У прэзентацыі – сельскі каларыт

Добраўпарадкаванне Нумары

На Стаўбцоўшчыне становіцца практыкай, што сельвыканкамы трымаюць справаздачу аб тым, што зроблена для навядзення парадку ў сельскіх населеных пунктах, з дапамогай прэзентацый.

– У гэтым годзе з падобнымі справаздачамі ўжо выступілі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама старшыні Вішнявецкага і Налібацкага сельвыканкамаў. Абодва органы мясцовай улады можна сказаць задаюць тон у добраўпарадкаванні. У прэзентацыі ўвага акцэнтавана на канкрэтных зрухах у абнаўленні фасадаў дамоў, рамонце платоў, інфармацыйнай рабоце з насельніцтвам, супрацоўніцтве са старастамі, касцёльнымі камітэтамі і іншымі грамадскімі фарміраваннямі. Значная работа на тэрыторыі сельсаветаў звязана са зносам пустых дамоў і акультурваннем могілак, – падводзіць вынік старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі.

Спынімся на некаторых напрамках праведзенай работы, яе праблемных момантах на прыкладзе Вішнявецкага сельсавета.

У вёсках і аграгарадках

– За тры апошнія гады на тэрыторыі Вішнявецкага сельсавета знесена 11 пустых і трухлявых домаўладанняў, у тым ліку сем – па рашэнні суда, – адзначыла старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч. – Пасля зносу гэтыя зямельныя ўчасткі паступова ўцягваюцца ў гаспадарчы абарот. У бягучым годзе ў рэгістр унесены чатыры пустыя дамы (адносна трох судом прынята рашэнне аб перадачы ў камунальную ўласнасць сельвыканкама, адзін з іх рыхтуюць да аўкцыёну, два – да зносу). У дачыненні яшчэ да шасці домаўладанняў вядзецца пошук спадчыннікаў. Пры неабходнасці ім аказваецца кансультацыйная дапамога.

Адносна разборкі і зносу драўляных пабудоў праблемы няма: ажыццяўляе іх ААТ «Вішнявецкі-агра», адходы выкарыстоўвае ў якасці дроў у сваіх кацельнях. Складаней з ліквідацыяй пячных збудаванняў, фундаментаў, карчаваннем пнёў ад старых садоў, драўніннай і куставой расліннасцю, таму што ў гаспадарках няма экскаватара. Адпрацавана частка Навапольцаў, Жацерава, некалькі ўчасткаў у Горках і Вішняўцы. Такім чынам, перададзена 67,6 га зямлі ў часовае карыстанне ААТ «Жацерава», 20 га – ААТ «Вішнявецкі-агра» (падрыхтаваны выкапіроўкі адносна яшчэ 49 га). Ёсць тры ўчасткі агульнай плошчай каля 4,5 га (у Галавенчыцах, наваколлі Вішняўца), якія сельвыканкам плануе перадаць лясгасу. На даны момант работа вядзецца на пяці ўчастках, на якіх прыбраны пабудовы і дрэвы, але засталіся пні, фундаменты і пячныя збудаванні (Крамец, Перакопаўшчына, Вязавец, Галавенчыцы). На тэрыторыі сельсавета акрамя пустых дамоў ёсць яшчэ 14 аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца: магазіны, аптэка, клубы, былая бальніца, інтэрнат і т. п. Прылеглую да іх тэрыторыю неабходна пастаянна прыводзіць у парадак.              

Сіламі ААТ «Вішнявецкі-агра» праведзена рэкультывацыя кар’ера ў Ахрэмавічах, выкананне аналагічных работ плануецца ў кар’еры Халаімаўшчыны. У сельвыканкама і кіраўніцтва гаспадаркі – поўнае ўзаемаразуменне, адсутнічае падзел на «тваё» і «маё», ёсць разуменне, што гэта іх агульная тэрыторыя і сумесная справа.

З дзевяці могілак на тэрыторыі сельсавета самыя праблемныя – у аграгарадку Вішнявец. Гэта выклікана як месцам іх размяшчэння, так і захаваннем на іх жыхароў васьмі населеных пунктаў, у тым ліку і з суседніх Навасёлкаў, Петухоўшчыны Нясвіжскага раёна. На гэтых могілках частка пахаванняў – стагадовай даўніны. Іх ніхто не прыводзіць у парадак, таму абкошваць, прыбіраць кустоўе прыходзіцца работнікам сельвыканкама. У цэлым могілкі займаюць 3 га, таму смеццевая праблема – у ліку найбольш важных. З іх уборкай ізноў-такі дапамагае гаспадарка. Неабходна завяршыць работы па добраўпарадкаванні месца вечнага спачыну ў Халаімаўшчыне (на суботнік выходзілі і людзі).

У красавіку суботнікі прайшлі ва ўсіх установах і на прадпрыемствах на тэрыторыі сельсавета. Школьнікі працавалі ў прыбярэжных зонах азёраў у Вішняўцы і Горках. Услед за ўборкай, пабелкай дрэў асноўным клопатам становіцца разбіўка кветнікаў.  

Сельвыканкам у ролі каардынатара

Актуальныя задачы, якія стаяць сёння перад сельвыканкамамі, акрэсліў Аркадзь Казякоўскі:

– Незапатрабаваныя ўчасткі зямлі, на якіх раней вяскоўцы ажыццяўлялі выпас жывёлы, неабходна перадаць у часовае карыстанне сельгасарганізацыям. Гэта дазволіць не «вырошчваць» пустазелле, а таксама не дапусціць у далейшым яго выпальвання. Пра захаванне правіл пажарнай бяспекі мы нагадваем і ў сувязі з тым, што апошнім часам у сельскіх населеных пунктах былі закрыты міні-палігоны, і ўсё абрэзанае галлё вяскоўцы складзіруюць на сваіх участках, каб потым спаліць. Рабіць гэта можна пры бязветраным надвор’і і з улікам патрабаванняў пажарнай бяспекі.

Праязджаючы па вёсках, мы бачым, колькі там яшчэ засталося старых здзічэлых садоў. У духу работы па працаўладкаванні грамадзян, якая праводзіцца ў краіне, сельвыканкамам сумесна з кіраўніцтвам сельгасарганізацый неабходна стварыць брыгады з ліку мясцовых беспрацоўных, якія акурат і будуць займацца выкарчоўваннем згаданых садоў. Задача гэтая няпростая, і ў першую чаргу складанасць заключаецца ў тым, каб падабраць людзей. У прыватнасці, дапусціць да работы з пілой можна толькі таго, у каго ёсць адпаведнае пасведчанне. Значыць, спатрэбіцца час на навучанне членаў такіх спецбрыгад.        

Практыка прэзентацый сельвыканкамаў па пытаннях навядзення парадку на зямлі працягнецца. Разам са старшынёй райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы накавольнага асяроддзя Аляксандрам Сарокам мы пастараемся дапоўніць іх сваімі фотаздымкамі, сваім бачаннем той ці іншай праблемы. І выснова з гэтага ўзаемадзеяння адна: навядзенне парадку – гэта комплексная работа, якая патрабуе ўдзелу і энергетыкаў, дарожнікаў, леснікоў, меліяратараў. Роля сельвыканкама – быць яе каардынатарам.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *