Наконт абароны правоў працоўных

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Больш як шэсць тысяч чалавек прынялі прафсаюзныя юрысты падчас выязных прававых прыёмаў.

Пачынаючы з сакавіка 2015 года прававыя інспектары працы ФПБ кансультуюць грамадян па пытаннях, звязаных з абаронай правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных на выязных прафсаюзных прыёмах. Як правіла, яны праводзяцца кожны апошні чацвер месяца.

20 красавіка больш за сто прававых інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў чарговы раз выехалі ў рэгіёны, каб аказаць бясплатную юрыдычную дапамогу грамадзянам.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення юрыдычнай работы і прававога забеспячэння апарату Саюза ФПБ Марыны Лазар, такая форма работы мае пэўныя перавагі ў параўнанні з юрыдычнай кансультацыяй традыцыйнага фармату. «Кансультацыі ажыццяўляюцца непасрэдна на месцах і, скажам, грамадзянам з аддаленых населеных пунктаў не патрэбна траціць шмат часу, каб дабрацца да абласнога цэнтра ці сталіцы і пабываць на прыёме ў юрыста. Усё, што неабходна зрабіць для атрымання прафесійнай юрыдычнай дапамогі, – гэта прыйсці ў вызначаны час прыёму ў аб’яднанне прафсаюзаў ці ў арганізацыю ў сваім раённым цэнтры», – адзначыла Марына Лазар.

На сёння ўжо праведзена 20 такіх прыёмаў. За ўвесь перыяд дзеяння ініцыятывы ўсяго па рэспубліцы прававымі інспектарамі працы былі прыняты 6363 чалавекі.

Аналіз зваротаў паказвае, што асноўная маса пытанняў закранае працоўную дзейнасць грамадзян (59%). На другім месцы па актуальнасці з’яўляюцца пытанні прымянення жыллёвага заканадаўства (17%), на трэцім – пенсійнага (10%).

Усім, хто звярнуўся, дадзены падрабязныя тлумачэнні і рэкамендацыі. Многія пытанні, што падымаюцца падчас правядзення прафсаюзных прыёмаў, вырашаюцца адразу ж на месцы. А для вырашэння некаторых працоўных спрэчак патрабуецца зварот у судовыя інстанцыі. У такіх выпадках прафсаюзныя юрысты складаюць неабходныя працэсуальныя дакументы і адстойваюць інтарэсы таго, хто звярнуўся ў суд. За 2016 год прававымі інспектарамі працы ФПБ складзена 820 іскавых заяў. 112 заяў накіравана ў камісіі па працоўных спрэчках, пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў на рабочых месцах адноўлены на працы 112 работнікаў.

За ўказаны перыд на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна праведзены 21 выязны прафсаюзны прыём грамадзян прававымі інспектарамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. 32 жыхарам Стаўбцоўскага раёна дадзены падрабязныя тлумачэнні па пытаннях налічэння заработнай платы і яе своечасовай выплаты, назначэння пенсіі, парадку прадаўжэння кантракту з чалавекам пенсійнага ўзросту, работы ў выхадныя і святочныя дні, санаторна-курортнага лячэння і г. д.

Штомесячныя выязныя прафсаюзныя прыёмы прававымі інспектарамі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі будуць працягнуты і далей, аб чым можна даведацца з газеты «Прамень» і з інфармацыйных стэндаў арганізацый і прадпрыемстваў, на якіх вы працуеце. На такія прыёмы можна звяртацца непасрэдна ў дзень прыёму (апошні чацвер месяца) або папярэдне запісацца на прыём па тэлефонах: 7-34-73, 8-029-574-81-42.

Юрый ЛАРЫЧЭЎ, старшыня Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *