Вам абавязкова дапамогуць

Нумары Прамая лінія

Тэлефонныя званкі грамадзян г. Стоўбцы і Стаўбцоўскага раёна 27 мая прымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. За тры гадзіны на прамую тэлефонную лінію паступіла 18 тэлефанаванняў, у кожным званку было зададзена па 3-4 пытанні. З большай часткай пытанняў Юрый Мікалаевіч разабраўся ў ходзе прамой лініі, некаторыя былі перададзены спецыялістам для дэталёвага вывучэння і вырашэння праблемы.

Некалькі званкоў паступіла ад жыхароў г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, дд. 86, 117-а, 119. Яны скардзіліся, што ў дамах адсутнічае газавае забеспячэнне.

Юрый Мікалаевіч растлумачыў, што пасля аварыйнай сітуацыі, якая адбылася ў доме № 117 па вул. Сацыялістычнай, іх дамы адключаны ад газазабеспячэння, таму што там працуюць газавая і камунальная службы. Зараз праходзіць працэдура закупак палімернага рукава для дымаходаў. У дамах дрэнны прыток паветра (цяга). Неабходна закупляць спецыяльныя клапаны. Яны будуць набывацца за кошт грамадзян, а затым ЖКГ іх установіць. Таму патрэбна трохі пацярпець, але зрабіць усё неабходна належным чынам.

Жыхары вул. А. Кашавога г. Стоўбцы і вул. Зялёнай в. Стары Свержань скардзіліся на адсутнасць вады.

Старшыня райвыканкама ў той жа час адправіў брыгады ЖКГ на месцы аварый, а жыхару вул. Цэнтральнай в. Дзенісы, які таксама закрануў пытанне водазабеспячэння (не працуе калонка), параіў падумаць аб падводзе водаправода да свайго дома.

Ю. Барысевіч з в. Ініца скардзіўся на дрэнную работу Аўтапарка № 17: не ходзяць аўтобусы, збоі ў раскладзе руху аўтобусаў, на аўтастанцыі пасажыраў не папярэджваюць аб зменах у раскладзе.

У тым жа тэлефонным званку былі нараканні і на работу хлебазавода райспажыўтаварыства. Аўталаўка дастаўляе хлеб падгарэлы ці ацеслівы. Асартымент тавару ў аўталаўках невялікі. Турбуе Ю. Барысевіча і стан дарог на Ініцу.

Усе пытанні данага тэлефоннага паведамлення ўзяты на кантроль і адпраўлены адпаведным службам на рэагаванне.

Жыхары в. Слабодка (Старасвержанскі сельсавет) звярнуліся з просьбай аб арганізацыі аўтобуснага руху да гарадской паліклінікі. Жыхары вёскі амаль усе пажылыя людзі, і ім цяжка дабірацца ад вакзала да ЦРБ. Юрый Мікалевіч паабяцаў, што маршрутны аўтобус абавязкова будзе пад’язджаць да ЦРБ.

На прамую тэлефонную лінію паступілі і званкі наконт добраўпарадкавання дарог: аб’язной дарогі Стоўбцы – Дразды (брукаванка), дарог у г. Стоўбцы каля дзіцячага сада № 7, у в. Старына (вуліцы Лугавая і Школьная). А жыхарка мікрараёна Паўночны прасіла адкрыць (зняць блокі) пешаходную дарожку на Аграмашзапчастку.

Жыхары мікрараёна Акінчыцы таксама прасілі дапамогі старшыні райвыканкама ў навядзенні парадку каля філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа: пракласці штучную няроўнасць на дарозе, каб захоўваўся хуткасны рэжым транспарту; спілаваць непатрэбны сук на дрэве; зрабіць туалет для наведвальнікаў музея і г. д.

Жыхар в. Старына К. Дудак звярнуўся і з праблемамі ўласнага характару, і з пытаннямі, якія хвалююць усіх жыхароў вёскі: адкрыццё ФАПа, заезд аўтобусаў у абедзенны перапынак у іх вёску, вулічнае асвятленне і г. д.

Жыхар в. Раёўшчына хваляваўся за стан навакольнага асяроддзя, бо кароў на пашу гоняць праз дамбу. Юрый Мікалевіч растлумачыў, што жывёлапрагон ужо зрабілі і праз дамбу каровы не пойдуць. Пытанне вырашана.

Жыхароў вв. Кондратавічы, Задвор’е цікавілі пытанні працаўладкавання і аплаты камунальных паслуг.

Жыхарка Новага Свержаня (вул. Нясвіжская) звярнулася да кіраўніка раёна з набалелым для яе сям’і пытаннем: транспартны сродак ужо другі раз «заехаў» у іх дом. Дом размешчаны на павароце, машыны не выконваюць хуткасны рэжым.

Юрый Мікалаевіч паабяцаў камісійна, з яго ўдзелам, выехаць на месца здарэння і вызначыцца, што патрэбна зрабіць, каб бяда больш не паўтаралася.

Юрый Горлаў даў тлумачэнні па кожным пытанні, якія паступілі на прамую лінію. Былі пытанні, якія вырашаліся адразу ж, некаторыя патрабавалі дэталёвага разгляду. Усе яны ўзяты на кантроль. Дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадзян, у тым ліку і на такіх прамых лініях, наш край становіцца лепшым, прыгажэйшым, а ўлада яшчэ больш углядваецца ў праблемы і патрэбы насельніцтва, улічвае думку кожнага жыхара раёна і ўсе сігналы абавязкова бярэ на кантроль.

Напамінаем жыхарам Стаўбцоўшчыны, што прамыя тэлефонныя лініі з кіраўніцтвам раёна праводзяцца кожную суботу.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *