Праз 31 год пасля аварыі на ЧАЭС

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

2904m

ПРОСТА ЖЫЦЬ…

За сваё жыццё Уладзімір Сайкоўскі, а ён адзначыў напрыканцы мінулага года «пенсійны» юбілей, пабудаваў сваімі рукамі два дамы. Адзін – у Нараўлянскім раёне на Гомельшчыне, на роднай зямлі, дзе і разлічваў жыць з сям’ёй, другі – на Стаўбцоўшчыне, куды лёс «перасяліў» пасля чарнобыльскай трагедыі…

Да Чарнобыля

Уладзімір працуе ў ПМК -233, муляр па спецыяльнасці, прычым, як ахарактарызаваў яго майстар Анатоль Катлоў, – добры муляр. І сам Уладзімір, калі разгаварыўся, нібыта пацвердзіў сваю кваліфікацыю: «Мне гэтыя цагліны класці – што некаму перабіраць пячэнне…»  

Нядзіўна, што з падобнай арганічнасцю адносіцца да сваёй работы той, хто вырас у вёсцы. У бацькі калісьці была моцная гаспадарка. А яшчэ – 40 сотак зямлі, вялікі сад. І ён з братам, сястрой дапамагалі ўпраўляцца з усім гэтым. Пасля васьмі класаў паступіў у вучылішча горада Бабруйска, дзе і атрымаў прафесію муляра. Свой першы прафесійны і жыццёвы вопыт замацаваў на будаўніцтве аднаго са знакавых аб’ектаў нашай краіны – Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Служба ў арміі праходзіла таксама па спецыяльнасці, у «стройбаце», таму дадому прыехаў не з пустымі кішэнямі. Калі неўзабаве ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, гэтыя грошы разам з «вясельнымі» леглі ў падмурак уласнага дома ў Нароўлі.  

Каробка вырасла хутка, яе аздобіла аддзелка, таму што на дапамогу прыйшла ўся дружная радня – брат, бацька, цесць. «Нават жонка падавала цагліны», – не забывае такое Уладзімір. А з братам яны на пару працавалі ў Нараўлянскай ПМК, будавалі шмат якія аб’екты. Гэтая ПМК накіравала іх у Гомель на абласныя спаборніцтвы сярод муляраў, дзе іх сямейны «падрад» заваяваў першае месца. Уладзіміру ўручылі падарунак – радыёпрыёмнік, брату – фотаапарат.

У Сайкоўскага атрымаўся вялікі дыхтоўны дом. На век і больш узводзіў яго, бо «з дуба клаў лагі пад падлогу». І фактычна не дом атрымаўся, а сядзіба пад ключ, разлічаная на тое, каб мець ад зямлі, на якой жывеш, і прыбытак, і асалоду. У іх з Людмілай ужо падрасталі дзве дачкі. Побач – вялікая радня. Прыпяць была ракой дзяцінства. Жыць бы ды жыць на родным прыпяцкім прыволлі!

Уладзімір толькі давёў усё да ладу, падумаў аб перадышцы, як выбухнуў у 1986-м на Чарнобыльскай АЭС ядзерны рэактар.

– Абстаноўка, – успамінае мой суразмоўца, – была трывожная, нервовая. Жанчын з дзецьмі адразу адправілі на Гродзеншчыну. Памідораў нарасло шмат, а куды іх дзяваць? Скормліваў з мукой свінням… Пазней усе сталі сем’ямі выязджаць у «чыстыя» раёны Беларусі. І мы вырашылі ехаць. Дзеля дзяцей, яны ў нас і так былі хваравітыя. Для пераезду можна было выбраць Мінск. Але кватэра – гэта не па мне. Я люблю корпацца, нечым займацца. У ПМК мы сабралі сваю брыгаду і прыехалі на Стаўбцоўшчыну. Жылі ў інтэрнаце, але за год пабудавалі сабе дамы ў мікрараёне Акінчыцы і перавезлі сем’і.

Дарэчы, у знакамітых на ўвесь свет Акінчыцах, атуленых Коласавым лесам, вырас цэлы добраўпарадкаваны пасёлак для тых, хто пераехаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў.  

Пасля…

У размове Уладзімір, які на Стаўбцоўшчыне ўжо амаль трыццаць гадоў, часта паўтарае: ведаў бы, нікуды з родных мясцін не скрануўся б. Засталіся ж там жыць брат з сястрою, бацька. Апошняга не стала леташняй восенню, у 88. Маўляў, каму як пашанцавала…

Абедзве дзяўчынкі Уладзіміра і Людмілы, нягледзячы на гаючае паветра на новым месцы жыхарства ды казінае малако (спецыяльна для іх бацькі завялі козаў, трымалі іншую жыўнасць), хварэлі. Бацькі стараліся ўсяк іх лячыць. Матулі прыйшлося забыць пра працу і займацца толькі іх здароўем. Бацька здабываў грошы на лячэнне. Матаўся па расійскіх і іншых «шабашках». Аднак лёс так распарадзіўся, што Ганны, іх старэйшай дачкі, не стала ў 2007-м, малодшай, Марыны, – у 2008-м годзе. Дзяўчаты «згарэлі» за год, адна за адной, асіраціўшы сваіх бацькоў… Гора іх невымернае. І ўжо абсалютна не прынцыпова, ці звязаны былі хваробы дачок з радыяцыйным уздзеяннем.

У гэтай сітуацыі цяжка знайсці словы суцяшэння для мужа і жонкі Сайкоўскіх, аднак яно ёсць. І суцяшэнне – у іх саміх, у тым, што яны ёсць адно ў аднаго, ідуць поруч няпростым, але годным чалавечым шляхам. «Бог даў мне такую жонку!» – і голас Уладзіміра іграе пачуццём, у вачах загараецца агонь удзячнасці.

Ён расказвае пра сваю Людмілу, іх адносіны: «Жонка начавала пад дзвярамі аперацыйных. Перажывала. У яе сівізна на валасах. Але пафарбуецца і трымаецца. У доме парадак, мір. Ходзім на работу, хоць і на пенсіі. Людміла – санітарка ў бальніцы. Як нам жыць без работы?!. Часта ездзім на радзіму…»

Аказалася, што завозіць іх туды, і ўвогуле падтрымлівае ў горы і радасці, Павел, Марынін знаёмы. З маладым чалавекам дачка пазнаёмілася ў бальніцы. Да гэтай пары ён так і не жаніўся. Паўлуша, прызнаецца Уладзімір, стаў для іх як сын.    

Свет не без добрых людзей. Застаецца проста жыць…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЧАС АЧЫШЧАЕ ЗЯМЛЮ

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС закранула і Стаўбцоўшчыну. Яе тэрыторыя на плошчы 1500 га (0,7 працэнта) была падвержана забруджванню. Радыяцыйныя ападкі выпалі пераважна над былым Цясноўскім сельсаветам.  

– Найбольш пацярпела Кульское лясніцтва. У ім на плошчы звыш 100 га шчыльнасць забруджвання цэзіем-135 складала 2,5 ки/км2, – каменціруе начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр САРОКА. – У лік забруджаных трапіла і частка асабліва ахоўваемых тэрыторый. Іх, само сабою, насялялі і насяляюць дзікія жывёлы. Яны мігрыруюць. Пры іх адстрэле праводзіўся радыяцыйны замер тушаў і, цікава, што ў нашым раёне не было выпадкаў перавышэння ўстаноўленых нормаў. У зоне забруджвання аказаліся лес і землі сельгасарганізацый, населеныя пункты – Пятрылавічы, Мешычы, Хатава, Куль, частка Цеснавой. Гаспадарчая дзейнасць на забруджаных землях была спынена. У лясных масівах устаноўлены інфармацыйныя аншлагі аб забароне збору грыбоў і ягад.

– Якія мерапрыемствы праводзіліся ў раёне, каб зменшыць наступствы радыяцыйнага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе?

– Цэзій-137 – адзін з галоўных кампанентаў радыеактыўнага забруджвання біясферы. Ён інтэнсіўна сарбіруецца глебай і доннымі адкладаннямі. Праблема вырашаецца пераважна праз комплекс сельскагаспадарчых ахоўных мер, таму што каля 70 працэнтаў калектыўнай дозы апрамянення фарміруецца за кошт паступлення радыенуклідаў у арганізм з прадуктамі харчавання. Вапнаванне кіслых глебаў, унясенне павышаных доз мінеральных і арганічных угнаенняў, падбор культур і сартоў – найбольш эфектыўныя ахоўныя меры. Крытэрыем іх эфектыўнасці з’яўляецца атрыманне прадукцыі з утрыманнем радыенуклідаў у межах дапушчальных узроўняў.        

– Аляксандр Генадзьевіч, якая сёння абстаноўка на забруджаных тэрыторыях раёна?

– Перыяд паўраспаду цэзію-137 і іншых радыенуклідаў складае 30 гадоў. З моманту аварыі прайшоў 31 год. Паступова час лечыць, ачышчае гэтыя землі. І сведчаннем таму служыць тое, што афіцыйна яны ўжо выведзены са спісаў забруджаных тэрыторый. Умоўна на іх можна збіраць грыбы і ягады, але гэтыя дары лесу абавязкова трэба правяраць на наяўнасць радыенуклідаў. Лабараторныя даследаванні праводзіць раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *