Наводзіць парадак сумеснымі намаганнямі

Добраўпарадкаванне Нумары Соцыум

0305b

У мінулую пятніцу кіраўніцтва раёна, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў і старшыні сельвыканкамаў здзейснілі аб’езд вытворчых аб’ектаў СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ААТ «Шашкі», а таксама сельскіх населеных пунктаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Шашкоўскага сельскага Савета, па пытаннях іх добраўпарадкавання.

Падчас аб’езду старшыня сельвыканкама Святлана Якаўлева знаёміла яго ўдзельнікаў з кожнай вёскай. Інфармавала аб работе па навядзенні парадку. У прыватнасці, зносяцца трухлявыя дамы, якія прызнаны судом нічыйнымі. Вызваленыя ўчасткі прадаюцца грамадзянам пад будаўніцтва (у тым ліку і з аўкцыёну) або для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. Адшукваюцца спадчыннікі пустуючых сядзіб. У вёсках робіцца падворны абход, вядзецца размова аб тым, каб карэнныя жыхары і дачнікі пастаянна падтрымлівалі парадак ля сваіх сядзіб і ў грамадскіх месцах. Пераважная большасць людзей з разуменнем ставіцца да гэтага патрабавання. Для тых, хто яго не выконвае, існуе такі сродак, як пратакол. Як крайняя мера – пазбаўленне прысядзібных участкаў, якія не даглядаюцца, і ўцягванне іх у севазварот сельгаспрадпрыемстваў. Аказваюць дапамогу ў барацьбе з пустазеллем і мясцовыя лясніцтвы. Спілоўваюцца вялікія небяспечныя і старыя дрэвы. Насельніцтва ўкладвае ў гэтую справу і ўласныя сродкі. Як, напрыклад, у Найдзёнавічах. Людзі гэтай вёскі самі паставілі плот на могілках і даглядаюць месца пахавання продкаў. Набылі дзеля гэтага бензакасу. Дрэвы спілавалі за свае грошы. У Апечках жа дагэтуль не ўбрана будаўнічае смецце даўно знесенага дома. Не пафарбаваны бетонныя платы, якімі агароджаны могілкі ў Шашках, Дудках і Гуменаўшчыне.

З вытворчых аб’ектаў у ліку першых наведалі МТФ «Апечкі». Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, з кожным годам выгляд фермы становіцца ўсё лепшым. Летась пад’язную дарогу асфальтавалі. Жыхары дамоў, якія стаяць на павароце, замянілі стары драўляны плот на сетку. Прыемна паглядзець. Толькі вось сама ферма дагэтуль поўнасцю не агароджана, што стварае ўмовы для пранікнення на ферму бадзяжнай жывёлы, а значыць і заносу небяспечных хвароб. Адсутнічае і дэзынфекцыйны бар’ер. Няма іх на многіх фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна. Гэта тычыцца і ААТ «Шашкі», дзе таксама патрэбна замяніць агароджу і т. п. Вышэйназваныя і іншыя хібы былі выяўлены ў згаданых гаспадарках дзяржаўнымі ветэрынарнымі інспектарамі рэгіянальных інспекцый ветэрынарнага нагляду ў ходзе маніторынгу. Дарэчы, інфармацыя для іх разгляду, прыняцця мер па ўхіленні даведзена да ведама старшыні райвыканкама. Вінаватыя за парушэнні ветэрынарных патрабаванняў Рэспублікі Беларусь і Еўразійскага эканамічнага саюза будуць прыцягнуты да адказнасці.

Дырэктару райаграсэрвіса Сяргею Мельніку і кіраўніку філіяла Ігару Макаўчыку былі выказаны і наступныя крытычныя заўвагі. На гэтай ферме летась было ўведзена ў строй новае жывёлагадоўчае памяшканне, але дагэтуль ні звонку, ні ўнутры не пабелена. Будуецца новы «клюшачнік» , аднак падчас яго ўзвядзення дапушчаны пэўныя пралікі, што пацягне за сабою дадатковыя матэрыяльныя ўкладанні. Як станоўчае ў навядзенні парадку адзначана падсыпка тэрыторыі фермы шчэбнем з адходаў будаўнічых матэрыялаў. Падкрэслівалася, што зрабіць так варта і іншым кіраўнікам. Падсыпаецца асфальтавай крошкай і тэрыторыя мехдвара.  

Няблага выглядае аграгарадок Шашкі. Нямала робіцца тут у плане навядзення парадку. Засеяна тэрыторыя ля царквы. У планах паставіць новы плот перад двухпавярхоўкамі торфабрыкетчыкаў, дапамогу акажа кіраўніцтва завода.

Мехдвор сельгаставарыства агароджаны, на тэрыторыі пакладзены асфальт і падтрымліваецца парадак. Добраўпарадкуецца ферма «Шашкі», тут будзе праведзена рэканструкцыя. Будуецца новы прафілакторый для цялят. У перспектыве набыццё і ўстаноўка даільнай залы. Дырэктар Валерый Мормыш ушчыльную заняўся культурай земляробства. Перазалужаюцца пашы. Участкі, якія раней не выкарыстоўваліся, засяваюцца.

Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень, работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і вытворчых аб’ектаў вядзецца, але пакуль што не ў поўнай меры. Яе трэба рабіць, а не спасылацца на недахоп тэхнікі. Даручэнні, якія даюцца старшыням сельвыканкамаў і кіраўнікам гаспадарак, часта не выконваюцца па прычыне адсутнасці выканальніцкай дысцыпліны. Крытыка, якая прагучала ў адрас кіраўніцтва ДЭУ-62 за нясвоечасовае падкошванне травы ўздоўж дарогі за вёскай Заямнае, справядлівая. Патрабуе ямачнага рамонту дарога на Трылес. І работу гэтую дарожнікам трэба выканаць у самыя сціслыя тэрміны.

Старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі ўпэўнены, што для навядзення адмысловага парадку неабходна, каб мясцовая ўлада і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў цесна супрацоўнічалі ў даным накірунку, толькі ў такім разе можна дабіцца станоўчага выніку. Трэба вырашаць пытанні добраўпарадкавання і ўскрайкаў вёсак.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *