Мара і любоў

Адукацыя Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

2705h

З МАРАЮ – У МАСТАЦТВЕ І Ў ЖЫЦЦІ

«Свет з марай» – такую прыгожу назву насіў міжнародны конкурс дзіцячага малюнка, праведзены напярэдадні Дня абароны дзяцей. Ён штогадовы і мае мэтай зацвярджэнне ў грамадстве каштоўнасці жыцця чалавека, сям’і і дзіцяці.

Наколькі дзеці непасрэдна, праз сваё ўнутранае ўспрыняцце могуць выказаць гэтыя каштоўнасці, паказалі малюнкі выхаванцаў мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. У намінацыі конкурсу «Паступай з іншымі так, як хочаш, каб з табою паступалі» дзеці прыдумалі вельмі нечаканыя і кранальныя сюжэты.

–             Ідэя гэтага конкурсу важная тым, – расказвае выкладчык мастацкага аддзялення Ірэна Зянько, –што дзеці ў сваіх малюнках паказалі, наколькі жывыя іх душы, як яны могуць убачыць у навакольным свеце адметнае, як умеюць суперажываць, спачуваць. Для нас было адкрыццём бачыць нечаканыя сюжэты на малюнках дзяцей, якія не пакінуць раўнадушным ні дарослага, ні дзіця. Малюнкі не толькі вобразныя ў перадачы ідэі, але і па-філасофску напоўненыя. Гэта вельмі няпроста – прыняць у сваё сэрца чалавека з асаблівасцямі, сагрэць яго клопатам і сумець перадаць гэтую любоў фарбамі.

З вялікай колькасці работ VІ Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Свет з марай» чатыры мастацкія работы выхаванцаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў увайшлі ў колькасць 50-ці лепшых работ, а Паліна Камёнка атрымала дыплом ІІ ступені. На яе малюнку – кранальны сюжэт грацыёзных танцавальных пар з інвалідам-калясачніцай.

Паліна Камёнка, а таксама Мілана Шчэцька, Яўген Новікаў, Марыя Булаш і Ксенія Сырадоева, чые работы ўвайшлі ў 50 лепшых, атрымалі запрашэнне прыняць удзел у гарадскім фестывалі сям’і, які адбыўся ў парку Горкага ў Мінску. Ім былі ўручаны ўзнагароды. Акрамя гэтага дзеці маглі паўдзельнічаць у конкурсах, атрымаць балы-сямейкі.

Вельмі прыемным момантам свята для дзяцей і іх бацькоў было ўбачыць сваю работу на выставе малюнкаў у парку.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Яўген Новікаў і Ксенія Сырадоева; злева направа – Марыя Булаш, Мілана Шчэцька і Паліна Камёнка.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З ЛЮБОВІ

З нагоды Дня сям’і ў нашым Доме культуры было праведзена свята для вяскоўцаў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева. Да кожнага сэрца дайшло слова настаяцеля храма Сабора ўсіх беларускіх святых протаіерэя Віталія Шаркова. Гэтае свята нас аб’яднала, таму што ўсе былі аднадушныя ў меркаванні: сям’я – галоўная прыстань у жыцці кожнага чалавека. Вельмі важна захаваць свой сямейны саюз да канца дзён, як святыя Пётр і Фяўронія, гісторыя якіх не пакідае раўнадушным ніводнага чалавека. Радуе, што ў сучасным грамадстве расце статус моцнай здаровай сям’і.

На працягу ўсёй урачыстасці дарылі свае песні не толькі дарослыя, але і нашы юныя салісты: Вікторыя Прыбытка, Дар’я Лукша, Аліна Шэдзь, Надзея Дзямянка. Нікога не пакінуў раўнадушным іспанскі танец у выкананні Вольгі Багджыгіль. Хочацца падзякаць і салістам Ірыне Галабурда, Мікалаю Канапацкаму, Марыне Кутас, Алене Явід, Кацярыне Масойць, Марыі Анісавец, танцавальнай групе ў складзе Анастасіі Вяршына, Аліны Калкоўскай, Яўгенія Кавалеўскага, Аляксея Слабейкі, Анастасіі Мацука, Маргарыты Буцька, Рамана Калошыча, Захара Радзіона пад кіраўніцтвам Наталлі Паповай, гукарэжысёру Валерыю Малухіну.

У народзе кажуць, што калі ў дом заходзіць жанчына, у доме адразу становіцца светла, калі заходзіць мужчына, у доме становіцца цёпла, калі заходзіць дзіця, у доме становіцца радасна. Мы хочам пажадаць, каб пад дахам кожнага дома, у кожнай сям’і было светла, цёпла і радасна!

Лідзія КІРЫЛЕНКА,мастацкі кіраўнік Шашкоўскага дома культуры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *