«Задні ход…»

Нумары Увага - дзецям

Такога негатыву ў нашым раёне члены раённай камісіі па справах непаўналетніх за перыяд рэалізацыі Дэкрэта № 18 і не прыпомняць. Дзе гэта бачна, каб за некалькі дзён да вяртання дзяцей з прыёмнай сям’і ў біялагічную сітуацыя ў апошняй перавярнулася настолькі, што паўстала неабходнасць даваць «задні ход», а менавіта звяртацца ў суд з іскам аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў?!.

Прэцэдэнт, дагэтуль нечуваны, стварыла сям’я З., якая пражывае ў вёсцы Трылес. З боку ААТ «Шашкі», сельвыканкама, школы і іншых суб’ектаў прафілактыкі была праведзена значная работа па яе рэабілітацыі, у прыватнасці па стварэнні належных умоў для пражывання. Ужо рыхтаваліся дакументы аб вяртанні дзяцей у сям’ю. Перад гэтым бацькоў наведалі па месцы жыхарства работнікі школы. Тое, што яны ўбачылі, іначай як шокам не назавеш…

– Напярэдадні ў доме быў наведзены ідэальны парадак. Таму мы ехалі ў гэтую сям’ю з натхненнем, радасным прадчуваннем таго, што хутка дзеці будуць дома, прыйдуць у свой клас. Але гарэлка аказалася даражэй за дзяцей, – не можа стрымаць эмоцый дырэктар Шашкоўскай школы Ірына Колясень.

Пры сустрэчы замест узаемных прывітанняў прыйшлося арганізоўваць агляд бацькоў. А ён паказаў, што ў аднаго з іх алкагольнае ап’яненне складала 2,4 праміле, у другога – 2,9. Яны атрымалі заробак – купілі віна. У доме холадна, але ім не да прапальвання. Паспелі развесці ў доме бруд. Не пазнаць ужо і новую газавую пліту, якую гаспадарка набыла сям’і за свой кошт. Таварыства ж пайшло насустрач і з рамонтам пячнога ацяплення.

– За сям’ю ўсе перажывалі і дапамагалі чым маглі, – падводзіць вынік намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.    

У адказ на гэтыя клопаты гора-бацькі па-свойму «аддзячылі». Адна непрыемнасць – убачыць іх «шкляныя» вочы, другая – на кухні быў выяўлены кампрамат супраць матулі, якая працуе на ферме, – у выглядзе васьмі літраў малака ў пластыкавых бутэльках рознай ёмістасці. За крадзеж малака ўчастковым інспектарам міліцыі быў складзены ў адносінах да яе адміністрацыйны пратакол.

Пасля такой публічнай «аплявухі» ўсе, хто працаваў з гэтай сям’ёй, вымушаны былі заняць зусім іншую, супрацьлеглую, пазіцыю. Магчымасць вяртання дзяцей у біялагічную сям’ю не разглядаецца. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама рыхтуецца іск у суд аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У сувязі з гэтым падтрымана прапанова – прымусіць іх кампенсаваць выдаткі на рамонт у доме. А што далей, калі яны застануцца сам-насам, без дзяцей?..  

Старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель на гэты конт не мае ілюзій:

– У грамадстве ў такіх людзей няма перспектывы. Іх дарога вядзе да співання і маральнай дэградацыі.  

Нельга забываць: гэтую жахлівую сітуацыю перажываюць і дзеці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *