Па праграме імпартазамяшчэння

Медыцына Нумары

Аб тым, як арганізавана забеспячэнне лекавымі таварамі аптэчнага асартыменту ў нашым раёне, а таксама як фарміруюцца цэны на іх, у інтэрв’ю нашай газеце расказвае загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 7 Людміла Маркоўская.

–             У нашым раёне працуюць дзесяць аптэк – сем у складзе РУП «Мінская Фармацыя» (тры з іх размешчаны ў сельскай мясцовасці) і тры – недзяржаўнай формы ўласнасці, – расказвае Людміла Алегаўна. – Істотную дапамогу ў арганізацыі лекавага забеспечання сельскім жыхарам аказваюць медыцынскія работнікі сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў, якія рэалізуюць на дагаворных умовах лекавыя сродкі і iншыя аптэчныя тавары. Асартымент лекавых сродкаў, медыцынскіх вырабаў і іншага тавару аптэк нашага раёна складае ад 1,3 тысячы у сельскіх аптэках да 4,3 тысячы відаў лякарстваў – у цэнтральнай.

–             Людміла Алегаўна, кожны з наведвальнікаў аптэкі прыцэньваецца, які прэпарат набыць. Многія задаюцца пытаннем: «Чаму ў розных аптэках цэны на адзін і той жа прэпарат розняцца?»

–             Рознічныя цэны на лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы фарміруюцца цэнтралізавана на аптэчным складзе РУП «Мінская Фармацыя» згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.08.2005 № 366 «Аб фарміраванні цэн на лекавыя сродкi, вырабы медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi». І ў аптэку тавар паступае з гатовымі рознічнымі цэнамі. Першы, хто дыктуе свае ўмовы цэнаўтварэння, – вытворца. Далей, згодна з Указам, цана фарміруецца шляхам падсумоўвання адпускной цаны і прымененых аптовай і гандлёвай надбавак. Памер надбавак не павінен перавышаць устаноўлены Указам узровень і не залежыць ад колькасці пасрэднікаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе ад вытворцы да спажыўца. У сучасны момант велічыні аптовых і гандлёвых надбавак на лекавыя сродкі залежаць ад базавай велічыні, а не ад курсу долара ЗША, як было раней.

–             У агульным аб’ёме продажаў які працэнт складаюць прэпараты айчыннай вытворчасці?

–             Многія гатовы плаціць неймаверныя сродкі за імпартныя прэпараты, а айчынныя аналагі нават і не разглядаюць. Аднак якасць беларускіх прэпаратаў адпавядае якасці зарубежных аналагаў. З упэўненасцю можна сказаць, што ў Беларусі няма падробак, якасць лекавых сродкаў гарантавана на 100 працэнтаў. З практыкі сваёй работы мы можам адзначыць, што апошнім часам адбыліся значныя зрухі ў псіхалогіі пакупнікоў. Усё больш людзей разумеюць, што беларускія лекавыя прэпараты не горшыя за імпартныя. У нашым тавараабароце яны складаюць 65 працэнтаў ад агульнага аб’ёму продажаў. Для павелічэння даступнасці айчынных лекавых сродкаў для насельніцтва Мінскай вобласці ў аптэках РУП «Мінская Фармацыя» праводзіцца акцыя па зніжэнні рознічных цэн на ўсе лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці на 15 працэнтаў для шэрагу катэгорый грамадзян – людзей пенсійнага ўзросту, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, маці, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, а таксама, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Аб кошце i наяўнасцi лекавых сродкаў можна даведацца на сайце прадпрыемства РУП «Мінская Фармацыя» – minfarm.by, i таксама на спецыялізаваных сайтах (tabletka.by, gippokrat.by, 103.by), якія ў рэжыме рэальнага часу правядуць аналіз цэн таго ці іншага лекавага сродку, прадаставяць адрас аптэкі з максімальна выгаднай прапановай. Таксама тут даступна інфармацыя аб акцыях, якія праводзяць аптэкі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *