У горадзе і раёне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

2904n

АБ’ЕКТ ПА ЗАКАЗЕ ІНДЫВІДУАЛЬНАГА ПРАДПРЫМАЛЬНІКА

У сярэдзіне лета бягучага года Стоўбцы ўпрыгожыць яшчэ адзін новы сучасны будынак. У ім размесціцца гандлёвы цэнтр. Асаблівасць гэтага аб’екта яшчэ ў тым, што ўзводзіцца ён будаўнікамі ПМК-233 па заказе аднаго са стаўбцоўскіх індывідуальных прадпрымальнікаў.

– Будаўнікі «высадзіліся» на аб’екце пад назвай «Будаўніцтва магазіна ў г. Стоўбцы па вуліцы Якуба Коласа, 67-а» напрыканцы мінулага года. Пачалі з нулявога цыкла, – гаворыць майстар Анатоль Катлоў. – Ужо ўзведзены фундамент, выведзены сцены першага і другога паверхаў.

Муляры Павел Далідовіч і Віталь Лукашэвіч (іх вы бачыце на здымку) ад імя сваіх калегаў, а іх тут увіхаецца не менш за два дзясяткі чалавек, зазначылі, што работа на аб’екце наладжана рытмічна, зладжана.

У адрозненне ад дзяржаўных, некамерцыйных аб’ектаў, яго фінансаванне вядзецца заказчыкам, індывідуальным прадпрымальнікам С. А. Пяткевічам, паводле фактычных выдаткаў. Функцыі кантролю за будаўніцтвам ажыццяўляе дзяржаўнае прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна», аўтарскі нагляд за выкананнем праекта – ІП Мельнік з Мінска.

 

«ЗНАМЯНАЛЬНЫ» ВІДЭАРОЛІК

Дэлегацыя раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Шэсцелем узяла ўдзел ва ўрачыстым сходзе Мінскай абласной арганізацыі АСВОД, прымеркаваным да знамянальнай даты – 145-годдзя АСВОД.

Мерапрыемства праходзіла ў Барысаве, на базе арганізацыі АСВОД, якая па выніках работы за мінулы год заваявала на Міншчыне першае месца. Другое месца прысуджана Стаўбцоўскай раённай арганізацыі.

У склад дэлегацыі быў уключаны і дзевяцікласнік Засульскай школы Іван Кобзеў, якому ва ўрачыстай абстаноўцы быў уручаны дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «Відэаролік» творчага конкурсу «За бяспеку на вадзе».

 

У ВАЕНКАМАТ ПА ПАВЕСТКУ

Пачынаецца вясенні прызыў – 55 прызыўнікоў Стаўбцоўшчыны адабраны для службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

– Маладыя людзі пойдуць служыць у розныя віды войскаў: сілы спецыяльных аперацый, дэпартамент транспартных войскаў, унутраныя войскі, войскі супрацьпаветранай абароны, – расказаў начальнік групы прызыву райваенкамата Аляксей Луцэвіч. – Настрой у хлопцаў баявы. Большасць з іх ужо атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю і тую ці іншую прафесію. На пачатку мая ім будуць уручаны павесткі.

Першыя адпраўкі прызначаны на 15 мая, і пачнуцца яны менавіта з тых прызыўнікоў, якія прызваны для службы ў сілы спецыяльных аперацый. У сілы спецыяльных аперацый адабраны маладыя людзі, якія не маюць абмежаванняў па здароў’і. Апошнія адпраўкі ў войска ў гэтым прызыве – 25 мая.

 

З ВЫЕЗДАМ У АРГАНІЗАЦЫЮ

У рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай кампаніі па прафілактыцы хвароб органаў кровазвароту кардыялагічнай і валеалагічнай службамі цэнтральнай раённай бальніцы праведзена яшчэ адна акцыя – «Кантралюем ціск – працягваем жыццё».

На гэты раз выязны пункт вымярэння артэрыяльнага ціску быў арганізаваны ў Стаўбцоўскіх электрычных сетках. Усе жадаючыя маглі змераць ціск. Медыцынскія работнікі занатавалі інфармацыю ў спецыяльны дзённік, што дасць магчымасць зрабіць аналіз і прапанаваць, хто мае ў гэтым патрэбу, індывідуальны прыём у кардыёлага з пастаноўкай на дыспансерны ўлік і карэкціроўкай лячэння.

У ходзе акцыі былі раздадзены памяткі, буклеты.

Пр

 

ТЫДЗЕНЬ ІМУНІЗАЦЫІ

З 24 па 30 красавіка ў краінах Еўрапейскага рэгіёна, у тым ліку ў Рэспубліцы Беларусь, праводзіцца тыдзень імунізацыі.

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вакцынацыя выратоўвае жыцці, абараняе мільёны людзей ад хвароб і інваліднасці. Больш за 40 інфекцыйных захворванняў могуць быць папярэджаны з дапамогай прафілактычных прышчэпак.

Дзякуючы паспяховай рэалізацыі праграм вакцынацыі ў Рэспубліцы Беларусь знік поліяміэліт, які ў нашай краіне не рэгіструецца з 1964 года, няма выпадкаў адзёру, краснухі, шэсць гадоў не адзначаюцца захворванні на слупняк, дыфтэрыю. У дзясяткі разоў знізілася захваральнасць на вірусны гепатыт В, коклюш. Паказала высокую эфектыўнасць імунізацыя супраць грыпу. Дзейнічае Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак, у рамках якога праводзіцца вакцынацыя супраць 12 інфекцыйных захворванняў.

На працягу Еўрапейскага тыдня імунізацыі для насельніцтва Стаўбцоўскага раёна праведзены рад мерапрыемстваў: кансультацыі спецыялістаў, тэматычныя лекцыі і гутаркі, урокі здароўя, круглыя сталы, гарачыя тэлефонныя лініі. Асаблівая ўвага ўдзелена бацькам, каб не хварэлі іх дзеці. Важна, каб усе атрымлівалі неабходныя прышчэпкі своечасова.

Ірына ПЯТРОВІЧ, заг. аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *