ТАВАРЫ ПРЫЕХАЛІ ДА СПАЖЫЎЦА
З адабрэннем і ўдзячнасцю была прынята стаўбчанамі і жыхарамі раёна выстава-продаж, якая ладзілася на працягу чатырох дзён на бягучым тыдні ў раённым Цэнтры культуры і на яго тэрыторыі.
Арганізатарам І Рэспубліканскай выставы-кірмаша выступіла Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Прадстаўнік яе Ігар Цыганкоў адзначыў, што сярод удзельнікаў выставы-продажу «Стаўбцоўскі кірмаш» не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца гандлёвай дзейнасцю, але і вытворцы прадукцыі. Жаночае адзенне сучасных дызайнерскіх распрацовак з натуральных тканін было прадстаўлена як швейнымі фабрыкамі, так і прыватнымі швейнымі цэхамі. Свежыя прыгожыя мадэлі для лета многіх зацікавілі, пакупнікі з радасцю зрабілі сабе абновы. І не трэба планаваць выхадны дзень, каб наведаць гандлёвыя цэнтры і рынкі – тавар, можна сказаць, прыехаў у наш горад сам.
Акрамя адзення наведвальнікам выставы былі прапанаваны галаўныя ўборы, біжутэрыя, зборы лекавых траў, прадукцыя з кедра і іншыя тавары.
Работа выставы ажывіла будні нашага горада і дала магчымасць многім зрабіць прыемныя пакупкі.
Святлана ЖЫБУЛЬ
ПРАЦЯГВАЮЦЦА РАМОНТЫ
Цэнтральная раённая бальніца працягвае актыўную практыку правядзення рэканструкцый і рамонтаў службовых памяшканняў гаспадарчым спосабам.
Праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы на бягучы год уключыла рамонтныя работы на трэцім паверсе паліклінікі, рамонт харчблока, прыёмнага аддзялення, тэрапеўтычнага корпуса і, пры наяўнасці сродкаў, – яшчэ і інфекцыйнага аддзялення.
Праграма бягучага года прадугледжвае таксама падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для эстакады будучага прыёмнага аддзялення.
ПРАПІСКА «МЯСНОГА ДВАРА»
У нашым раёне фірменная сетка Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната прадстаўлена дзевяццю магазінамі, прычым сем з іх маюць гарадскую і два – вясковую «прапіску» (у Наваколасаве і Старым Свержані).
Усе фірменныя магазіны паспяхова працуюць, чаму садзейнічае і тое, што яшчэ адзін з гарадскіх магазінаў – «Мясны двор» – не так даўно перайшоў на прынцып самаабслугоўвання. Гэта звязана з тым, што магазін пераехаў з вуліцы Гайдука на вуліцу Магістральную, у больш прасторнае арандаванае памяшканне. У ім прадстаўлены ўвесь асартымент прадукцыі, якую выпускае камбінат, а таксама прадуктовыя тавары іншых вытворцаў.
ЗАЦЮКУЮЦЬ І ПАПЕРУ
Інтарэс да збору другаснай сыравіны як прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, так і прадстаўнікамі малога бізнесу нарыхтоўчы аддзел райспажыўтаварыства праследжвае і па сваіх аб’ёмах нарыхтовак шклабою, поліэтылену і каляровага лому.
За кошт аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў набыты прэс для цюкавання макулатуры і поліэтылену. Гэта дазваляе захоўваць патрабаванні па складзіраванні сыравіны і своечасовай яе рэалізацыі на перапрацоўчыя заводы краіны.
З ВЯСНОЮ – НОВЫ ВЫГЛЯД
Вясна змяняе не толькі ўсё ў прыродзе, а, аказваецца, і аб’ектам нерухомасці надае сучасны рэспектабельны выгляд.
Падобныя пераўтварэнні можна было назіраць у цэнтры горада, на прыкладзе будынка раённага вузла паштовай сувязі. На працягу мая ён знаходзіўся ў рыштаваннях, на якіх працавалі работнікі падраднай арганізацыі з Мінска. Менавіта яна выйграла тэндар на правядзенне работ па атынкоўванні фасада з далейшай пафарбоўкай.
Будынак пошты – далёка няновы і, адпаведна, патрабаваў сучаснага падыходу. У свой час ён быў абкладзены пліткай, якую на цяперашні час можна смела аднесці да маральна састарэлага матэрыялу. Сучасныя будаўнікі аздабляюць фасад згодна з новымі тэхналогіямі. Упрыгожвае яго прыемны цёплы колер фарбы.
Пр