Сельскагаспадарчыя навіны

Нумары Сельская гаспадарка

3105b

Аператары машыннага даення ААТ «Рубяжэвічы» (злева направа) Алена Скорбеж, Ванда Бенідзіктовіч, Алена Круглік і Жанна Мальчэўская як прафесіяналы сваёй справы былі дэлегіраваны ад таварыства на шосты раённы злёт аператараў машыннага даення. Менавіта нястомнымі рукамі гэтых працавітых жанчын прымнажаюцца набыткі гаспадаркі. Алена Мікалаеўна адзінаццаць гадоў адпрацавала ў гаспадарцы. Душа калектыву і паважаны ў вёсцы чалавек. Звыш дваццаці гадоў рупіцца на ферме Ванда Іванаўна, шчырая жанчына і добрасумленная работніца. Сямнаццаць гадоў не здраджвае прафесіі Алена Феліксаўна. Яна са шматдзетнай сям’і патомных жывёлаводаў. Працуе на ферме і яе муж. Жанна Рыгораўна па выніках работы за мінулы год заняла другое месца сярод калег – спрацавала з прыбаўкай і надаіла ў сярэднім ад кожнай каровы 4671 кілаграм малака. Стаж яе работы ў таварыстве налічвае дванаццаць гадоў, у сельскай гаспадарцы працуе два дзесяцігоддзі.

 

ПА ПЫТАННЯХ БУДАЎНІЦТВА

На мінулым тыдні на базе трох раёнаў – Салігорскага, Слуцкага і Любанскага – праходзіў абласны семінар, на якім разглядаліся пытанні будаўніцтва «клюшачнікаў». Удзельнікаў семінара, старшыняў райвыканкамаў, іх першых намеснікаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў шчыра прымалі, расказвалі пра работу аграрыяў, дасягнутыя імі паказчыкі і суправаджалі па фермах гаспадары вышэйназваных раёнаў. Госці наведалі ў кожным раёне па дзве-тры гаспадаркі, у якіх вядзецца будаўніцтва новых жывёлагадоўчых памяшканняў. Уражанні атрымалі станоўчыя. Усе сышліся на думцы, што «клюшачнікі», каб палепшыць умовы ўтрымання жывёлы і атрымліваць больш прадукцыі фермаў, трэба ўзводзіць і надалей. Неабходна выконваць і пастаўленую задачу – павялічваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У нашым раёне сёлета плануецца пабудаваць шэсць новых памяшканняў – у ААТ «Вялікі Двор», «Дзераўное», «Агранёманскі», «Вішнявецкі-агра», «Жацерава» і ТАА «СЖК «Налібакі».

 

НА НАБЫЦЦЁ ТЭХНІКІ

Маладыя кіраўнікі чатырох сельгаспрадпрыемстваў раёна – ААТ «Вішнявецкі-агра», «Агранёманскі», «Дзераўное» і «Радзіма Дзяржынскага» – атрымалі з абласнога бюджэту матэрыяльную дапамогу на набыццё неабходнай тэхнікі. Гэтыя грошы паступова асвойваюцца. Машынна-трактарныя паркі папоўніліся тэхнікай для выканання важнай тэхналагічнай аперацыі – нарыхтоўкі кармоў. Агранёманцы набылі касілку КМР-9ВТ вытворчасці Лідааграмаш, а дзераўнянцы КПР-9, якія выпускае Гомсельмаш. Згаданыя сельгасмашыны высокапрадукцыйныя, сумяшчаюць некалькі аперацый за адзін праход і створаны для інтэнсіўнай эксплуатацыі на шырокіх прасторах. Вішняўчане купілі ўніверсальны пагрузчык «Амкадор-352-02». Тэхніка спецыяльна распрацавана для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы і прызначана для транспарціроўкі і трамбавання травяной масы пры закладцы ў траншэі сенажу і сіласу, а таксама для выканання шырокага спектра работ.

 

НАПЯРЭДАДНІ КАСАВІЦЫ ТРАЎ

Напярэдадні касавіцы ў раённым Цэнтры культуры для кіраўнікоў, галоўных спецыялістаў жывёлагадоўчай і раслінаводчай галін, а таксама механізатараў, якія задзейнічаны на ўборцы кармоў, прайшла вучоба на тэму: «Сучасныя тэхналогіі вытворчасці травяных кармоў». Заняткі былі арганізаваны Цэнтрам павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарча. Перад прысутнымі з лекцыяй выступіў кандыдат сельскагаспадарчых навук, загадчык аддзела кормавытворчасці, кармавых дабавак і біяпрадуктаў РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі» Аляксандр Зіновенка. Вучоны расказаў аб тэхналогіі нарыхтоўкі, захоўвання, выкарыстання і перавозкі травяных кармоў. Падкрэсліў, як важна нарыхтоўваць якасныя сянаж і сілас, правільна скормліваць іх жывёле. Згадаў аб перавазе вырошвання на сенажацях такіх багатых бялком і цукрам траў, як фестулоліум і райграс. Адказаў на пытанні прысутных.

У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Юрый Мікалаевіч дапоўніў лектара і завастрыў увагу на вырошчванні аднагадовых траў для кармлення жывёлы. У гэтым плане варты для пераймання вопыт ТАА «СЖК «Налібакі».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *