Аб вытворчым траўматызме

Нумары Пракурорскі нагляд

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Былі разгледжаны таксама пытанні аб стане работы па папярэджанні вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна.

У мінулым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 12 выпадкаў вытворчага траўматызму, што на 7 выпадкаў больш у параўнанні з 2015 годам. Пры гэтым пяць няшчасных выпадкаў летась адзначаны ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу – у ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», «Шашкі», «Рубяжэвічы», «Жацерава», «Вялікі Двор». У першым квартале 2017 года на тэрыторыі раёна адбыліся тры выпадкі вытворчага траўматызму.

У 2016 годзе ў параўнанні з 2015 годам адзначана нязначнае скарачэнне колькасці няшчасных выпадкаў на вытворчасці з цяжкім зыходам – з трох да двух. Указаныя факты зарэгістраваны на тэрыторыях ДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас» і УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ». Аднак адбыліся выпадкі смяротнага траўматызму – у ААТ «Навасвержанскі лесазавод» і ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Асноўнымі прычынамі, што спрыяюць вытворчаму траўматызму, з’яўляюцца як бяспечнасць і ігнараванне элементарных правілаў па тэхніцы бяспекі самімі пацярпелымі, так і неналежнае выкананне заканадаўства аб ахове працы адказнымі службовымі асобамі арганізацый і прадпрыемстваў.

З мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму пракуратурай раёна ў 2016 годзе праведзены праверкі захавання патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» і на філіяле «ППР «Бройлер» ААТ «Агракамбінат Дзяржынскі». Па выніках праверак унесены прадстаўленне і прадпісанне, з мэтай выканання якіх сем асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

У першым квартале 2017 года пракуратурай раёна праведзена праверка захавання патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы ў ААТ «Навасвержанскі лесазавод». Па выніках праверкі ўнесена прадстаўленне, пяць асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Пракуратурай раёна таксама ўдзяляецца ўвага пытанням аховы працы і пры правядзенні маніторынгаў у арганізацыях аграпрамысловага комплексу. Летась такія маніторынгі былі праведзены ў ААТ «Рубяжэвічы», «Радзіма Дзяржынскага», «Рочавічы», «Агранёманскі», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра», «Радзіма Якуба Коласа», «Каганец», СГФ «Аталезь-агра». Выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства па ахове працы. Кіраўнікам указаных гаспадарак унесена 13 прадстаўленняў, 28 работнікаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Такія маніторынгі праведзены і ў першым квартале 2017 года. Пры абследаваннях у ААТ «Агранёманскі», «Шашкі», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства па ахове працы. Кіраўнікам гэтых гаспадарак унесены чатыры прадстаўленні.

Выяўленыя ў ходзе праверачных мерапрыемстваў парушэнні сведчаць аб неналежным выкананні прадпрыемствамі і арганізацыямі аграпрамысловага комплексу раёна патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», заканадаўства ў сферы аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Прычынамі дапушчаных парушэнняў з’яўляюцца халатныя адносіны кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна да выканання сваіх прамых службовых абавязкаў, ігнараванне элементарных правілаў тэхнікі бяспекі, а таксама адсутнасць належнага кантролю з боку адказных службовых асоб у даным накірунку, што садзейнічае ўзнікненню няшчасных выпадкаў і траўміраванню людзей на вытворчасці.

Па выніках каардынацыйнай нарады прыняты дадатковыя неабходныя меры па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці ўпаўнаважаных органаў дзяржаўнага кіравання, накіраванай на прафілактыку і папярэджанне вытворчага траўматызму ў арганізацыях і на прадпрыемствах Стаўбцоўскага раёна.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *