Спаборніцтвы, конкурсы

Нумары Раённыя навіны

1005g

СПАБОРНІЧАЛІ САНДРУЖЫНЫ

У лясным урочышчы Караліна прайшлі штогадовыя раённыя спаборніцтвы санітарных дружын, падчас якіх было вызначана, на якім прадпрыемстве раёна санітарныя фарміраванні грамадзянскай абароны найбольш падрыхтаваныя да дзеянняў ва ўмовах надзвычайных сітуацый рознага характару.

Удзел у спаборніцтвах узялі 12 камандаў, экіпіраваныя неабходным табельным аснашчэннем. Яны прайшлі пяць этапаў, сярод якіх – работа ў ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, інфекцыйнага захворвання. Для гэтага прымяняліся сродкі аховы – рэспіратары або трохслойныя ватна-марлевыя павязкі, процівагазы і інш. Сандружыннікам неабходна было паказаць сваё ўменне пры накладанні кроваспыняльнага жгута, карыстанні шпрыц-цюбікам, прыгатаванні раствораў для дэзынфекцыі аб’ектаў. Яны аказвалі паражоным асобам першую медыцынскую дапамогу, дастаўлялі іх да месца пагрузкі на транспарт і т. п. Быў прадугледжаны і тэарэтычны конкурс.

Судзейскую камісію, а таксама інструктыўныя заняткі з работнікамі прадпрыемстваў, якія адказваюць за падрыхтоўку санітарных фарміраванняў, забяспечыла цэнтральная раённая бальніца. Да абсталявання пляцовак для работы санітарных дружын на этапах спаборніцтваў падключыліся таксама раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.  

На агульным пастраенні санітарных дружын былі агучаны вынікі, адбылося ўзнагароджанне камандаў. Першае месца заваявала сандружына Стаўбцоўскіх электрычных сетак, камандзіру якой начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын уручыў пераходны кубак і грамату РАНС. Другое месца ў сандружыны ВУ «Стоўбцыгаз», трэцяе – Стаўбцоўскага лясгаса. Для камандаў-пераможцаў прадугледжаны і грашовыя прэміі ў памеры дзесяці, васьмі і шасці базавых велічынь адпаведна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *