Гуманітарны патэнцыял Чырвонага Крыжа

Нумары Соцыум

1705b

У пярэдадзень 8 мая, калі адзначаецца Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, на Стаўбцоўшчыне прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Лейтматывам на ёй гучала: «Дапамогі шмат не бывае». І сапраўды, сярод тых, каму арганізацыя працягнула руку дапамогі, значацца не толькі людзі з нізкімі даходамі і праблемамі са здароўем.

Чырвоны Крыж – гэта маштабны рух дапамогі са шматгадовай гісторыяй, на працягу якой ён застаецца актыўным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні гуманітарных і сацыяльных праблем.  

На Стаўбцоўшчыне, як адзначыла ў справаздачным дакладзе старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Жаўняркевіч, пярвічныя арганізацыі дзейнічаюць на пераважнай большасці прадпрыемстваў і ў школьных калектывах. Нераўнадушныя людзі ўліліся ў валанцёрскія рады. З удзелам валанцёраў арганізаваны месячнік «Актыўнае валанцёрства», штогадовая маштабная рэспубліканская кампанія «Клопат», дабрачынны канцэрт беларускіх артыстаў «Станем бліжэй», акцыі – «Збяром дзяцей у школу», «Дзень здароўя з Чырвоным Крыжам» ,»Спёка» і інш. У выніку, у 2016 годзе больш за 140 чалавек атрымалі адрасную дапамогу.

Раённая арганізацыя далучылася да міжнароднай акцыі «Дапамога Украіне». Са студзеня 2015 года рэалізуецца праект «Падтрымка перамешчаным жыхарам Украіны», якая заключаецца ва ўкараненні ваўчарнай сістэмы аказання дапамогі адзінокім пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным і няпоўным сем’ям, цяжарным і жанчынам з немаўлём. На тэрыторыі раёна дзевяць сем’яў вымушаных перасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей працягваюць атрымліваць штомесячную дапамогу на набыццё тавараў першай неабходнасці.

У мінулым годзе ў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа паступіла гуманітарная дапамога ад Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў выглядзе прадуктаў, адзення і абутку, цацак, сродкаў асабістай гігіены, канцылярскіх прылад і т. п. «54-м сем’ям былі выдзелены прадуктовыя наборы, 47-мі сем’ям – неабходныя рэчы», – падвяла вынік Ірына Жаўняркевіч.

Дапамога з замежжа – гэта адно, але і побач з намі жывуць спагадлівыя людзі, якія таксама ўносяць пасільны ўклад у дабрачыннасць. Сярод іх – Юрый Сінянкоў, Уладзімір Сарока, Вадзім Грамыка, Сяргей Яфімаў, Ілья Рыбак, Юлія Сазон, Анатоль Пазняк, Таццяна Крыўко. Падзякі за дабрачыннасць і падтрымку раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа былі ўручаны кіраўніцтву Стаўбцоўскіх электрасетак, ААТ «Вялікі Двор», цэнтральнай раённай бальніцы, райвыканкаму і непасрэдна яго аддзелам – ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму.  

Слова было прадастаўлена намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлане Жыбуль, якая курыруе пытанні ўзаемадзеяння органаў мясцовай улады з грамадскімі арганізацыямі. «Іх у раёне зарэгістравана больш за 40, і раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа сярод тых, што карыстаюцца аўтарытэтам і павагай у грамадстве, – адзначыла Святлана Жыбуль. – У нас наладжана ўзаемаразуменне і канструктыўнае супрацоўніцтва».

Рабоце раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа дадзена здавальняючая ацэнка, а яе старшыня Ірына Жаўняркевіч аднагалосна пераабрана на новы тэрмін. Сваю падтрымку выказала ёй падчас канферэнцыі і старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Мусянкова.

– Тое, што зроблена ў вашым раёне, – гэта вялікі аб’ём работы, – выказала задаволенасць выступоўца. – Адчуваецца падтрымка раённай арганізацыі на ўсіх узроўнях улады, плённае супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Гуманітарныя грузы мы перадаём старшыні раённай арганізацыі, і на месцы гэтая дапамога размяркоўваецца таму, хто мае ў ёй патрэбу. Такім чынам, дзейнасць арганізацыі становіцца больш празрыстай. Вашы пярвічныя арганізацыі адгукнуліся на нашу просьбу адносна аплаты членскіх узносаў па заявачным прынцыпе. Заклікаю пашыраць маштаб дабрачынных акцый шляхам «кааперацыі» з суседнімі раёнамі. Гэтаму ёсць добрыя прыклады.    

Людміла Мусянкова падзялілася сучаснымі напрамкамі дзейнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на Міншчыне. Усе яны надзвычай запатрабаваныя, дастойныя павагі і падтрымкі, але найбольш уразіла сярод іх дзейнасць службы сясцёр міласэрнасці, якія сумесна са спецыялістамі тэрытарыяльных цэнтраў абслугоўваюць цяжкахворых людзей, валанцёрскіх атрадаў па надзвычайных сітуацыях, якая вядзецца паралельна з навучаннем насельніцтва спосабам догляду цяжкахворых, аказання першай дапамогі.      

НА ЗДЫМКУ: Ірына Жаўняркевіч і Людміла Мусянкова ўручаюць падзяку Элеаноры Місько, прадстаўніку адной з самых актыўных у раёне пярвічных арганізацый Чырвонага Крыжа –Стаўбцоўскіх электрасетак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

З 8-га мая па 1-га чэрвеня аб’яўлены штогадовы рэспубліканскі месячнік Чырвонага Крыжа. Падчас яго збіраюцца сродкі для аказання дапамогі падапечным службы міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, іншым адзінокім пажылым і цяжка хворым людзям, інвалідам.

Свае ахвяраванні можна пералічыць на разліковы рахунак 3015006443719 у аддзяленні 537 г. Мінск ААТ «Белінвестбанк», код 739, УНП 100648873 ( з абавязковай пазнакай – «Месячнік Чырвонага Крыжа»).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *