Да жыватворнай крыніцы

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

1705g

Пры ўездзе ў вёску Слабада ёсць чысцюткая жыватворная крыніца. Цяпер яе нельга не заўважыць – над прыродным ключом пастаўлены дах з дыхтоўнага нержавеючага матэрыялу. Веруючыя падыходзяць сюды з малітвай перад іконай Прасвятой Багародзіцы – крыніца асвечана.

Парупіліся накрыць гаючую крыніцу Уладзімір Жукаў і Васіль Бохан. Іх дамы – насупраць крыніцы. Васіль Васільевіч жыве пастаянна ў бацькоўскім доме, а для Уладзіміра Уладзіміравіча, цяпер стаўбчаніна, бацькаўшчына стала дачаю, якую ён беражліва даглядае. Некалі адсюль чэрпалі ваду яшчэ іх дзяды, абыходзячыся без водаправода і студні. Дзед Уладзіміра Жукава Іван Клімко некалі ўкапаў бетонны круг, а ўнук з суседам накрылі цяпер яго.

У светлыя пасхальныя дні жыхары вёскі Слабада на чале са старастам – загадчыцай мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта Святланай Клімовіч – запрасілі свяшчэнніка асвяціць крыніцу. Такое свяшчэннадзейства было здзейснена і ў святыя дні Хрышчэння Гасподняга. Клірык кафедральнага сабора святой праведнай Ганны іерэй Георгій Кур’ян адслужыў вадасвятны малебен. Вяскоўцы прыйшлі з малітвенным пасхальным настроем, з удзячнасцю свяшчэнніку за такую ўвагу да іх просьбы і з посудам для вады.

Святая вадзіца родных мясцін будзе для ацалення душы і цела, для ўжытку на ўсякую добрую патрэбу. Слабадчане вырашылі зрабіць традыцыяй некалькі разоў на год асвячаць гаючую крыніцу.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *