Частуйцеся, калі ласка!

Нумары Соцыум

0705d

Аднойчы ў кампаніі сяброў давялося паспытаць дамашні сыр. Не ўсе малочныя прадукты прыходзяцца даспадобы, бо на смак і колер, як гаворыцца, таварышаў няма. Аднак сыр вельмі спадабаўся, захацелася ўзяць яшчэ кавалачак. Пры гэтым яго смакавыя якасці ацанілі ўсе. Рэзонна ўзнікла пытанне: хто зрабіў гэты смачны прадукт? З купленага ў магазіне малака наўрад ці такі атрымаецца. І сапраўды, малачко надоена ад сваёй кароўкі. З яго і робіць натуральныя сыр, тварог, смятану, сметанковае масла гаспадыня Марыя Янкоўская. Для сваёй сям’і, для дзяцей, унукаў. Перападае і знаёмым.

У Вялікай Гуменаўшчыне, а менавіта ў гэтым населеным пункце жыве гераіня нашага аповеду, засталося нямнога карэнных жыхароў. Тых, хто тут нарадзіўся і дажывае свой век, па пальцах пералічыш. Янкоўскія пераехалі ў бацькоўскі дом пасля сарака гадоў жыцця ў райцэнтры. Маладымі падаліся з вёскі ў горад, а на старасць Марыя Іванаўна і Антон Адольфавіч вырашылі вярнуцца ў знаёмыя з дзяцінства родныя мясціны. Цяга да зямлі сядзіць у кожным чалавеку пастаянна. Многія пакаленні нашых продкаў з любоўю працавалі на ёй, а з узростам гэтае імкненне павялічваецца.

– Выйшлі на пенсію і крышку засумавалі, пацягнула на бацькаўшчыну, – расказвае гаспадыня. – Хата была дыхтоўная, зрабілі ў ёй рамонт. Правялі прыродны газ і водаправод, так што ў доме цяпер усе выгоды. Каб не сядзець без занятку, завялі дамашнюю гаспадарку – карову, курэй, свіней. Да работы мы звыклыя, выраслі ў вёсцы. Ды і дзеці дапамагаюць. Дочкі і зяці харошыя, паважліва ставяцца да нас.

Марыя Іванаўна дадае, што карова ў яе малочная. Пасля ацёлу да 32 літраў малака за суткі ад яе надойвае. А рэцэпт сыру, які навучылася рабіць, звычайны, хуткі і даволі просты. Падзяліліся ім аднавяскоўцы. Бярэцца шэсць літраў малака і даводзіцца да кіпення. Затым дабаўляецца крышку солі, цукру і 80 грамаў воцату. Як толькі малако сквасіцца, яно выліваецца ў клінок, каб злілася сыроватка. Затым маса прыціскаецца гнётам і ставіцца ў халоднае месца. І сапраўды, нічога складанага. Толькі чамусьці сыр не ва ўсіх гаспадынь атрымліваецца такі смачны, як у Марыі Янкоўскай. Па ўсім відаць, робіць яна яго з любоўю, укладваючы ў гэтую справу сваю душу. І ў рагулі малачко смачненькае.

– Частуйцеся, калі ласка, – запрашае гаспадыня. – Сыр з дамашняга малака, тварог і смятана – карысныя прадукты. Такія ў магазіне не купіш.

І сапраўды яны проста растаюць у роце. Як сведчаць гісторыкі, яшчэ ў Старажытнай Грэцыі ведалі, як прыгатаваць сыр з малака, і з задавальненнем яго спажывалі. Малочныя прадукты і сёння карыстаюцца вялікім попытам. Асабліва натуральныя. Толькі вось кароў у вёсках штогод меншае. Зараз у Вялікай Гуменаўшчыне трымаюць рагуляў толькі тры гаспадары. І пасвіцца навязваюць за хатамі. Хоць яшчэ не так даўно каровы стаялі практычна ў кожным двары. І статак людзі пасвілі па чарзе. Цяпер у вёсцы жывуць пераважна дачнікі. У асноўным яны займаюцца агародамі.

Марыі Іванаўне ўхаджацца па хатняй гаспадарцы дапамагае муж. Хапае ім работы і на прысядзібным участку. Змяніўшы гарадское жыццё на вясковы размераны быт, цішыню і спакой, людзі набылі як бы другое дыханне.

– Бульбу, буракі кармавыя, гарбузы садзім, патроху іншай гародніны, – гавораць Янкоўскія. – Летам работы дастаткова. Аднак паспяваем усё зрабіць, тупаем паціху. На работу ж хадзіць не трэба. А вось зімою крышку сумнавата. Суседзі-дачнікі раз’язджаюцца.

Дарэчы, гаспадыня ўмее ўсё рабіць: пірагі пячэ, розныя стравы прыгатуе і стол святочны адмыслова накрые. Стварае і ў двары прыгажосць: садзіць кветкі. І гаспадар ёй да пары – працавіты, самавіты.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *