Будзем уважлівымі!

Кантроль, бяспека Нумары

ДА ПАЖАРАНЕБЯСПЕЧНАГА ПЕРЫЯДУ

Прынята рашэнне Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 11 красавіка 2017 г. № 470 «Аб падрыхтоўцы Стаўбцоўскага раёна да пажаранебяспечнага перыяду 2017 года». Зацверджаны планы прыцягнення сіл і сродкаў для тушэння лясных і тарфяных пажараў, ліквідацыі надзвычайных сітуацый у горадзе і населеных пунктах. У пажаранебяспечны перыяд неабходна арганізоўваць кругласутачнае дзяжурства адказных асоб на аб’ектах, кругласутачную работу дыспетчарскіх службаў па прыёме і перадачы інфармацыі аб пажарах, патруляванне лясных і тарфяных масіваў для своечасовага выяўлення і ліквідацыі ачагоў пажараў у пачатковай стадыі.

Пастаўлены канкрэтныя заданні, даручэнні кіраўнікам прадпрыемстваў, гаспадарак, арганізацый і ўстаноў на пажаранебяспечны перыяд.

(Рашэнне Стаўбцоўскага райвыканкама № 470 змешчана на сайце газеты «Прамень» у рубрыцы «Рашэнні»).

 

ЗВАЛКІ Ў КАР’ЕРАХ

Пракуратурай раёна падчас маніторынгу ўстаноўлена, што ў ААТ «Агранёманскі» і ААТ «Жацерава» дапускаюцца парушэнні патрабаванняў зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку ў сферы абарачэння з адходамі.

Так, у гэтых таварыствах на тэрыторыі ўнутрыгаспадарчых кар’ераў выяўлены маштабныя несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў. Чаго там толькі не знойдзеш! У вялікай колькасці – поліэтыленавыя пакеты, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўкі ад прадуктаў харчавання, будаўнічыя адходы, біты шыфер, ёмістасці з-пад лакаў і фарбаў, нават рэшткі мэблевай фурнітуры.

Разам з тым, з боку адказных асоб названых арганізацый не прымаюцца меры, накіраваныя на ўхіленне несанкцыянаваных звалак і прывядзенне тэрыторый у належны санітарны стан.

Пракуратурай раёна кіраўніцтвам ААТ «Агранёманскі» і ААТ «Жацерава» вынесены прадпісанні.

Яўген АСОСАЎ, стажор на пасадзе памочніка пракурора раёна

 

ЗАБАРОНЕНЫ МАК

З 1-га чэрвеня па 15-га верасня на тэрыторыі раёна праходзіць спецыяльная праграма «Мак». Яе мэта – недапушчэнне распаўсюджання наркотыкаў расліннага паходжання, да ліку якіх адносяцца мак і каноплі.

Найбольш даступнай сыравінай для вырабу наркотыкаў у летні перыяд з’яўляецца опій, які ўтрымліваецца ў раслінах маку. Мак і каноплі аднесены да забароненых раслін, за пасеў і вырошчванне якіх устаноўлена адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Згодна з артыкулам 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь пасеў або вырошчванне забароненых раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, цягне накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь (у 2016 годзе было складзена 15 пратаколаў). Артыкул 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф або арышт да шасці месяцаў (абмежаванне волі, пазбаўленне волі да трох гадоў) за пасеў або вырошчванне ў мэтах збыту, за выраб наркатычных сродкаў і т. п.

Усіх, каму вядомы факты захоўвання, вырабу, збыту і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама месцы вырошчвання маку і канопляў, просім паведаміць у раённы аддзел унутраных спраў па тэл. 5-11-71, 5-11-98 ці 5-19-15. Ананімнасць гарантуем.

Яўген КУРЫЛА, старшы оперупаўнаважаны РАУС

 

НЕБЯСПЕЧНАЕ СЭЛФІ

Навучэнец другога курса Мінскага машынабудаўнічага каледжа на тэрыторыі закінутай фермы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці вырашыў зрабіць сэлфі… у трансфарматарнай падстанцыі.    

Трапіўшы ў РУ-10, хлопец наблізіўся на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак і быў паражоны электрычным токам. Ён атрымаў апёкі рук і галавы другой ступені…

У сувязі з гэтым нагадваем, што катэгарычна забаронена гуляць паблізу падстанцый і паветраных ліній электраперадачы, адкрываць дзверцы электрычных шчытоў, заходзіць за агароджу і ўнутр падстанцый, залазіць на апоры паветраных ліній і мачтавых падстанцый, рабіць накіды на правады паветраных ліній, запускаць каля іх паветранага змея, залазіць на дахі трансфарматарных падстанцый, дамоў, а таксама на дрэвы, што растуць побач з лініямі электраперадачы. Нельга набліжацца да абарваных правадоў і дакранацца да іх. Будзьце ўважлівымі пры карыстанні электрычнай энергіяй і строга выконвайце правілы электразабеспячэння, дзе б вы ні знаходзіліся. Не рызыкуйце сваім жыццём, патрабуйце выканання мер перасцярогі ад усіх, хто побач з вамі.

Таццяна ГЕРАСІМОВІЧ, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»

 

НА МЕСЦЫ ТРАГЕДЫІ – ШКОЛЬНЫ ПАРТФЕЛЬ…

У мінулы чацвер, 25 мая, у Стоўбцах здарылася жудасная трагедыя – пад коламі грузавога аўтамабіля загінула 15-гадовая школьніца. Непапраўная страта не толькі для яе блізкіх, а і для сярэдняй школы № 3, дзе яна літаральна праз некалькі дзён закончыла б дзявяты клас…

Наезд адбыўся ў 14.10 на вуліцы Казлова, калі дзяўчынка нечакана выбегла на дарогу непадалёку ад пешаходнага перахода, які не рэгулюецца. Жыццё яе абарвалася на месцы здарэння. Побач засталіся ляжаць яе рэчы: школьны партфель, мабільны тэлефон, навушнікі… Кажуць, што яна бегла пасля школы да бабулі…

У адносінах да вадзіцеля, 49-гадовага работніка філіяла «Мінскэнерга» Стаўбцоўскія электрычныя сеткі, узбуджана крымінальная справа. Адразу пасля здарэння ён быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання райаддзела міліцыі. Вядзецца следства. РАУС просіць адгукнуцца сведак гэтага здарэння па нумарах тэлефонаў 102, 5-19-15.

Як паведаміў начальнік райаддзела Следчага камітэта Мікалай Скрыган, на месца трагедыі, акрамя следча-аператыўнай групы, выязджалі кіраўніцтва райаддзела міліцыі, начальнік міжраённага аддзела судовых экспертыз. Устаноўлена, што вадзіцель быў цвярозы. Усе неабходныя дакументы і яго, і адносна транспартнага сродку ў парадку. Вадзіцельскі стаж – з 1989 года.

Нагадваем яшчэ раз, што гэтымі днямі, з 25 мая па 5 чэрвеня, праходзіць спецыяльная акцыя ДАІ – «Увага – дзеці!». Як сведчыць трагедыя на вуліцы Казлова, патрабуецца максімум увагі на дарозе з боку ўсіх удзельнікаў дарожнага руху – вадзіцеляў, веласіпедыстаў, пешаходаў.

Пр

 

ПРАЙСЦІ СЕРТЫФІКАЦЫЮ І АТРЫМАЦЬ МАРКІРАВАЛЬНЫ ЗНАК

Сакратарыятам Міжнароднай Канвенцыі па абароне (каранціне) раслін ФАО прыняты Стандарт па фітасанітарных мерах № 15 «Інструкцыя па выкарыстанні упаковачнага матэрыялу з драўніны ў міжнародным гандлі» для папярэджання распаўсюджвання небяспечных шкодных арганізмаў (тачыльшчыкаў, капюшоннікаў, златак, вусачоў, даўганосікаў, караедаў, рагахвостаў, сасновай стваловай нематоды) з драўніннымі ўпаковачнымі матэрыяламі пры міжнародным абмене.

Згодна з вышэйпрыведзеным стандартам да драўнінных упаковачных матэрыялаў адносяцца вырабленыя з драўніны паддоны, крапежныя прыстасаванні і апорныя стойкі, падкладкі, каробкі, барабаны, скрыні, пракладкі, драўляныя латы для пагрузкі, барты для скрыневых паддонаў, стэлажы, якія выкарыстоўваюцца для замацавання, аховы або транспарціроўкі тавару. Драўнінныя ўпаковачныя матэрыялы пры экспарце павінны быць вызвалены ад кары, шкоднікаў драўніны і іх хадоў, а таксама зроблена іх абеззаражванне метадам тэрмаапрацоўкі або фумігацыі. Для пацвярджэння вышэйзробленага на драўнінныя ўпаковачныя матэрыялы павінен быць нанесены маркіравальны знак, распрацаваны нацыянальнай службай аховы (каранціну) раслін. Права на выкарыстанне маркіравання дае толькі нацыянальная служба па каранціне і ахове раслін арганізацыям або прадпрыемствам, якія прайшлі сертыфікацыю згодна з тэхнічнымі рэгламентамі, з прысваеннем індывідуальнага рэгістрацыйнага знака (штампа).

На тэрыторыі нашага раёна індывідуальны рэгістрацыйны знак маюць тры прадпрыемствы – ДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас», філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г.Стоўбцы, ААТ «Навасвержанскі лесазавод». Гэтыя прадпрыемствы могуць аказваць паслугі па абеззаражванні драўніннай упаковачнай тары з нанясеннем маркіравальнага знака іншым арганізацыям пры экспарце тавараў за межы рэспублікі. Калі ўпаковачны або крапежны матэрыял не прайшоў абеззаражвання, то ён павінен прайсці фітасанітарны догляд з афармленнем фітасанітарнага сертыфіката. Невыкананне згаданага стандарту падпадае пад адміністрацыйнае парушэнне з накладаннем штрафу праз суд. За 2016–2017 гады пры экспарце тавараў была вернута прадукцыя з пагранпераходаў сумежных дзяржаў чатыром прадпрыемствам нашага раёна, якія парушылі данае міжнароднае патрабаванне, з далейшым прымяненнем штрафных санкцый.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, вядучы аграном-дзяржінспектар па каранціне раслін



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *