Грамадства

Нумары Соцыум

КАЛІ ЧАЛАВЕК НАДЗЕЙНЫ

У росквіце лета: рана прачынаецца сонца, спяваюць птушкі, будзяць наваколле. Руплівага гаспадара не трэба будзіць – ён сам ужо шчыруе з гаспадыняй на падворку.

У Галавенчыцах кожны зверне ўвагу на гэтую сядзібу: дом стаіць на ўзгорку, высокі, дагледжаны, позірк радуе прыгожае чаргаванне яркага блакіту і жаўцізны дзьмухаўца. Пабудовы ХІХ стагоддзя маюць ладны, прыгожы выгляд дзякуючы гаспадару Андрэю Трубачу. Гараджанін, ён усё сваё жыццё марыў мець свой дом, прасторны прыгожы падворак. За прыгажосць і ўтульнасць адказвае жонка Алена Яраславаўна, якой у спадчыну прыйшлася гэтая сядзіба. Андрэй Валер’евіч дзеліцца сваім настроем, што ў вёсцы і дыхаецца, і спіцца лепш. Ён гасцінна запрашае папарыцца ў лазні, якая хораша ўпісалася ў садочку, папіць бярозавіку ў альтанцы. І кожны наведвальнік адзначае ўмелую, удалую і спрытную руку гаспадара. Гэта набытак сучаснай вёскі, што гараджане так даглядаюць бацькоўскія сядзібы.

Сям’я Трубачоў надзейна ўпісалася ў вясковае жыццё, і суседзі лічаць іх сваімі. На іх можна спадзявацца і ў радасці, і ў бядзе яны прыйдуць на дапамогу.

У багатай майстэрні гаспадара знойдуцца ўсе інструменты, і суседзі могуць скарыстасць іх пры патрэбе. Аб гэтым з удзячнасцю кажа Яўген Стула.

Павага да Андрэя Трубача ва ўсіх нас выклікана не толькі тым, што ён надзейны сем’янін, добры бацька сваёй дачцэ, клапатлівы муж, але і тым, што ў свой час ён перажыў цяжкія гады, удзельнічаючы ў баявых дзеяннях на вайне ў Афганістане. Два цяжкія гады трывог, чаканняў, бяссонных начэй правяла яго маці Лілія Іванаўна Кулік, якую добра ведаюць стаўбчане і жыхары раёна як былога работніка бібліятэчнай сферы. Яна ўспамінае, як яе Андрэйка ў лістападзе ў летняй форме, стомлены, змучаны, пазваніў у дзверы з букетам чырвоных гваздзік. У сям’і беражліва захоўваюцца пісьмы ад сына-вайскоўца.

Сам ён не любіць успамінаць гэтыя цяжкія для яго дні. Нягледзячы на такія выпрабаванні ў агні і пекле, ён застаўся вельмі добрым, спагадллівым, душэўным чалавекам. Андрэй Валер’евіч валодае трапным беларускім гумарам, цікавы суразмоўца. Працуе ён вадзіцелем на Навасвержанскім лесазаводзе. Яму давяраюць адказныя рэйсы, што таксама сведчыць аб яго адказнасці, аўтарытэце і надзейнасці.

Тэрэза ДАМБРОЎСКАЯ, в. Мархачоўшчына

 

ВЫСЯЛЕННЕ

У пракуратуру раёна ад УП «Стаўбцоўскае АКС» паступілі два хадайніцтвы аб прад’яўленні ў суд іскавых заяў. Змест заяў фактычна ідэнтычны – аб высяленні з занятага жылога памяшкання без прадастаўлення іншага.

Абедзве грамадзянскія справы па іску пракурора раёна ў інтарэсах Стаўбцоўскага АКС разгледжаны судом раёна. Вынікам разглядаў стала задавальненне патрабаванняў істца ў поўным аб’ёме.

У абодвух выпадках размова ідзе пра высяленне з кватэраў дома па вуліцы Ленінскай, 81-а, у Стоўбцах. Гэта новы 24-кватэрны дом у цэнтры горада, узведзены ў 2014 годзе за дзяржаўныя сродкі. Гэтаму дому адразу, згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, быў нададзены статус сацыяльнага жылля.

Дагаворы найму жылых памяшканняў у ім былі заключаны з ільготнымі катэгорыямі грамадзян, у прыватнасці з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Адным словам, ім выдзелілі ў новым доме кватэры, поўнасцю гатовыя для пражывання. Ад навасёлаў патрабавалася толькі падтрымліваць парадак і своечасова ўносіць плату за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылым памяшканнем.

Аднак і гэты мінімум аказаўся для некаторых непад’ёмным. Адзін з адказчыкаў па справе аб высяленні задаўжаў аб’яднанню камунальных службаў 302 рублі (за кватэру агульнай плошчай 44,2 м2), другі, які пражывае разам з жонкай і дачкой у кватэры агульнай плошчай 55,9 м2, – 1227 рублёў. Пры знаёмстве з матэрыяламі судовай справы ўразіла тое, што гэтыя наймальнікі пасля ўсялення ў свае кватэры не аплацілі «жыроўкі»… ніводнага разу. У кастрычніку 2014 года яны падпісалі дагавор найму, а пачынаючы з лістапада 2014 года ў іх рос доўг.

Пагашаць яго даўжнікі ў добраахвотным парадку адмовіліся. Яны не звярталі ўвагі і на пісьмы-папярэджанні, якія слала ім аб’яднанне камунальных службаў. Чатыры разы прыйшлося звяртацца ў натарыяльную кантору раёна для здзяйснення выканаўчага надпісу на асабовых рахунках даўжнікоў, каб спагнаць утвораную запазычанасць у бясспрэчным парадку. У сувязі з гэтым аддзелам прымусовага выканання была ўзбуджана выканаўчая вытворчасць, аднак запазычанасць не ліквідавана.

У 2016 годзе аб’яднанне камунальных службаў прыбягала і да крайняй меры – прыпынення прадастаўлення даўжнікам асобных відаў камунальных паслуг, у прыватнасці іх кватэры былі адключаны ад электрычнасці. Але і гэта не паўздзейнічала. Тады ў адрас даўжнікоў было накіравана паведамленне з прапановай у добраахвотным парадку пагасіць запазычанасць за прадастаўленыя жыллёва-камунальныя паслугі, скасаваць дагавор найму жылога памяшкання і здаць яго ў тым стане, у якім калісьці яно ім было выдзелена. Паведамленне адказчыкі атрымалі, аднак аплаціць запазычанасць не захацелі, як і здаць кватэру…

Хацелася на судзе пачуць ад іх уцямлівы адказ на пытанне: усё-такі чаму не плацілі «камунальныя», на што разлічвалі? Аднак такая магчымасць не прадаставілася. Адказчыкі, належным чынам праінфармаваныя, не з’явіліся і па выкліку суда, нічога не паведамілі аб уважлівых прычынах сваёй няяўкі.

Суд, даследаваўшы і вывучыўшы ўсе прадстаўленыя доказы, прыняў рашэнне аб скасаванні дагавору найму жылога памяшкання, заключанага з абодвума адказчыкамі, аб высяленні іх з кватэр без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, а таксама аб спагнанні з кожнага дзяржаўнай пошліны ў памеры 105 рублёў.

…Цяжка нават уявіць, што сёння знаходзяцца людзі, у якіх забіраюць кватэру, а ім – «да лямпачкі». Абыякавасць такая, што гатовы адмовіцца ад дапамогі дзяржавы, якая, замест бацькоў, падставіла ім плячо, ды выселіцца «на вуліцу»…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *