У сельгаставарыствах Стаўбцоўшчыны

Нумары Сельская гаспадарка

1705f

ВЫЛУЧАЮЦЦА СТАРАННАСЦЮ

Ладзяцца малочныя справы ў ААТ «Каганец». Жывёлаводы гэтага таварыства па-ранейшаму ў ліку лепшых і трывала замацаваліся на трэцім месцы ў рэйтынгавай табліцы. Сярод аператараў машыннага даення асаблівай стараннасцю вылучаецца Алена Райская. Алена Канстанцінаўна працуе на МТФ «Засулле». Стаж работы ў жанчыны невялікі, на работу ў таварыства яна ўладкавалася два гады назад, але ўжо набыла неблагі вопыт. За чатыры месяцы бягучага года надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 3026 кілаграмаў малака і прыбавіла 742 кілаграмы – гэта лепшы паказчык у гаспадарцы. Ларыса Статкевіч працуе па МТФ «Зарэчча» даяркай таксама два апошнія гады. У пачатку сваёй працоўнай біяграфіі завіхалася цялятніцай, але потым змяніла прафесію. Вярнулася на працу ў гаспадарку і мае неблагі вынік у рабоце – з пачатку года атрымала ў сярэднім ад кожнай каровы каля дзвюх з паловай тысяч кілаграмаў малака. Шчыруе поруч з Ларысай Уладзіміраўнай малады аператар машыннага даення Алеся Пермінава. Жанчына стараецца не адставаць ад сваіх калег, і ёй гэта ўдаецца. На МТФ «Ячонка» рупіцца Алена Рубін, якая таксама мае высокі паказчык.

На здымку: (злева направа) аператары машыннага даення Алеся Пермінава, Ларыса Статкевіч, Алена Райская і Алена Рубін.

 

ЛІДЗІРУЕ «ВЯЛІКІ ДВОР»

Па выніках работы малочнатаварных фермаў раёна за чатыры месяцы бягучага года, а налічваецца 53 вытворчыя падраздзяленні, вызначыліся дзесяць лепшых калектываў. У лідары выйшлі жывёлаводы МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Узначальвае перадавую ферму брыгадзір Андрэй Мяшок. У сярэднім ад кожнай каровы тут атрымана 2979 кілаграмаў малака. На другім, трэцім і чацвёртым месцах — працаўнікі МТФ «Цэнтр», «Церабейнае» і «Целяхі» ТАА СЖК «Налібакі» з вынікамі 2877, 2864 і 2811 кілаграмаў адпаведна. Пятую прыступку займаюць работнікі МТФ «Засулле» ААТ «Каганец», якія надаілі ад кожнай каровы 2726 кілаграмаў. На шостым месцы — рупліўцы МТФ «Пруды» ТАА «СЖК «Налібакі», на сёмым – МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», на восьмым і дзявятым – МТФ «Ячонка» і «Зарэчча» ААТ «Каганец», на дзясятым – МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» з паказчыкамі 2689, 2648, 2479, 2430 і 2301 кілаграм адпаведна.

 

З ВЫСОКАЙ ПРЫБАЎКАЙ

З пачатку года на МТК «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра» надоена ў сярэднім ад кожнай каровы 2036 кілаграмаў малака. Дасягнута даволі значная прыбаўка – 301 кілаграм. Брыгадзір сучаснага комплексу Марыя Талака гаворыць, што вынікам задаволена. Зімоўка жывёлы прайшла паспяхова, бо ў гаспадарцы нарыхтавалі дастатковую колькасць якасных травяных кармоў. Пераходным запасам разлічваюць падкормліваць кароў і летам.

Цяпер у памяшканнях утрымліваецца нямногім больш за 560 кароў, але да канца года пагалоўе разлічваюць павялічыць да шасцісот, бо ёсць пастановачныя месцы. Гэтымі днямі штодзённы надой ад каровы па ферме складае каля 18 кілаграмаў, і паводле слоў Марыі Антонаўны паказчык будзе павялічвацца, бо карміць кароў ужо пачалі і сакавітымі зялёнымі кармамі. Нізкаўдойных кароў выбракоўваюць. Рамонтнага пагалоўя дастаткова, і ўвод пяршачак у асноўны статак складае ад 20 да 30 працэнтаў.

Лепшай стала якасць малака: на ААТ «Здравушка-мілк» з пачатку года прадукцыя адсюль адгружаецца толькі гатункам «экстра».

– Мы да гэтага імкнуліся, набывалі неабходныя мыйныя сродкі, – расказвае брыгадзір. – Пастаянна праводзілі з людзьмі растлумачальную работу. І ўсё ў нас атрымалася. У даярак прыкладна на 100 рублёў стала вышэйшай зарплата, людзі стараюцца. Кожны дзень яны цікавяцца, якім гатункам здалі малако.

Як бачна, матэрыяльнае стымуляванне адыгрывае першачарговую ролю.

Марыя Антонаўна згадвае, што дабіцца высокай якасці малака дапамаглі прадстаўнікі Барысаўскага гармалзавода «Здравушка». Работнікі комплексу строга выконваюць іх патрабаванні і парады.

Высокія вынікі дасягаюцца добрасумленнымі адносінамі людзей да даручанай справы. У даільнай зале завіхаюцца вопытныя аператары машыннага даення. У Галіны Шашко стаж работы вымяраецца дзесяцігоддзямі. Жанчына зарабіла пенсію, але працягвае працаваць. Валянціна Калянко і Марыя Шыла таксама доўгі час працуюць у жывёлагадоўлі. Шчыра рупяцца жывёлаводы Уладзімір Рачок, Іван Славінскі, Васілій Пявец, Міхаіл Баран. На комплексе акрамя дойнага статка ўтрымліваюцца і цяляты, якіх з веданнем справы даглядаюць Святлана Дзявойна і Галіна Загуста. Гадаванцы ў іх групе штодзень прыбаўляюць па 800-900 грамаў.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІ Ў КРАСАВІКУ

У сярэднім ад кожнай каровы за красавік надоена 454 кілаграмы малака. Гэта на шэсць кілаграмаў менш, чым у сакавіку, але на 11 кілаграмаў больш за адпаведны перыяд летась. У сярэднім на 90 кілаграмаў кожны месяц павялічваецца надой ад каровы ў ААТ «Вішнявецкі-агра». З неблагой прыбаўкай працуюць жывёлаводы ААТ «Дзераўное». У мінулым месяцы змінусавалі сем гаспадарак. Па выніках работы за чатыры месяцы на вышэйшы радок у рэйтынгавай табліцы перамясціліся агранёманскія рупліўцы, падняліся на адну прыступку і шашкоўскія жывёлаводы.

Вытворчасць мяса ялавічыны застаецца практычна на ўзроўні. Па-ранейшаму самыя высокія сярэднясутачныя прывагі ў ААТ «Вялікі Двор» і «Агранёманскі». Істотна прыбаўляюць вішняўчане, нарошчваюць вытворчасць дзеряўнянцы. Змяншаюцца паказчыкі ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і «Шашкі».

 

ПАШАВЫ ПЕРЫЯД

На малочнатаварных фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна пачаўся пашавы перыяд. Як адзначае начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Галіна Шуранкова, пераход адбываецца планамерна. Кіраўніцтвы гаспадарак парупіліся аб набыцці ўсіх неабходных дзеля гэтага прылад – электрапастухоў і дроту, бочак з вадой. Усюды, акрамя ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», своечасова былі зроблены прагоны для жывёлы. Напрыканцы красавіка выйшлі на пашы ўсе малочныя гурты ў ААТ «Агранёманскі». Пасвіліся каровы ў ААТ «Каганец», Вішнявецкі-агра». Паступова, па меры адрастання травы, вывелі жывёлу на пашу і астатнія гаспадаркі. Дойны статак з МТФ «Мешычы» ААТ «Радзіма Дзяржынскага» пасвілі па азімым жыце.

 

СВІРЭПІЦА НА ПАДКОРМКУ

Гаспадаркі раёна летась пасеялі тысячу гектараў азімай свірэпіцы. У пачатку мая большасць сельгаспрадпрыемстваў прыступіла да ўборкі гэтай культуры на падкормку жывёле. Ужо ўбрана трэцяя частка пасяўных плошчаў, з якіх атрымана каля трох тысяч тон пажыўнай сакавітай травы. Правяленая зялёная маса завозіцца на фермы і скормліваецца каровам у сумесі са шматгадовымі травамі, што дазваляе павялічваць надоі малака. Самую высокую ўраджайнасць свірэпіцы атрымліваюць працаўнікі ААТ «Дзераўное» – звыш 140 цэнтнераў зялёнай масы з гектара.

 

ПАЕЗДКА Ў ПОЛАЦК

Абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізаваў для лепшых аператараў машыннага даення вобласці заахвочвальную паездку ў старажытны Полацк. Ад нашага раёна паехалі на экскурсію Людміла Зянько з ААТ «Агранёманскі» і Алена Лендзель з ААТ «Жацерава». Жанчынам паездка вельмі спадабалася. Як расказала Людміла Генадзьеўна, яны пабывалі ў Сафійскім саборы. Наведалі заснаваны Ефрасінняй Полацкай Спаса-Ефрасіньеўскі манастыр і яго жамчужыну – царкву з унікальнымі фрэскамі. Захапляліся і гістарычнымі помнікамі горада. Удзельнікі экскурсіі пазнаёміліся між сабою, пагутарылі аб працоўных справах. І цікава адпачылі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *