Апладысменты – за старанне

Нумары Спорт

Футбольны каляндар першынства Беларусі ў першай лізе быў скарэкціраваны так, што камандзе «Нёман-Агра» ў чатырох турах запар выпала прымаць сапернікаў на сваім полі. І балельшчыкі, якія запаўнялі трыбуну стадыёна «Юнацтва», актыўна падтрымлівалі сваю каманду. Выходзіла, можна сказаць, па нарастаючай – паражэнне, нічыя, і нарэшце ў трэцім туры перамога над клубам са Смаргоні – 3:1. З надзеяй на поспех сачылі ўсе за перыпетыямі барацьбы з футбалістамі ФК «Ліда».

Аднак пачатак гульні прынёс засмучэнне. Не прайшло і пяці хвілін, а на табло ўжо значылася 1:0 на карысць гасцей. З фланга прайшла перадача, і 11 нумар лідчан Раман Грыбоўскі паслаў мяч у вароты «Нёмана-Агра».

Нашы футбалісты энергічна сталі ратаваць сітуацыю, мелі намер падвоіць лік і госці. Раз-пораз узнікаюць вострыя моманты, але мяч ніяк больш не трапляе ў сетку. Пераломны момант у гульні ўзнік на 30-й мінуце матча. Лідчане груба атакуюць нашага капітана Арцёма Сукалу, і суддзя паказвае парушальніку чырвоную картку – выдаляе з поля. У гасцей цяпер стала на іграка менш, адпаведна больш выгадным выглядала становішча стаўбчан. Аднак жа колькасную перавагу належала скарыстаць. Нашы нёманцы актыўна атакавалі, увесь час перадачы адрасаваліся сёмаму нумару Аляксею Рудзянку. І прызнаны бамбардзір стаўбчан дэманстраваў сваё ўменне. Сапраўды, таленавіты футбаліст, нездарма ён выступаў і за маладзёжную зборную Беларусі. Вялікая падмога, што Аляксей зноў вярнуўся ў Стоўбцы. Толькі прарвацца яму праз пільнае акружэнне сапернікаў было нялёгка: ні на крок ад нашага бамбардзіра не адступаў ягоны «апякун», яўна не славянскага выгляду, па прозвішчы Агар.

Аднаму ў нападзенні цяжка быць пераможным воінам. І трэнер, як і ў папярэдніх матчах, у другім тайме праводзіць рад замен. Выходзяць на поле даўно вядомыя стаўбчанам ігракі – Дзмітрый Даўбейка, Аляксандр Паляшчук, Алег Каракін. Тэмп гульні ўзрастае. Мяч трапляе ў перакладзіну варот сапернікаў, разы два абаронцы лідчан падстрахоўваюць варатара і выбіваюць мяч з лініі пустых варот. Непрыгожа выглядаюць моманты, калі сапернікі пасля нават невялікай сутычкі ляжаць на полі, дэманструючы нібыта атрыманую траўму. А секунды, мінуты гульні бягуць…

Прынцыповую пазіцыю заняў суддзя матча, які скарыстаў права дабавіць да асноўнага часу дадатковы па прычыне затрымак у гульні. Нашы футбалісты рынуліся ў рашучы наступ. І нарэшце Артур Цішко літаральна «расстрэльвае» вароты гасцей. Усе гледачы ўздымаюцца ў адным парыве – гол! Тут жа мяч цудам не трапляе зноў у вароты ФК «Ліда». І вось фінальны свісток. І хоць вынік нічыйны – 1:1, з трыбун апладысменты адрасуюцца нашым футбалістам, гучыць «малайцы!» за старанне, праяўленую волю да перамогі.

Як бачна, каманда «Нёман-Агра» займае сярэднюю пазіцыю ў турнірнай табліцы. Праўда, у аматараў футбольнай статыстыкі могуць узнікнуць пытанні: чаму, скажам, каманда «Прамень» стаіць у табліцы апошняй, нягледзячы на выдатныя паказчыкі? Справа ў штрафных ачках, адлічаных сёлета за мінулагоднія парушэнні рэгламенту. Калі б не здарылася парушэнняў летась, то большы ачковы запас мелі б таксама «Граніт» і «Белшына». У першай лізе нацыянальнага першынства слабых сапернікаў няма. Чарговы матч нашы футбалісты правядуць у Оршы. А 13 мая «Нёман-Агра» сустрэнецца з мінскім «Тарпеда».

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *