Дэкрэт № 18 у дзеянні

Нумары Соцыум

І ПРАДПРЫЕМСТВА РЭАБІЛІТУЕ СЯМ’Ю

УП «Стаўбцоўскае АКС» звярнулася ў раённую камісію па справах непаўналетніх з прапановай разгледзець пытанне аб вяртанні дваіх малалетніх дзяцей у сям’ю адной са сваіх работніц, абавязанай асобы.

Падстава для падобнага хадайніцтва – высокая ступень рэалізацыі індывідуальнага плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх дзяцей, якія ў адпаведнасці з Дэкрэтам № 18 былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і часова адабраны з сям’і. Немалы ўклад у работу па яе рэабілітацыі ўнесла аб’яднанне камунальных службаў, куды матуля была працаўладкавана дарожнай рабочай.

У калектыве за работніцай замацавалі адказную асобу, а менавіта начальніка ўчастка Валерыя Красоўскага, які разам з прадстаўнікамі аддзела кадраў ажыццяўляе кантроль выхадаў на работу, добрасумленнасць выканання службовых абавязкаў. Яна стараецца працаваць, ідзе на кантакт, таму заўваг да яе не ўзнікае.          

– Мы наведалі работніцу па месцы жыхарства. У кватэры – прыбрана. Шмат дзіцячых цацак, – адзначае начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан. – Акрамя таго, праводзім з маладой матуляй гутаркі аб аднаўленні дзіцяча-бацькоўскіх адносін, пагашэнні запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі, вяртанні дзяцей на выхаванне ў біялагічную сям’ю.  

Як вынік, жанчына часта наведвае дзяцей у Барысаўскім доме дзіцяці. Прыемна, што яны дагледжаны, растуць і з нецярпеннем чакаюць матулінага прыезду. А ёй самой працаўладкаванне ў аб’яднанні камунальных службаў дазволіла значна скараціць доўг за жыллёва-камунальныя паслугі.          

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

УЗАЕМАДЗЕЯННЕ – ВЫРАШАЛЬНАЕ

На працягу апошніх сямі гадоў праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя «Сям’я без насілля», прызваная папярэдзіць і спыніць насілле ў сферы сямейна-бытавых адносін, прадухіліць прычыны і ўмовы сямейнай нядобранадзейнасці, своечасова выявіць непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У 2017 годзе акцыя «Сям’я без насілля» ўключана ў комплексную праграму па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне і з’яўляецца абавязковай для выканання ўсімі зацікаўленымі ведамствамі. Такім чынам, у акцыі задзейнічаны прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага камітэта БРСМ, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

З пачатку бягучага года ў рамках акцыі праведзена 16 рэйдавых мерапрыемстваў, у ходзе якіх наведаны 112 сем’яў, у тым ліку 15 сем’яў, дзе былі зафіксаваны правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін і ёсць непаўналетнія дзеці, 88 сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, а таксама дзевяць асоб, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі і маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей.

Ранняе выяўленне і своечасовая прафілактычная работа ўсіх зацікаўленых ведамстваў з сем’ямі, дзе ўчыняюцца правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, сем’ямі, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, дапамогуць пазбегнуць няшчасных выпадкаў, трагедый з непаўналетнімі.

У артыкуле 9 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» занатавана: «Асобы, якім стала вядома пра факты жорсткага абыходжання, фізічнага і (або) псіхічнага насілля ў адносінах да дзіцяці, якія ўяўляюць пагрозу яго жыццю, здароўю і развіццю, абавязаны неадкладна паведаміць аб гэтым у кампетэнтны дзяржаўны орган».

Калі вам вядома пра падобныя факты, просім паведамляць у райаддзел міліцыі па тэл. 5-19-15 або 102.

Міхаіл АЗАНОВІЧ,начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *