Перспектыва «Пана Ежы»

Нумары Прадпрымальніцтва

image_pdfimage_print

2005a

У былой лазні воінскай часці, што не адзін дзясятак гадоў прыцягвала бадзяжных жывёлін, прадпрымальны жыхар Наваколасава Юрый Іваноўскі змог арганізаваць вытворчасць па перапрацоўцы гародніны, якую ў пераважнай большасці сам і вырошчвае.

Свая справа: і работа, і дом

Сваю сялянскую фермерскую гаспадарку Юрый назваў «Пан Ежы» (Ежы – аналагічна польскаму Юрый). Маладому чалавеку толькі 29, і ўласныя амбіцыёзныя планы ён рэалізоўвае напорыста, з падвоенай энергіяй. У 2013 годзе ён выкупіў будынак з аўкцыёну, а ўжо сёння выпускае ў ім прадукцыю, якая рэалізуецца ў буйных гандлёвых аб’ектах розных гарадоў рэспублікі, вытрымліваючы канкурэнцыю з іншымі вытворцамі. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час яе можна будзе набыць і ў магазінах нашага раёна.

Фермер пакуль і абсталяваўся ў свабоднай частцы будынка. «Так больш паспяваеш, трымаеш усё пад кантролем», – тлумачыць Юрый падобнае сумяшчэнне. У перспектыве на гэтых плошчах ён плануе адкрыць міні-цэх па вырабе поліэтыленавай тары, каб выйсці на замкнёны вытворчы цыкл, і гэтым знізіць сабекошт прадукцыі. Фермерства Юрый так і ўяўляе: гэта працэс ад поля да гатовай прадукцыі.

Яго рабочы дзень пачынаецца ў 6-7 раніцы, заканчваецца ў 9 вечара. Дапамагаюць яму на даны момант сем работнікаў (не ў лік «пазаштатны» ахоўнік тэрыторыі – чацвераногі Байкал). Работа іх ужо арганізавана ў дзве змены. «З павелічэннем продажаў з’явяцца абаротныя сродкі і магчымасць ствараць новыя рабочыя месцы», – дзеліцца планамі Юрый.

Сёння сам ён фактычна працуе і кіраўніком, які прымае рашэнні і ставіць задачы, і, з улікам рэальнага фінансавага становішча, падначаленым, які бярэ на сябе выкананне часткі гэтых задач. Балазе, ён валодае многімі прафесіямі і работы не баіцца.

– Учора араў поле. У гэтую пару шмат работы з зямлёй, – заўважае Юрый і выказвае ўдзячнасць старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву, пры падтрымцы якога фермер у 2014 годзе атрымаў 7 гектараў зямлі. – Выдзелены зямельны ўчастак знаходзіцца непадалёку, у Бярозаўцы. Прывялі яго ў парадак і ў гэтым годзе разлічваем на нармальны ўраджай.  

Па прынцыпе аўтсорсінгу

Калі мы прыехалі, Юрый на тэрыторыі сваёй гаспадаркі якраз рабіў агляд пасеваў капусты на расаду. Акуратна зазірнуў пад спанбонд: «Тут 35 тысяч каліваў. Высявалі сарты, якія найлепш падыходзяць для квашання».

У полі фермер пасеяў гектар морквы, пасадзіў часнок. З расадай гэтай культуры, каб дабіцца патрэбнай якасці, прыйшлося павазіцца. Агуркі плануе закупіць у партнёраў-фермераў з паўднёвых раёнаў рэспублікі.

Гаспадар запрашае ў вытворчыя памяшканні, майстэрню для тэхнікі, якія стварыў у былой лазні. Праведзеная рэканструкцыя надала ім сучасны выгляд, кампактнасць. Пра культуру вытворчасці гаворыць «спецыялізацыя» кожнага памяшкання, бытоўка з гардэробам, санвузел з наборам гігіенічных і мыйных сродкаў. Работнікі працуюць у спецадзенні. Выпускаюць некалькі відаў салатаў з морквы па-карэйску. Тут жа іх і фасуюць у поліэтыленавую тару ёмістасцю 0,25-0,3 кг. «Працуем згодна з заяўкамі. Заўтра гэтая прадукцыя паступіць у гандлёвую сетку. На складзе ў нас нішто не залежваецца», – каменціруе фермер.

На этыкетцы чытаем: «Салат «Хуторской». «Пан Ежы» да ўласнага брэнда пакуль не дарос, таму на прынцыпах аўтсорсінгу выкарыстоўвае гэтую гандлёвую марку. У мінулым годзе фермерская гаспадарка рэалізавала праз гандлёвую сетку 50 тысяч банак квашанай капусты, 40 тысяч банак салатаў з морквы па-карэйску ў асартыменце, 15 тон салёных агуркоў, 3 тоны салёнага часнаку. Якасць прадукцыі пацверджана сертыфікатам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

– Пакуль выходзім на нуль, а плануем працаваць з плюсам, – дзеліцца эканамічным бокам справы Юрый Іваноўскі.

У гэтым годзе ён думае ўкласці заробленае ў рамонт фасада будынка: уцяпліць яго, а ліцавы бок аформіць у нацыянальным стылі. Тэрыторыю ўжо аздабляюць пасадкі туй і кустоў парэчкі.

Прадпрымальніцкая жылка

Малады і прадпрымальны беларус Юрый Іваноўскі ўжо шмат дзе паездзіў і чаму навучыўся. Першае, з бацькамі-ваеннымі, якіх служба кідала ў розныя кропкі. Другое і самае важнае – гэта пошук уласнага шляху.

Пасля школы закончыў Беларускі інстытут правазнаўства. Праходзіў практыку, а потым працаваў у пракуратуры Маскоўскага раёна г. Мінска. Хутка зразумеў, што гэта не яго занятак. З дыпломам юрыста-міжнародніка і веданнем дзвюх замежных моў уладкаваўся ў ПМК-233 вучнем муляра. За адносна кароткі час здаў на чацвёрты разрад. Тады назіраўся будаўнічы бум, і кваліфікаваны муляр аказаўся запатрабаваным. Пайшлі «шабашкі» па Беларусі і далей. Апошняй кропкай стала Крайняя Поўнач.

Калі вярнуўся адтуль у Наваколасава, якраз прадаваўся з аўкцыёну будынак былой лазні. За частку заробленага капіталу і набыў яго. Дакладна ведаў для чаго – каб займацца перапрацоўкай гародніны.

З фермерствам ён пазнаёміўся яшчэ ў школьныя гады, калі праводзіў час у бабулі і дзядулі ў Нясвіжы. Зямлёю займаўся яго дзядзька. Падлетку было выдзелена сваё поле са сталовымі буракамі. Дзядзька навучыў пляменніка працаваць з часнаком, саліць яго. Салёны часнок уласнай вытворчасці Юрый прапаноўваў у сталічныя рэстараны і, такім чынам, самастойна аплачваў сваю вучобу ў інстытуце. Бацькі шмат расказвалі яму пра еўрапейскіх фермераў, бо ў свой час, пасля развалу вялікай краіны і яе арміі, ездзілі да іх працаваць.  

Пасля пакупкі будынка яму прадстаяла карпатлівая работа па добраўпарадкаванні. Агароджваў тэрыторыю. Вывозіў смецце. Займаўся падсыпкай, на якую пайшло 10 МАЗаў-«дваццацітоннікаў» пяску. Бетаніраваў падлогу. Тынкаваў сцены. Усё па-новаму, таму што з безгаспадарнага будынка амаль усё было расцягнута. Ганарыцца тым, што сам аднавіў сістэмы халоднага і гарачага водазабеспячэння.

Фронт работ рос – зберажэнняў не хапала. Тады прадаў свой дарагі аўтамабіль. Узяў адзін крэдыт, другі, трэці… Трактар і грузавы аўтамабіль набыў у лізінг.  

Справа закруцілася. Стварэнне ўласнай сям’і ў Юрыя пакуль толькі ў планах…    

Дзелавой актыўнасці – падтрымка  

Людзей з прадпрымальніцкай жылкай, такіх як Юрый Іваноўскі, гатовы падтрымаць органы мясцовай улады. На іх дзелавую актыўнасць разлічвае і Прэзідэнт, які ў Пасланні беларускаму народу і парламенту краіны 21 красавіка бягучага года акрэсліў значнасць укладу ініцыятыўных людзей у развіццё эканомікі, выказаў надзею на плённыя партнёрскія адносіны дзяржавы і бізнесу.

НА ЗДЫМКАХ: фермер Юрый Іваноўскі знаёміць са зробленымі пасадкамі; у вытворчым цэху.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *