«Спадчына» – для нашай памяці

Адукацыя Нумары

Ёсць самыя розныя формы выхавання ў вучнёўскай моладзі вельмі патрэбнага і святога паняцця – патрыятычнага. У Залужскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа гэтую важную функцыю выконвае школьны музей «Спадчына». У 2015 годзе ён удастоены высокага звання – «народны». Музей – сапраўдная скарбонка гэтай школы. Напрыклад, экскурсіі ў ім вучнямі 2-11 класаў праводзяцца на чатырох мовах – беларускай, рускай, французскай і англійскай.

Залатым радком у гісторыю школы ўпісана імя яе былога дырэктара Таісы Цвірка, якая стаяла ля вытокаў стварэння музея і была яго першым кіраўніком. Краязнаўчы музей «Спадчына» быў адкрыты ў 1985 годзе да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Цяпер яе справу дастойна працягвае Наталля Валента, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яна мае вялікую цікавасць да краязнаўчай работы і вельмі шаноўна зберагае, памнажае і прапагандуе сярод новых пакаленняў вучняў скарбніцу народнага школьнага музея.

–             Музей – гэта месца, дзе праходзяць цікавыя сустрэчы з мінулым. Шмат урокаў і пазакласных мерапрыемстваў адбываецца менавіта ў залах музея, – расказвае Наталля Уладзіміраўна. – Экспазіцыі музея: этнаграфія і быт Стаўбцоўскага Наднямоння, паэт з Ініцы (Улад Паўлюкоўскі), гісторыя калгаса імя Леніна, гісторыя Залужскага ФАПа, гісторыя Залужскай школы, жыццё – подзвіг (Ф. Э. Дзяржынскі), подзвіг народа – бессмяротны, любіць прыроду – любіць Радзіму – дазваляюць правесці цікавыя жывыя заняткі не толькі для школьнікаў, але і для дашкольнікаў, што і практыкуецца. Этнаграфічная зала знаёміць з побытам беларускай вёскі ХХ стагоддзя.

З кожным годам адыходзяць ад нас ветэраны, і ўсё больш і больш набывае значнасць і каштоўнасць зала, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Стаўбцоўшчыне, дзе сабраны матэрыял пра бой каля вёскі Залужжа, пра землякоў, якія змагаліся на франтах і ў падполлі. У аснове экспазіцыі –стэнды, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, землякам, якія загінулі на франтах, у партызанскіх атрадах, падполлі, ветэранам, што вярнуліся з вайны пераможцамі. Размешчаны раздзелы «Бой ля вёскі Залужжа», «Яны загінулі за Радзіму», «Нашы землякі на франтах вайны», «Партызаны Стаўбцоўшчыны і Міршчыны», «Нашы землякі – удзельнікі партызанскага руху», «Жыхарка Залужжа Серафіма Крывель – вязень Асвенціма», «Дарогай бацькоў – дарогай герояў», «Уклад маёй сям’і ў справу Перамогі», «Памяць». У экалагічнай зале сабраны экспанаты, якія паказваюць хараство і разнастайнасць роднай прыроды. Музей адыгрывае вялікую ролю ў выхаванні ў вучняў любові да сваёй малой Радзімы, павагі да сваіх землякоў.

Экспазіцыі размешчаны ў чатырох залах. За час дзейнасці музея настаўнікамі і вучнямі сабрана багатая экспазіцыя прадметаў народнага побыту, літаратуры, фотаздымкаў, альбомаў. У краязнаўчым музеі налічваецца больш за 850 экспанатаў. Колькасць іх пастаянна павялічваецца. За апошнія тры гады музей папоўніўся тканымі дыванамі, сурвэтамі, ручнікамі.

Важным напрамкам з’яўляецца пошукавая работа. Вынікам яе сталі даследчыя работы вучняў, якія прэзентаваліся на ўзроўні раёна і вобласці. Так пазнаёміліся з дзейнасцю выпускніка Залужскай школы 1945 года Васілія Лявонава, рускага паэта.

Стала добрай традыцыяй арганізоўваць і праводзіць у краязнаўчым музеі Дзень Перамогі, а таксама такія святы, як Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства, Дзень роднай мовы, дзень ушанавання памяці былых настаўнікаў школы (24 мая). Музей падтрымлівае цесную сувязь з Залужскай сельскай бібліятэкай, Старасвержанскім цэнтрам культуры, Стаўбцоўскім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.

Па праву народны краязнаўчы музей «Спадчына» з’яўляецца візітнай карткай Залужскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа і выконвае важную функцыю ў сістэме работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў на традыцыях і гераічных старонках жыцця мінулых пакаленняў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *