Наша моладзь

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

0305e

«НЁМАН» САБРАЎ СЯБРОЎ

Ужо другі год запар аздараўленчы дзіцячы лагер «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама збірае ўдзельнікаў абласнога форуму дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. Сонечнае надвор’е, пазітыўны настрой, маляўнічае наваколле, выдатная арганізацыя мерапрыемства з насычанай праграмай – усё гэта стварыла прыгожае свята, дзе было цікава і вучням, і дарослым.

На Стаўбцоўшчыну прыбылі больш за 300 удзельнікаў з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Яны прыехалі са сваімі праектамі, напрацоўкамі. Прыемна было назіраць за элітай вучнёўскай моладзі і радавацца: вось яно, будучае нашай краіны.

–             На 14-ы Абласны маладзёжны форум, – расказвае намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Апраніч, – сабраліся лідары дзіцячага і маладзёжнага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў і школьных бізнес-кампаній, валанцёрскага руху і маладзёжных парламентаў, выдатнікі вучобы і пераможцы алімпіяд, інтэлектуальных, мастацкіх, спартыўных фестываляў і конкурсаў, аўтары цікавых ідэй і праектаў – вучні 9-11 класаў. Настрой, які пануе ў гэтым прыгожым маляўнічым месцы на тэрыторыі аздараўленчага лагера, гаворыць сам за сябе. Маштабнае абласное мерапрыемства праходзіць пад дэвізам «Нёман» збірае сяброў». Фармат форуму дазваляе згуртаваць лепшыя ідэі, праекты па ваенна-патрыятычным і грамадзянскім выхаванні, энергазберажэнні, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці і т. п. Усё гэта дапаможа вызначыць перадавыя пазіцыі развіцця сферы адукацыі Мінскай вобласці, форум дасць імпульс на далейшы актыўны маладзёжны рух.

Тэрыторыя лагера «Нёман» ператварылася ў вялікую інтэрактыўную пляцоўку з назвай «Крэатыўная прастора маладых». Можна было стаць удзельнікамі майстар-класаў і творчых майстэрняў. Школьныя бізнес-кампаніі прапаноўвалі свае тавары і паслугі, дзяліліся вопытам прадпрымальніцкай дзейнасці. Свае таленты, майстэрства можна было паказаць у флэшмобах і гульнявых праграмах.

Выдатныя прэзентацыі падрыхтавалі і ўстановы адукацыі нашага раёна. Узорны ансамбль мажарэтак «Феерыя» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў сваім яркім выступленнем «Мая Беларусь» адкрыў работу форуму. Вішнявецкая СШ прадставіла дзейнасць школьнага тэлебачання «Лістапад» і правяла інтэрв’ю з удзельнікамі мерапрыемства для выпуску тэлеперадачы «Форум-2017». Заямнаўская СШ на пляцоўцы «Моладзь і будучае» арганізавала навучанне элементам флэшмоба «Мы і здаровы лад жыцця». Мікалаеўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа арганізаваў тэатральную гасціную з чытаннем вершаў Якуба Коласа, правядзеннем віктарын на веданне творчай біяграфіі паэта. Гімназія № 1 г. Стоўбцы прымяніла аквагрым для аповеду аб сімвалах Беларусі, правяла гістарычны экскурс з балем у Слушак. Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа на пляцоўцы бяспекі арганізаваў паказ адзення са святлоадбівальнымі элементамі, а таксама выставу спецсродкаў з яркім выступленнем агітбрыгады. Сярэдняя школа № 3 прадставіла паказальнае выступленне ваенна-патрыятычнага клуба «Абаронца Айчыны», а таксама правяла камандную гульню на выкананне спартыўных практыкаванняў. Навасвержанская СШ арганізавала спартыўныя спаборніцтвы. Сярэдняя школа № 2 правяла квест-гульню «Салодкае дрэва» і настольную гульню «Профі». Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі запрасіў на квест-гульню па станцыях. Праграма форуму была вельмі насычанай і яркай. З канцэртнымі нумарамі выступілі Анастасія Крывель з ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа», узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка».

Завяршаючым этапам мерапрыемства стаў адкрыты дыялог-дыскусія з прадстаўнікамі ўлад, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый. Месца ў імправізаваным парламенце пад адкрытым небам занялі старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў і яго намеснік Сяргей Шэсцель, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч, дырэктар Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Віктар Хацееў, старшыня Мінскага абласнога прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім.

Маладзёжныя парламентарыі падрыхтавалі для прадстаўнікоў улад і іншых удзельнікаў адкрытага дыялогу самыя розныя пытанні. Адказы на іх паступалі ў вельмі даверлівай форме, часам у жартоўнай, што вельмі згуртавала прадстаўнікоў розных пакаленняў. Старшакласнікі, якія знаходзяцца ў пошуку сваёй будучай прафесіі, з цікавасцю ўспрынялі інфармацыю аб запатрабаваных на рынку працы прафесіях, што дапаможа ім вызначыць прафесіянальныя арыенціры. Да іх была даведзена інфармацыя па асновах працоўнага заканадаўства для непаўналетніх. Дыяпазон тэматыкі пытанняў сведчыў аб тым, што перадавая частка вучнёўскай моладзі нашай краіны – адукаваныя, паспяховыя, нераўнадушныя, з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, сімпатычныя ініцыятыўныя маладыя людзі. З увагай і павагай да іх прадстаўнікі ўлад, дэпутацкага корпусу, грамадскіх арганізацый адказалі на ўсе пытанні.

ХІV маладзёжны форум завяршыў сваю работу з чаканнем новай сустрэчы ў наступным годзе.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ДЫЯЛОГ ПАКАЛЕННЯЎ

Рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі», які стартаваў у 2015 годзе, а менавіта на з’ездзе БРСМ, удзел у якім браў і Прэзідэнт краіны, знаходзіць сярод моладзі Стаўбцоўшчыны ўсё большую цікавасць і падтрымку.

– У рамках названага праекта запланаваны на 2017 год шэраг розных мерапрыемстваў, – расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – У Дзень Перамогі валанцёры раздавалі ветэранам вайны і працы, грамадскасці бутаньеркі з сімвалічным яблыневым цветам. Раней былі арганізаваны наведванні ветэранаў і віншаванне іх са святам. На актуальныя тэмы прайшлі адкрыты дыялог з моладдзю, творчыя конкурсы.      

Прапанавана адна з новых формаў работы – «бітва» маладзёжных дзіджэяў. Гэта абласное мерапрыемства, у якім стаўбчане будуць прымаць удзел і спадзяюцца атрымаць перамогу.

 

БОЛЬШ ЗА 70 ЗАЯВАК

Першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская прыняла ўдзел у выязным бюро абласнога камітэта БРСМ, на якім абмяркоўваліся і пытанні арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.

Як вядома, пры раённым выканаўчым камітэце створаны штаб па каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, які ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, а таксама пры раённым камітэце БРСМ працуе рабочы штаб з удзелам зацікаўленых службаў. Ад моладзі раёна ўжо паступіла больш за 70 заявак на летняе працаўладкаванне.

– Пераважная большасць жадаючых – гэта школьнікі, – адзначае Анастасія Калодзінская. – Вядзём перамовы з прадпрыемствамі, адшукваем варыянты для другаснай занятасці.

На выязным бюро стаўбчанамі была прэзентавана «пярвічка» сельскай працоўнай моладзі. Цікавую выстаўку дапамог зладзіць Яблынаўскі цэнтр народнай творчасці на чале з Марынай Халецкай. Адзін з экспанатаў, вырабленых яе рукамі, быў выбраны ў якасці сувеніра Цэнтральнаму камітэту БРСМ.

Выязное бюро, а яно праходзіла ў Барысаве, дало магчымасць бліжэй пазнаёміцца з тым, чым жыве моладзь Барысаўскага завода медпрэпаратаў, а таксама на некаторы час стаць футбольным балельшчыкам. Матч ладзіўся паміж камандамі Цэнтральнага камітэта БРСМ і актыву Мінскай вобласці. Перамаглі маладзёжныя актывісты.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *