Стаўбцоўскі «Нёман» – прызёр Кубка Еўропы

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

3105d

Навіна, якая сапраўды ўскалыхнула аматараў спорту. У нашым горадзе – буйны міжнародны турнір, прытым з удзелам стаўбцоўскай каманды. На запоўненых трыбунах залы фізкультурна-аздараўленчага комплексу – і людзі з жыццёвым і спартыўным вопытам, і моладзь.

На сценах залы ФАКа – афіцыйныя атрыбуты: дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь, Чэшскай Рэспублікі і Ізраіля. Каманды гэтых краін аспрэчваюць Кубак Еўропы па футзале сярод ветэранаў. Змешчана і сімволіка, што ўказвае на арганізатараў спаборніцтваў: Еўрапейскую федэрацыю футзала, Беларускую федэрацыю футбола ў залах і структуры нашага Стаўбцоўскага раёна.

Футзал менш на слыху, чым традыцыйна надзвычай папулярны ва ўсім свеце вялікі футбол. І балельшчыкі-навічкі стараюцца ўсвядоміць адрозненні. Самае відавочнае: у саставах камандаў па чатыры палявыя ігракі і варатар. І, зразумела, значна меншая памерам, зальная, пляцоўка. Гульня вельмі дынамічная. Галявыя моманты, падобна як у хакеі ці гандболе, адзін за адным узнікаюць то каля адных, то ля супрацьлеглых варот.

Праўда, ёсць сярод балельшчыкаў і тыя, хто ўжо мае практычны вопыт гульні ў міні-футболе, ці футзале. Аматары збіраюцца ў зале ФАКа на трэніроўкі, праводзяцца і таварыскія сустрэчы. Дарэчы, самы актыўны прыклад паказвае тут і каманда райвыканкама.

Што датычыць афіцыйных матчаў, то сёлета ў нашым ФАКу праводзіліся сустрэчы чэмпіянату і Кубка Беларусі па футзале. Арганізацыі гэтых спаборніцтваў была дадзена высокая адзнака, што і стала адной з прычын прапановы правесці ў Стоўбцах турнір еўрапейскага ўзроўню.

Права змагацца за Кубак Еўропы па футзале сярод ветэранаў атрымалі каманды «Неміроф» (Ізраіль), па два калектывы з Чэхіі – СК «Жэлове» і БТ «Ежэк», а таксама з Беларусі – «Бабры» (Мінск) і «Нёман (Стоўбцы). Ветэраны ў спорце – паняцце адноснае. Сорак ці больш гадоў для мужчыны не ўзрост. А калі падтрымлівае спартыўную форму, не растраціў майстэрства, то можа паказаць клас на зайздрасць маладым. Тым больш, ёсць вялікі вопыт, які ў любой справе падмога.

Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь, мелодыя, якая прадстаўляе Еўрапейскую федэрацыю футзала. «Мы рады вітаць удзельнікаў спаборніцтваў на нашай стаўбцоўскай зямлі, – гаворыць, адкрываючы турнір, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. – Упершыню турнір такога высокага рангу праводзіцца ў нашым горадзе, у новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Дзякуй за давер. Мы будзем гатовы прыняць у сябе і спаборніцтвы сусветнага ўзроўню». Юрый Мікалаевіч пажадаў усім удзельнікам удачы.

Галоўны суддзя спаборніцтваў, член выканкама Еўрапейскай фэдэрацыі футзала Аляксандр Асун і першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола ў залах Сяргей Сафронаў таксама выказалі пажаданні поспехаў усім удзельнікам, а гледачам – захапляючых момантаў гульні. Быў агучаны намер і далей выкарыстоўваць выдатную спартыўную арэну ў Стоўбцах для арганізацыі буйных міжнародных спаборніцтваў.

Урачыстае адкрыццё турніру адбылося першай каляндарнай гульнёй паміж камандамі «Нёман» і «Неміроф». Апладысментамі сустракалі балельшчыкі спартсменаў, бурна віталі іх удалыя, майстарскія дзеянні і, вядома ж, забітыя галы. Павел Дзядзюля стаў аўтарам усіх чатырох галоў стаўбчан. Ізраільцяне адказалі трыма. Гульня, у якой перавагу мелі нашы футбалісты, закончылася на іх карысць з лікам 4:3. У гэты ж дзень «Бабры» адолелі «Жэлове» – 4:1.

Напружанай выдалася гульня нёманцаў у мінулы чацвер з тымі ж упартымі «Бабрамі». Пасля першага тайма, які ў футзале доўжыцца 15 мінут, лік быў роўным – 2:2. Затым госці выходзяць наперад – 3:2, нашы лік зраўнялі – 3:3. Усё вырашылася незадоўга да канца матча, калі з дзвюма імклівымі атакамі гасцей не змагла справіцца абарона «Нёмана». Нашы паспелі адказаць яшчэ толькі адным голам – 5:4 на карысць каманды «Бабры».

А ў пятніцу, калі стаўбчане сустрэліся з чэшскім «Ежэкам», балельшчыкі мелі значна менш хваляванняў. Не прайшло і пяці мінут гульні, а на табло значылася – 2:0 на карысць «Нёмана». Неўзабаве нашым удалася яшчэ адна выніковая атака. А на зыходзе сустрэчы канчатковы лік стаў 4:0. Аднак жа нельга сказаць, што гэтая перамога дасталася лёгка. Асабліва адзначыць тут варта нашага варатара Васіля Гарэліка. Ён смела парыраваў магутныя ўдары сапернікаў, кідаўся ў ногі нападючым, але адстаяў свае вароты «сухімі». Як гаворыцца, кураж злавіў і варатар каманды Чэхіі, які не дазволіў, каб лік стаў яшчэ больш разгромным.

У суботні, апошні дзень спаборніцтваў яшчэ дзвюма перамогамі аформілі сваё лідарства ў турніры футбалісты сталічных «Баброў». Яны набралі 12 ачкоў і сталі недасягальнымі для сапернікаў. Такім чынам, каму дастануцца другая і трэцяя прызавыя прыступкі, вырашалі ігракі «Нёмана» і СК «Жэлове». І тут нашы адкрылі лік, першы гол на рахунку Аляксея Кудраўцава. Праўда, затым удача спадарожнічала і гасцям – 1:1. На зыходзе першай паловы матча дакладны ўдар удаецца Сяргею Шынгелю – 2:1.

Мінут за пяць да канца гульні нёманцы робяць перавагу больш упэўненай, Андрэй Гармаза забівае трэці мяч. Адзінае, што застаецца чэшскім футбалістам, – скараціць разрыў. 3:2 на карысць стаўбчан.

І вось урачыстыя моманты цырымоніі закрыцця турніру. Кубак Еўропы па футзале сярод ветэранаў уручаецца камандзе «Бабры» (Мінск). А сярэбраныя медалі з памятным кубкам пад гучнае вітанне балельшчыкаў атрымалі ігракі стаўбцоўскай каманды «Нёман». Вось яны, лаўрэаты, якія заваявалі перамогу, што стане адметнай у спартыўным летапісе раёна. Гэта варатары Васіль Гарэлік і Віталій Карніцкі, палявыя ігракі Андрэй Шпадарук, Сяргей Котаў, Павел Дзядзюля, Вячаслаў Трацяк, Аляксей Кудраўцаў, Аляксандр Арлоў, Андрэй Гармаза, Віктар Юрага, Сяргей Шынгель, Андрэй Дораш, Мікалай Мазур. Лепшым іграком каманды «Нёман» прызнаны Васіль Гарэлік. Павел Дзядзюля разам з іграком каманды «Бабры» Сяргеем Кузняцовым – самыя выніковыя бамбардзіры. Стаўбчане Аляксандр Скроб і Генадзь Макась адзначаны за арбітраж спаборніцтваў. Дырэктар Стаўбцоўскай ДЮСШ і ФАКа Раман Кузняцоў атрымаў прыз за належнае правядзенне турніру. Спецыяльны кубак Стаўбцоўскаму райвыканкаму за выдатную арганізацыю спаборніцтваў у нашым горадзе ўручаны Сяргею Шэсцелю.

Ёсць у нас здатныя спартсмены, добрыя традыцыі. А цяпер і выдатны спартыўна-аздараўленчы комплекс. Стаўбцоўшчына належна пацвярджае свой імідж спартыўнага рэгіёна.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Аляксандры ЛАГУТА

 

ХУТКАСЦЬ, ДЫ НЕ НАША

«Лакаматыў» (Гомель) – каманда з багатымі традыцыямі. Архіўныя даныя з інтэрнэту могуць паказаць, што калектыў гэты паспяхова выступаў у свой час і ў першай лізе чэмпіёнаў СССР. Зразумела, што цяпер гомельскія чыгуначнікі імкнуцца быць сярод эліты і ў першынстве Беларусі.

Можа гэтым хоць крыху апраўдаецца няўдалае выступленне стаўбцоўскага «Нёмана-Агра» ў Гомелі. Нашы стараліся, але не змаглі забіць ніводнага мяча ў вароты сапернікаў. Самі ж не ўстаялі супраць хуткасных атак гамяльчан і прапусцілі ажно тры галы.

Чарговае паражэнне з лікам 0:3, і «Нёман-Агра» апускаецца на пятнаццатае, перадапошняе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе. Між тым «Лакаматыў» (Гомель) з 15 ачкамі ідзе на другім месцы, а лідзіруе па-ранейшаму каманда «Смалявічы-СГІ», на рахунку якой 19 ачкоў.

У дзявятым туры першынства Беларусі стаўбчан будзе экзаменаваць мінскі «Прамень». Сталічны клуб, калі б не «штрафныя» 10 ачкоў, якія адмінусавалі за парушэнні рэгламенту ў мінулым сезоне, быў бы сярод лідараў. Але ў намінале мае пакуль толькі сем ачкоў, усё роўна на адно больш, чым «Нёман-Агра».

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *