Нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

Дзякуючы Марыі Іванаўне Станкевіч, яе актыўнай краязнаўчай працы, чытачы «Праменя» маюць магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам нашых землякоў. Людзей, якія ўнеслі значны ўклад у навуку ў розных яе галінах. Такім чынам своеасабліва папаўняецца кніга «Памяць», энцыклапедычнае выданне аб гістарычных падзеях на Стаўбцоўшчыне і асобах, людзях, аб якіх належыць ведаць і памятаць.

1305n

АТРУШКЕВІЧ ПАВЕЛ АЛЯКСАНДРАВІЧ, кандыдат тэхнічных навук (1971) прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Казахстан (1995), заслужаны дзеяч Рэспублікі Казахстан, лаўрэат Прэзідэнцкай прэміі міру і духоўнай згоды (1998). Нарадзіўся ў 1933 годзе ў в. Мархачоўшчына (зараз Вішнявецкі сельсавет) на Стаўбцоўшчыне. Скончыў Галавенчыцкую сямігадовую школу (1949), Нясвіжскае педвучылішча (1952), Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1958).

Працаваў настаўнікам матэматыкі Ячонскай і дырэктарам Сверынаўскай сямігодак (1952 – 1953). Пасля заканчэння БСА малады інжынер-землеўпарадкавальнік быў накіраваны на работу ў Алма-Ату, дзе працаваў інжынерам, начальнікам аддзела цэнтральнай комплекснай экспедыцыі (1958 – 1960). З 1961 года па 1980 працаваў у Казахскім політэхнічным інстытуце асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, загадчыкам кафедры. З 1980 года па 1987 загадваў кафедрай інжынернай геадэзіі Алма-Ацінскага архітэктурна-будаўнічага інстытута, а з 1987 года па 1999 – рэктар Казахскай дзяржаўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі.

Займаўся прагназаваннем землятрусаў геадэзічнымі метадамі, даследаваннямі ўстойлівасці буйных народнагаспадарчых аб’ектаў, размешчаных у сейсманебяспечных зонах. Распрацаваная ім методыка дэфармацый зямной паверхні шырока прымяняецца на многіх геадэзічных палігонах былога СССР і за мяжой.

З’яўляючыся намеснікам старшыні камітэта па навуцы і адукацыі Вярхоўнага Савета, непасрэдна ўдзельнічаў у фарміраванні заканадаўчых актаў, праграм развіцця вышэйшай школы і навукова-даследчых цэнтраў Рэспублікі Казахстан.

Аўтар больш як100 навуковых прац, публікацый у замежных выданнях.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Достык» («Дружба»), якім у Казахстане адзначаюць за плённую работу па захаванні ўзаемнай згоды ў грамадстве, заслугі ва ўмацаванні міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі, двума медалямі.

У 2003 г. у дакументальнай серыі біяграфій выдадзена кніга Атрушкевіча П. А. «Душа живёт в Казахстане».

Апошнім часам жыў у Адэсе. Памёр у 2014 годзе.

 

1305d

СІДАРЭНКА АНАСТАСІЯ ВЯЧАСЛАВАЎНА, беларускі вучоны, кандыдат біялагічных навук (2013), нарадзілася 14.05.1984 у в. Стары Свержань Стаўбцоўскага раёна. Скончыла Старасвержанскую сярэднюю школу (2001), біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2006), аспірантуру Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі (2009).

Працавала малодшым навуковым супрацоўнікам (2006-2009), навуковым супрацоўнікам Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі (2009-2013). З 2013 года – старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар. Па сумяшчальніцтве працуе на кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

Падчас вучобы ў аспірантуры з’яўлялася лаўрэатам стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2009).

Па тэме даследаванняў «Сучасныя метады ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў розных таксанамічных груп» стажыравалася ў Інстытуце імуналогіі і эксперыментальнай медыцыны імя Л. Гіршвельда (Польшча), Вышэйшым тэхнічным універсітэце г. Лунда (Швецыя), Варшаўскім універсітэце прыродазнаўчых навук (Польшча), Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце генэтыкі і селекцыі прамысловых мікраарганізмаў, Інстытуце біяхіміі і фізіялогіі мікраарганізмаў Расійскай акадэміі навук, Інстытуце праблем крыябіялогіі і крыямедыцыны НАН Украіны.

З 2016 года з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком Беларускага грамадскага аб’яднання мікрабіёлагаў у савеце Федэрацыі еўрапейскіх мікрабіялагічных таварыстваў (FEMS).

Займаецца вывучэннем ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў з выкарыстаннем метадаў генасістэматыкі і хематаксаноміі; экалогіяй, фізіялогіяй і генетыкай біфідабактэрый і малочнакіслых бактэрый; антыбіётыкаўстойлівасцю бактэрый; уплывам стрэсавых фактараў на мікраарганізмы.

Аўтар 150 навуковых публікацый, пяці патэнтаў. Вынікі даследаванняў адзначаны дыпломамі І ступені на міжнародных канферэнцыях.

Жыве ў Мінску.

 

1305f

ПАЛУЯН (дзявочае Урбан) АЛЕНА МІКАЛАЕЎНА, беларускі вучоны, кандыдат філалагічных навук (2002), дацэнт (2003), нарадзілася 23.09.1968 у в. Ахрэмавічы Вішнявецкага сельсавета на Стаўбцоўшчыне. Скончыла Вішнявецкую сярэднюю школу (1985), філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (1992), аспірантуру пры кафедры беларускай мовы (2000).

Працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 г. Гомеля (1992-1993), асістэнтам (1993-2003), дацэнтам (з 2003) кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. З 2006 года – намеснік дэкана філалагічнага факультэта па вучэбнай і вучэбна-метадычнай рабоце, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі.

Навуковая дзейнасць звязана з этналінгвістыкай, этнакультуралогіяй, методыкай выкладання беларускай мовы (прафесійнай лексікі) на нефілалагічных факультэтах.

З’яўляецца аўтарам каля 200 вучэбна-метадычных і навуковых публікацый. Узнагароджана падзякамі ўніверсітэта, упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, абласнога камітэта прафсаюза работнікаў навукі і адукацыі.

Жыве ў г. Гомель.

 

1305m

КУЛАЖАНКА (дзявочае Міцкевіч) ЛІДЗІЯ ЯЎГЕНАЎНА, беларускі вучоны, кандыдат гістарычных навук (1983), нарадзілася 18.12.1952 у в. Мікалаеўшчына. Скончыла Мікалаеўшчынскую сярэднюю школу імя Якуба Коласа (1970), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1975), аспірантуру на кафедры новай і навейшай гісторыі (1983).

Працавала настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе № 2 г. Паставы Віцебскай вобласці і метадыстам у Віцебскім палацы дзяцей і моладзі (1975-1981).

Пасля заканчэння аспірантуры выкладала ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце (1984-1989), у Навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны (1991-2004). З 2004 года – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі і тэорыі культуры Навукова-даследчага сектара Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка (да 2015 г.).

Займалася даследаваннямі ў галіне беларусазнаўства і краязнаўства. Аўтар выданняў «Літаратурныя мясціны Беларусі» (2000), «Праваслаўныя святыні на Беларусі» (2005), «Князь Канстанцін (Васілій) Астрожскі» (2007), «Святыя зямлі Беларускай: Жыццяпіс» (2012), «Хрысціянства ў Беларусі», шэрагу навуковых і навукова-папулярных артыкулаў.

Займаецца асветніцкай работай, даследаваннямі гісторыі царкоўнага жыцця, святасці зямлі Беларускай. Загадчык лабараторыі царкоўнай гісторыі.

Узнагароджана Ордэнам святой роўнаапостальскай Вольгі III ступені (2002) і Ордэнам Святой Прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай (2013).

Жыве ў Мінску.

 

1305s

ПАЛЯШЧУК НАТАЛЛЯ ВІКЕНЦЬЕЎНА, беларускі вучоны, кандыдат філалагічных навук (1998), дацэнт (2002),нарадзілася 22.12.1973 у в. Зарэчча Засульскага сельсавета Стаўбцоўскага раёна, скончыла з сярэбраным медалём Засульскую СШ (1990), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з адзнакай (1995), аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1998).

Працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. З 2003 г. з’яўляецца вучоным сакратаром савета па абароне дысертацый, а з 2008 года займае пасаду загадчыка аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Уваходзіла ў склад аўтарскага калектыву па стварэнні фундаментальнага «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»: прымала ўдзел у падрыхтоўцы да выдання Слуцкага Евангелля (2009), Баркалабаўскага летапісу (2013), «Буквара» Спірыдона Собаля (2014); працавала над перакладам на беларускую мову Перасопніцкага Евангелля (2011), агульнавоінскіх статутаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» (2009), над падрыхтоўкай руска-беларускага слоўніка юрыдычных тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь (2010-2011).

Апублікавала звыш 120 навуковых прац (у Беларусі, Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Венгрыі), у т. л. у сааўтарстве з калегамі, сярод якіх «Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі»; выпускі «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», манаграфіі «Слуцкае Евангелле. Даследаванне рукапісу», «Лексіка старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы XIV – сярэдзіны XVI стст.»; вучэбныя дапаможнікі «Беларуская мова: азначэнні, правілы, схемы і табліцы»; перакладныя руска-беларускія, беларуска-рускія слоўнікі.

У 2008 годзе з’яўлялася лаўрэатам стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым вучоным. У 2014 годзе ўдастоена ўзнагароды Беларускай Праваслаўнай Царквы – медаля Святой Прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Жыве ў Мінску.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *