Тэхніку шануеш – добры ўраджай вырасціш

Нумары Сельская гаспадарка

979Машынны двор ААТ «Агранёманскі» ў раённым аглядзе-конкурсе заняў другое месца. І вылучаюцца ў якасці лепшых работнікі гэтага вытворчага падраздзялення таварыства практычна штогод. І тут няма чаму здзіўляцца, бо кіраўніцтва гаспадаркі ўдзяляе неаслабную ўвагу тэхнічнаму стану машын і трактароў, выдзяляючы немалыя сродкі на падтрыманне іх, так бы мовіць, боегатоўнасці. Стараюцца і самі работнікі –  уважліва сочаць за даручанай ім тэхнікай, своечасова праводзяць тэхнічныя агляды, займаюцца навядзеннем парадку на мехдвары. 

– Быць лепшымі сярод  лепшых, а тым больш увайсці ў тройку прызёраў – гэта заўжды ганарова, – гаворыць галоўны інжынер таварыства  Андрэй Клімко. –  І заслуга ў гэтым усіх працаўнікоў і спецыялістаў машыннага двара. Работнікі падраздзялення стараюцца, працуюць з поўнай аддачай. Своечасова ставяць на захоўванне тэхніку, акуратна ачышчаюць. Летась мы агарадзілі мехдвор плотам з металапрофілю. Часткова абнавілі асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі. Адным словам добраўпарадкаванне ў нас на вышыні, таму мы заўжды гатовы прымаць у сябе любыя праверкі.

Андрэй Васільевіч расказвае, што машынна-трактарны парк таварыства налічвае каля 250 адзінак тэхнікі, складаных і прычапных сельгасмашын. Працуюць пераважна вопытныя механізатары і вадзіцелі, але ёсць і маладыя. Гэтымі днямі яны заняты падрыхтоўкай тэхнікі да веснавых палявых работ. Рупяцца ўсё зрабіць як след, бо зацікаўлены ў тым, каб тэхніка працавала надзейна – ад гэтага будзе напрамую залежыць іх заработная плата. На лінейку гатоўнасці пастаўлены чызелі, плугі, шыроказахопны культыватар, на якіх заменены рабочыя органы. Даведзены да ладу камбінаваныя пасяўныя агрэгаты.

– Застаецца толькі зрабіць дробныя наладкі, – працягвае гутарку галоўны спецыяліст.– Спраўныя ўсе энерганасычаныя трактары, акрамя «Джон-дзіра». Неабходна купіць гуму для кола, якое не падлягае вулканізацыі, а кошт яе складае каля 60 мільёнаў рублёў. Патрэбны запчасткі і на іншую тэхніку, але з-за нялёгкага фінансавага становішча пакуль існуюць некаторыя праблемы. Расце курс долара, растуць і цэны. Але мы пастараемся і, як і ў папярэднія гады, грунтоўна падрыхтуемся да веснавой кампаніі, каб правесці яе на высокім узроўні.

 Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *