На аб’ектах добраўпарадкавання і сацыяльнай значнасці

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

2904x

2904v

У мінулую суботу на Стаўбцоўшчыне прайшоў рэспубліканскі суботнік. Удзел у ім, нягледзячы на дажджлівае і ветранае надвор’е, прынялі 11,5 тысячы чалавек. Для ўсіх былі вызначаны аб’екты працы. Гэта ўборка замацаваных вуліц і прыдарожных палос, пабелка дрэў і разбіўка кветнікаў.

Так, работнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама дружна займаліся падсыпкай прылеглай тэрыторыі, засявалі яе травой для ўмацавання адкосаў. Частка работнікаў аддзела працавала на падрыхтоўцы да сезона дзіцячага аздараўленчага лагера «Нёман». Яшчэ частка, разам з вялікай групай работнікаў ЦРБ, – выграбала сухія галіны і прыбірала смецце ўздоўж вуліцы Магістральнай.

Працягнуліся работы, распачатыя падчас раённага суботніка, і на ўчастку «брукаванкі», прызнанай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Задзейнічаны тут былі работнікі аддзела статыстыкі, Стоўбцыгаза, занальнага вузла электрасувязі, райвыканкама, ДРБУ № 135. Дарожнікі і сувязісты прадаставілі неабходную тэхніку. Брыгада АКС на чале з Анатолем Покам займалася новымі клумбамі на скрыжаванні вуліц Цэнтральнай і Ленінскай – трэба было разраўняць 50 тон падвезенай зямлі. У камунальнікаў значныя аб’ёмы работ былі звязаны з рэкультывацыяй міні-палігонаў у сельскіх населеных пунктах (Апечкі, Варнавугал, Зарэчча), на месцы якіх пачалі высаджваць зялёныя насаджэнні. «Пасадкі працягнуцца і пасля суботніка», – запэўніў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока, пры гэтым назваў яшчэ адзін участак азелянення (вуліца Набярэжная ў Стоўбцах і інш.), дзе дадаткова вяліся падсадкі дубкоў, вербаў.        

У Стоўбцах не застаўся без увагі ўдзельнікаў суботніка і значны сацыяльны аб’ект, які ўзводзіцца па вуліцы Міру, – дзіцячы сад на 230 месцаў. Тэрыторыя ля яго сапраўды нагадвала «мурашнік», у якім кожны работнік ПМК-233 выконваў сваю функцыю. Вяліся работы па ўстаноўцы бардзюра, укладцы тратуарнай пліткі.

Разам з будаўнікамі працавалі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і дэлегацыя прадстаўнікоў Мінскага аблвыканкама на чале са старшынёй Сямёнам Шапірам, памочнікам Прэзідэнта па Мінскай вобласці Анатолем Ісачэнкам. Работа з будаўнічым інструментам на свежым паветры ішла актыўнымі тэмпамі, з добрым настроем і таварыскімі жартамі.

Непасрэдны куратар рэалізацыі пытанняў сацыяльнай сферы на Міншчыне намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сірэнка патлумачыў: «Мы выбралі для работы аб’ект сацыяльнай значнасці, для Стоўбцаў ён надзвычай значны. Аб’ект знаходзіцца ў актыўнай фазе – ідуць падрыхтоўчыя і аддзелачныя работы, добраўпарадкаванне. У гэтым годзе дзіцячы сад будзе здадзены ў тэрмін. Для дзяржслужачых клопат пра дзяцей – гэта якраз тыя мэты і задачы, над якімі мы працуем. Няма больш важнай задачы, як выхаванне сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», – удакладніў Віктар Іванавіч.      

У перапынку паміж працай бліц-інтэрв’ю для сродкаў масавай інфармацыі даў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра.

– У многіх раёнах Мінскай вобласці ўжо знята праблема дзіцячых садоў, – падзяліўся Сямён Барысавіч. – Дзіцячы сад у Стоўбцах, на добраўпарадкаванні якога мы сёння працуем, будзе здадзены ў гэтым годзе. У бягучым годзе мы вырашым праблему з дзіцячымі садамі ў Жодзіне. Будзем будаваць дзіцячыя сады ў Бараўлянах, Калодзішчах, Фаніпалі. За апошнія тры гады на Міншчыне здадзена ў эксплуатацыю 10 дзіцячых садоў. Яшчэ год-два – і дэфіцыту гэтых устаноў не будзе (выключэнне – Мінскі раён, дзе неабходна пабудаваць 10 дзіцячых садоў). Сродкі, заробленыя на суботніку, як і вызначыў урад краіны, пойдуць у тым ліку і на падтрымку дзіцячых устаноў.  

– Фізічная праца не цяжар?

– Фізічна працаваць неабходна кожнаму. І, ведаю, супрацоўнікам аблвыканкама (нас прыехала больш за 20 чалавек) знаёмыя і рыдлёўка, і лом, і сякера. А надвор’е?.. Хто працуе, таму не холадна.

– Вы былі непасрэдным удзельнікам нядаўняга Паслання Прэзідэнта краіны беларускаму народу і парламенту. Якія ўражанні?

– Калі казаць коратка, то ўсё, што сказаў Прэзідэнт, – важна для кожнага з нас, і ўсе абазначаныя ім накірункі – актуальныя для нашай краіны. Мы гатовы іх рэалізоўваць.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў адказаў на пытанні журналістаў адносна работы раённай камісіі па працаўладкаванні, падзяліўся напрацоўкамі ў арганізацыі працаўладкавання грамадзян.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *