаць. Як будзем дзейнічаць? Зноў прапісаць, як мне прапанавалі: не працуеш – павінен нейкую суму ўнесці. Але вы ж разумееце, што 10 тысяч чалавек унясуць гэтыя грошы і забудуць. А астатнія да лютага або сакавіка наступнага года ні капейкі не ўнясуць. Яны і працаваць не пойдуць, калі іх не прымусіць. Ім прасцей выйсці на вуліцы, на плошчы і крычаць. А яшчэ падсунуць нейкую капейку за тое, што выйшаў на вуліцы, – так жа было. Таму патрэбна новая канцэпцыя – прымусіць кожнага працаваць».

ПРЭЗІДЭНТ ДАДАЎ, ШТО ТАКІ ВОПЫТ ЁСЦЬ – ВОПЫТ САВЕЦКІХ ЧАСОЎ.

Паводле слоў Прэзідэнта, асновай росту зарплат з’яўляецца павышэнне прадукцыйнасці працы. «Гэта задача комплексная. Тут завязаны такія праблемы, як далейшае пераўзбраенне старых і стварэнне новых вытворчасцей, укараненне сучасных тэхналогій, паўсюдная аўтаматызацыя. Патрэбна падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў высокага класа, здольных стаць галоўнай рухаючай сілай прагрэсу, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Але такія маштабныя зрухі – справа не аднаго года. А вось у чым мы зможам атрымаць імгненную аддачу, дык гэта ў паляпшэнні арганізацыі працы. Маецца на ўвазе комплекс мер, пачынаючы са скарачэння залішняй колькасці працуючых там, дзе гэта магчыма (ні ў якім разе людзей з прадпрыемстваў на вуліцу не выкідваць – пытанне павінна ўзгадняцца з органамі ўлады, чалавека трэба перавесці цераз вуліцу і накіраваць на іншую работу), выканання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны і заканчваючы сістэмай стымулявання работы. Трэба прытрымлівацца зразумелай схемы: вырабіў – прадаў – атрымаў. Няма якаснага, ліквіднага тавару – няма зарплаты».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ураду пастаўлена задача (усім – не толькі ўраду): забяспечыць у гэтым годзе сярэдні заработак па краіне не меншы за Br1000».

«Чалавечы капітал з’яўляецца для нас самай высокай каштоўнасцю. Паколькі гэта інвестыцыі ў будучыню. Здаровая, адукаваная нацыя з багатай культурай – аснова паспяховай дзяржавы», – падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што незалежная Беларусь была і застаецца дзяржавай для народа, дзе ўсе намаганні ўлады павінны быць сканцэнтраваны на дасягненні галоўных мэт – сацыяльнай справядлівасці, павышэння якасці жыцця людзей і іх дабрабыту. «Мы абвясцілі гэты прынцып яшчэ ў самым пачатку свайго суверэннага шляху і за чвэрць стагоддзя ні разу ад яго не адступілі. І адступаць не будзем», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што важнай задачай з’яўляецца павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця ў краіне. «У бягучым годзе яна павінна набліжацца да 75 гадоў. 74 – жалезна. Але гэта для нас не мяжа», – сказаў ён.

Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ні адна дзяржаўная сацыяльная праграма не была і не будзе спынена. Будуць пастаянна ўдасканальвацца метады работы ў адносінах да пажылых грамадзян. «Нашы ветэраны вайны і працы, якія абаранялі Радзіму, паднялі прамысловасць і сельскую гаспадарку, не застануцца без дапамогі дзяржавы. Ім і далей будзе забяспечана своечасовая выплата пенсій, памер якіх будзе павышацца разам з ростам заработнай платы», – адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, прадоўжыцца падтрымка сем’яў, малазабяспечаных і пажылых грамадзян, а таксама тых, хто страціў працаздольнасць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава ўдзяляе пільную ўвагу развіццю спорту. У Беларусі будуюцца сучасныя аб’екты: стадыёны, лядовыя арэны, плавальныя басейны, гульнявыя і трэнажорныя залы, спартыўныя дваровыя пляцоўкі. «Усё гэта для нашых грамадзян, для дзяцей – будучага нашай краіны. Кожны ўкладзены сюды рубель дае істотны эфект практычна ва ўсіх сацыяльных сферах. Здаровы, спартыўны чалавек і хварэе менш, і працуе лепш. Вельмі рады, што ў Беларусі ўсё больш людзей разумеюць гэта і актыўна ўключаюцца ў заняткі фізкультурай і спортам. Паглядзіце, з якім захапленнем пажылыя людзі гуляюць па парках, займаючыся скандынаўскай хадзьбой, плаваюць у басейнах. Сёння фізкультурай і спортам сістэматычна займаецца кожны пяты беларус. Гэта больш, чым раней. Але выключна мала ў параўнанні з развітымі краінамі, дзе такімі заняткамі ахоплена ад 40 працэнтаў да 70 працэнтаў насельніцтва», – адзначыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт прапанаваў пазней пачынаць вучэбны дзень у школе. Ён расказаў на прыкладзе сваёй сям’і, як цяжка вучыцца цяперашнім школьнікам: учора ў сына было сем урокаў, кожны дзень дзіця прачынаецца паўсёмага. У гэтым пытанні неабходна разабрацца, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, і пачынаць вучобу ў школе ў 9 гадзін раніцы (а не ў 8, як цяпер. – Заўвага БелТА), і не глядзець на тое, што многім бацькам трэба раней на работу.

«Чаму б не даць дадатковую гадзіну раніцай дзіцяці паспаць?» – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Магчыма, для старшакласнікаў гэта нармальна. А малышам, якія ўсё роўна позна кладуцца спаць? Непарадак у школе, нават у элементарных рэчах», – лічыць Прэзідэнт.

Беларускі лідар таксама засяродзіў увагу на дрэнным здароўі ў дзяцей. Увесь свой вольны час яны вымушаны траціць на вучобу. «Калі дзіця займаецца яшчэ і спортам, а гэта неабходна, то проста бяда. Яно не вытрымлівае такі тэмп», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Суверэнітэт і бяспека Беларусі – гэта святое. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, замахі на гэтыя каштоўнасці недапушчальны. «Вы павінны разумець, што для мяне і для ўсіх прадстаўнікоў органаў улады, якія сядзяць тут, і пераважнай большасці беларускага народа стабільнасць, бяспека нашай дзяржавы, незалежнасць і суверэнітэт – гэта святое. І калі нехта на гэта замахнецца, мы прыменім усю моц нашай дзяржавы. Мы не паглядзім на тое, як нас потым ацэняць», – сказаў Прэзідэнт.

Паводле матэрыялаў БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *