«Нёман», «Сула», «Ячонка» – прыярытэтныя аб’екты

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

0305c

Другі год, як у раёне прайшла рэарганізацыя прадпрыемства меліярацыйных сістэм, і меліяратары, аб’яднаныя ў адну арганізацыю – ААТ «АБФ ПМК-74 –Налібакі», працуюць згодна з дзяржаўнай праграмай «Развіццё аграрнага бізнесу Беларусі на 2016-2020 гады», яе падпраграмай «Захаванне і выкарыстанне меліяраваных зямель». Больш таго, у 2016 годзе аблвыканкамам былі вызначаны пяць прыярытэтных у плане меліярацыі раёнаў Міншчыны. У іх ліку – і Стаўбцоўскі раён, на тэрыторыі якога ў бягучым годзе запланаваны работы на васьмі аб’ектах.

Меліяратары ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі» размеркавалі свае сілы на тры буйныя аб’екты – рэканструкцыю меліярацыйных сістэм «Сула» (участак 2) у ААТ «Рочавічы», «Нёман» (участак 2) на прыватным прадпрыемстве «Профі-Аграцэнтр» і «Ячонка» ў ААТ «Каганец», на астатнія пяць аб’ектаў падключаны іх калегі з Дзяржынскага, Клецкага, Любанскага і Нясвіжскага раёнаў. Фінансаванне работ ажыццяўляецца з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Згодна з пратаколам даручэнняў 2016 года, кошт работ на адным гектары павінен складаць не больш за 1300 рублёў. У мінулым годзе ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 733 гектары меліяраваных зямель, у тым ліку сіламі ПМК – 329 гектараў, пры кошце аднаго гектара ў сярэднім 980 рублёў.      

Варта падкрэсліць, што правядзенне меліярацыйных работ уключае ў сябе ў тым ліку і комплекс культуртэхнічных мерапрыемстваў па арашэнні земляў сельскагаспадарчага прызначэння, што актуальна пры дэфіцыце вільгаці, а таксама ў сувязі з пастаўленымі задачамі па ўмацаванні кармавой базы ў гаспадарках.  

На пачатку рабочага дня ў суправаджэнні дырэктара аграбудфірмы Івана Лобача мы кіруемся на адзін з аб’ектаў, які раскінуўся на 189-ці гектарах акурат за гарадскім мікрараёнам Акінчыцы. Менавіта на ім сканцэнтраваны асноўныя сілы раённых меліяратараў. Работы вядуцца згодна з графікам, без адставання. І надвор’е спрыяе намаганням меліяратараў.

– У сакавіку, калі «высадзіліся» нашы работнікі, тут стаяў лес і было не праехаць з-за забалочанасці мясцовасці. Сёння можна і ў туфлях прайсці, – заўважае пра перамены Іван Лобач, калі мы адносна свабодна «манеўрыруем» між раскарчовак і створаных меліярацыйных каналаў, каб даехаць да працаўнікоў у полі. Пра перспектыву адзначае наступнае: – Парадку 800 м3 дроў рэалізавалі жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Праца ў нашых работнікаў нялёгкая, сярод пылу, бруду… Хочацца, каб тэхніка ў іх была надзейная. Патрабуе абнаўлення тэхнічны парк прадпрыемства.

У эксплуатацыі меліяратараў раёна – 10 экскаватараў, у тым ліку 8 – на гусенічным хаду, пяць бульдозераў, тры пагрузчыкі, два грэйдары, адзін з іх – самаходны, 23 колавыя трактары, у тым ліку пяць касілак на базе трактароў. На экскаватары айчыннай вытворчасці, які быў набыты ў 2013 годзе, працуе і Юрый Качановіч, адзін з самых вопытных (з 35-гадовым стажам) меліяратараў раёна. На сваёй тэхніцы ён старанна, дзень за днём, «прарываецца» да Нёмана. Работа карпатлівая, уключаючы і суботы, да пазна. І такі напружаны графік – фактычна з красавіка па кастрычнік.

Невыпадкова, што дырэктар аграбудфірмы ў першую чаргу называе прозвішчы тых, хто прысвяціў сябе прафесіі меліяратара. Гэта машыніст экскаватара Сяргей Ахрамейка, вадзіцель аўтамабіля Мікалай Касцюкевіч (абодва атрымалі не так даўно ўзнагароды ад райвыканкама), машыніст бульдозера Крыстап Скрасціньш, вадзіцель аўтакрана Анатоль Гарохавік, вадзіцелі аўтамабіляў Віктар Гарохавік, Казімір Шумчык, Мечыслаў Сухта, Віктар Ліпніцкі, механізатары Дзмітрый Чэмка, Аляксандр Дошчачка, Андрэй Клешч, Міхаіл Рослік, Вячаслаў Калодзінскі. На пагрузчыках працуюць Сігізмунд Маслоўскі і Юрый Ключнік. Дастаўляюць рабочых на аб’екты Іван Чэмка і Браніслаў Сянько. У агульным выніку ёсць заслуга службы галоўнага інжынера на чале з Сяргеем Жуком, прараба Генадзя Гарохавіка, майстроў Віталя Малыша, Аляксандра Даўгапола, Генадзя Навіцкага, Дзмітрыя Лыскойця. Старанна працуе служба механізацыі на чале з намеснікам дырэктара Станіславам Ваньковічам. Заўсёды гатовы выехаць у выпадку паломкі тэхнікі загадчык майстэрняў Мікалай Малышчыцкі разам са зваршчыкамі Юрыем Калошычам і Сяргеем Шыборыным, слесарам Уладзімірам Якаўчыкам.

На аб’екце мы знаёмімся з прарабам Генадзем Гарохавікам. Дасведчаны спецыяліст, старажыл, які працягвае працаваць і пасля выхаду на пенсію. Пра яго працоўны стаж красамоўна скажа не лічба, а факт: калісьці ён пачынаў разам з М. В. Сахарам, а пад кіраўніцтвам гэтага заслужанага дырэктара ПМК-74 узводзіўся ў Дзераўной пасёлак меліяратараў, будавалася меліярацыйная сетка раёна і нават участак цяперашняй аўтадарогі М1. Падчас дырэктарства М. В. Сахара ў ПМК працавала паўтысячы і больш чалавек, арганізацыя, як бачна, займалася не толькі меліярацыяй, а і будаўніцтвам дарог, жылля.

Генадзь Гарохавік у свой час па накіраванні ПМК закончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум і вярнуўся ў свой калектыў. За вялікае працоўнае жыццё шмат было ў яго розных аб’ектаў. У мінулым годзе, напрыклад, пад кіраўніцтвам прараба Гарохавіка была пабудавана лясная дарога працягласцю 10 км паміж Налібацкім і Кляцішчанскім лясніцтвамі для Стаўбцоўскага лясгаса. Цяпер поўным ходам вядуцца работы на аб’екце – рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы «Нёман».        

– Здача яго ў эксплуатацыю запланавана на верасень, але мы ажыццявім гэта на месяц раней, – запэўнівае Генадзь Гарохавік, натхнёны актыўнасцю маладога дырэктара Івана Лобача. Такім чынам, 189 гектараў меліяраваных зямель стануць дадатковымі плошчамі для перазалужэння і вырошчвання траў прадпрыемствам «Профі-Аграцэнтр».

А пакуль над добраўпарадкаваннем наваствораных меліярацыйных каналаў, якія ўжо аблюбавалі бабры, апякуецца машыніст экскаватара Іосіф Чарняўскі. Займаецца планіроўкай адкосаў, ачысткай труб. У ПМК, дарэчы, працуе ўсё жыццё і яго старэйшы брат Віктар. Менавіта Віктар і навучыў гэтай прафесіі. Вядзе раскарчоўку пнёў і кустоў вопытны машыніст бульдозера Міхаіл Агейка. Яго тэхніка выкарыстоўваецца ўжо тры дзясяткі гадоў, але дзякуючы майстравітасці Міхаіла Раманавіча працягвае служыць. З настроем прыступае да адвозкі карчоў з поля малады механізатар Віктар Копач. У Віктара гэта першы працоўны год пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Увіхаюцца на пасеве траў на адкосах каналаў рабочыя Анатоль Цярэня, Іван Гасюк, Вацлаў Копач, Сяргей Азарка.

Рабочы дзень меліяратараў набірае тэмп. Адкрываецца ад краю да краю поле, і здалёк відаць, як на свежую гладзь меліярацыйных каналаў прыляцелі паплаваць качкі.

НА ЗДЫМКАХ: у полі з машыністам экскаватара Іосіфам Чарняўскім гутарыць дырэктар Іван Лобач;першы год у ПМК механізатар Віктар Копач; машыніст бульдозера Міхаіл Агейка не дае сваёй тэхніцы прастойваць; прараб Генадзь Гарохавік – з ліку старажылаў, якія працягваюць працаваць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *