Ініцыятыўны, сумленны

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Сельская гаспадарка

3105c

Дзмітрый Грышан працуе загадчыкам механічных рамонтных майстэрань і гаража ў ААТ «Шашкі». Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта выпускнік быў накіраваны на працу ў Лідскі раён Гродзенскай вобласці. Аднак неўзабаве пераразмеркаваўся на сваю малую радзіму. Родам Дзмітрый са Старыны.

– Пайшлі мне насустрач, бо і жонка адсюль, працуе настаўніцай пачатковых класаў у Аталезі, – сказаў Дзмітрый. – Нам падабаецца жыць у вёсцы.

Гаспадарцы, можна сказаць, пашанцавала з маладым спецыялістам. Дзмітрый Грышан спецыяліст ініцыятыўны, добрасумленна выконвае свае абавязкі, стараецца, каб тэхніка была надзейна адрамантавана і своечасова выходзіла ў поле. Механізатараў не хапае, і працаваць складана, аднак Дзмітрый не скардзіцца. Нярэдка сам бярэ ў рукі інструмент і дапамагае механізатару ў рамонце трактара.

– За кожным чалавекам замацавана па некалькі адзінак тэхнікі, – тлумачыць Дзмітрый. – Яна не новая, і людзі проста не паспяваюць яе хутка адрамантаваць. Мы з галоўным інжынерам гэта разумеем і пры неабходнасці круцім гайкі разам. Галоўнае – выпусціць тэхніку на лінію, каб работнік выканаў запланаванае. Аптымальныя тэрміны агратэхнікі нельга ўпускаць, бо толькі ў такім разе можна мець высокія ўраджаі. Ва ўніверсітэце атрымаў грунтоўныя веды, цяпер прымяняю іх на практыцы.

Інжынерам Дзмітрый стаў невыпадкова. Хлопцаў заўжды цягне да тэхнікі. Вось і Дзмітрый з дзяцінства марыў сесці за руль, бо разам з бацькам часта едзіў на аўтамашыне.

І калі юнак скончыў школу, то не вагаўся ў выбары прафесіі. Хацелася вучыцца далей, і ён зрабіў, як лічыць, правільны выбар. Задаволены, што працуе ў таварыстве, дзе яму ўсе знаёмыя і ён усіх ведае. Вось у гэтым плане яму якраз лягчэй прыходзіцца. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай маладога спецыяліста. За няпоўныя дзесяць месяцаў работы Дзмітрый Грышан паказаў сябе з самага лепшага боку. Пад яго апекай 32 трактары і 12 аўтамашын, не лічачы сельгаспрылад, восем збожжаўборачных камбайнаў і два кормаўборачныя.

Дзякуючы надзейна адрамантаванай тэхніцы з веснавымі палявымі работамі механізатары сёлета справіліся. Складаных праблем не ўзнікала.

– Галоўнае ў нашай рабоце – сачыць за тэхнікай, своечасова праводзіць тэхнічныя абслугоўванні, і тады ўсё будзе ў парадку, – дадае малады спецыяліст. – На гэта мы і людзей настройваем. Кожны разумее, што яго заробак залежыць ад таго, ці надзейна падрыхтавана да сезона даручаная яму тэхніка. Не будзе прастояў, тады і зарплата будзе адпаведнай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *